Вызванец ’ізгой’ (Крывіч, 12, 1926, 14). Ад вызываць; параўн. прыклад: «Ксендз з амбоніі ізноў вызываў Кастуся за гіцлёўства» (там жа). Слова з’яўляецца калькай польск. wywołaniec ’тс’, якое ад wywołać ’вызываць’. У семантычных адносінах параўн. рус. оглаше́нный.
Вызварат, ву́зварат ’прамежак паміж плотам і полем’ (Янк. I), вазваро́т, вузворо́т, ві́зворот ’месца павароту плуга’ (Выг. дыс., палес.). Укр. дыял. ві́зворот ’месца павароту плуга’. Да вараціць. Паралелі ад vort‑ з іншай прэфіксацыяй і суфіксацыяй у іншых слав. мовах гл. Выгонная, Лекс. Палесся, 49–50.
Вы́зваратка ’гаспадарчы абарот’ (Нас.). Ад вызварат, аддзеяслоўнага ўтварэння да дзеяслова *вызвараціць з дапамогай суф. ‑ка або непасрэдна ад гэтага дзеяслова.
Вы́звараціна, вузвараціна (Янк. I). Гл. вызварат.
Вы́звездзіць ’зрабіцца зорным (пра неба)’ (Інстр. I, Мат. Гом., 222). Запазычанне з рус. вы́звездить ’тс’.
Вы́зверыцца ’закрычаць са злосцю’; ’паглядаць зверам’ (БРС, Шат., КТС, Некр., Янк. Мат., Янк. II, Жд., 1, Інстр. III, Клім.). Да звер. Параўн. таксама звярэць, азвярэць.
Вызвыча́іць ’выйсці з ужытку’ (Нас., Гарэц.). Да звычай (гл.).
Вызнава́ць (веру) (БРС, Нас.). Да знаць (гл.), як рус. исповедовать да ведати.
Вызнача́льнік (БРС). Да вызначыць. Структурная калька рус. определитель (Крукоўскі, Уплыў, 121).