Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Бразгу́ль ’дзеравяны гаплік’ (Сцяшк. МГ). Мабыць, таго ж паходжання (літ.), што і брызгуль, брэзгуль (гл.).

Брак1 ’нястача’ (Сцяшк. МГ, БРС, Яруш., Сцяшк., Шат.). Укр. брак ’тс’. Запазычанне з польск. brak ’тс’ (а гэта з с.-н.-ням. brak ’тс’); гл. Бернекер, 80; Брукнер, 38; Фасмер, 1, 206; Слаўскі, 1, 41; Рудніцкі, 191; Шалудзька, Нім., 22. Таксама бел. бракава́ць ’не хапаць’, укр. бракува́ти < польск. brakować; Рыхардт, Poln., 36; Кюнэ, Poln., 46. Параўн. яшчэ Булыка, Запазыч., 48.

Брак2 ’дэфект’, бракава́ць. Рус. брак, бракова́ть, укр. брак, бракува́ти. Праз польск. brak, brakować з с.-н.-ням. brak ’дэфект, недахоп’ (параўн. ням. brechen ламаць’). Бернекер, 80; Фасмер, 1, 206; Рудніцкі, 191; Рыхардт, Poln., 36; Кюнэ, Poln., 46; Брукнер, 38; Слаўскі, 1, 41. Выходзіць, што гэта слова таго ж паходжання, што і брак1 але развіццё семантыкі ішло рознымі шляхамі.

Браканье́р. Рус. браконье́р, укр. браконьє́р. Запазычанне з франц. braconnier ’тс’ (< braconner ’паляваць з сабакамі’). Падрабязна Шанскі, 1, Б, 187.

Бра́каць ’бразгаць, падаць, валіць’ (Юрч., Гарэц.). Рус. бря́кать, укр. бря́кати, польск. brzęk! brząkać, ц.-слав. брѧцати і г. д. Слав. bręk‑ — аснова гукапераймальнага характару (*bren‑k‑). Параўн. літ. brínkt ’бах!’. Бернекер, 84; Слаўскі, 1, 46; Праабражэнскі, 1, 44–45; Фасмер, 1, 225.

Бра́кнуць ’набухаць’. Рус. бря́кнуть, укр. бря́кнути, польск. ‑brzękać ’тс’, славен. ‑brę̀kniti. Слав. bręk‑ ’бракнуць, набухаць’. Роднаснае з літ. brìnkti ’тс’, brankà ’набраканне’ і г. д. Бернекер, 84; Траўтман, 36 (лічыць надзейным толькі параўнанне славянскіх і балтыйскіх моў); Фасмер, 1, 225.

Бра́ма ’вароты’, укр. бра́ма, рус. дыял. бра́ма. Запазычанне з польск. brama ’тс’ (ст.-польск. brana, brama, brona, broma), якое запазычана з чэш. brána ’тс’ (а гэта да дзеяслова *borniti ’абараняць’). Бернекер, 74; Брукнер, 38; Фасмер, 1, 206; Слаўскі, 1, 41; Рыхардт, Poln., 36; Рудніцкі, 192; Кюнэ, Poln., 46. Ст.-бел. брама, брана, брона < польск. brama, brana, brona (Булыка, Запазыч.).

Бра́мка ’штыфтык у стрэльбе, на які надзяецца пістон’ (Некр., Арх. Бяльк., слонім.). Бясспрэчна, дээтымалагізаванае слова (асацыяцыя да бра́ма, бра́мка ’вароты, фортка’). Па паходжанню тое ж самае, што і бра́нтка (гл.) < польск. Краўчук, БЛ, 1975, 7, 66.

Брандзо́вы ’бурачковы (пра колер)’ (Жд.). Запазычанне з польск. brązowy ’бронзавы колер’. Аб запазычанні сведчыць націск.

Брандспо́йт. Рус. брандспо́йт, укр. брандспо́йт. Запазычанне з гал. мовы (гал. brandspuit). Гл. Фасмер, 1, 207; Шанскі, 1, Б, 188.

Бранзале́т, таксама бранзале́тка (БРС, Касп., Інстр. I, Сцяшк. МГ). Укр. бранзоле́та, бранзо́ля. З польск. branzoleta, branzoletka (якое Варш. сл., 1, 201 і Брукнер, 38, выводзяць прама з франц. bracelet ’тс’; няпэўна!), а гэта, паводле Рудніцкага, 194, з ням. Branzolette (дакладней, Рудніцкі лічыць, што было прамое запазычанне ўкр. слова з ням.). Сюды ж і брасле́тка ’бранзалет’ (Сцяшк. МГ).