Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Выжыма́йла ’скнара’ (Бяльк.). Ад выжымаць пры дапамозе прадуктыўнага для ўтварэння прозвішчаў у бел. мове суф. ‑айла. Але ў сувязі з практычнай адсутнасцю гэтага суф. у Nomina agentis у іншых слав. мовах параўн. яго словаўтваральную актыўнасць у літ. мове (Атрэмбскі, Gramatyka, 2, 132). Параўн. таксама выжымальшчык (гл.).

Выжыма́льшчык ’прыгнятальнік’ (Бяльк.). Ад выжымаць (гл.) пры дапамозе суф. ‑шчык. Параўн. выжымайла.

Выжыма́ць ’выціскаць’ (Бяльк.), выжыма́цца ’натужвацца; выкідваць штукі, рабіць выбрыкі’ (Бяльк.), выжаць спарт. ’павольна ўзняць штангу, гіру і г. д.’ (БРС). Запазычанне з рус. выжать, выжимать ’выціскаць’.

Вы́жымкі ’рэшткі льнянога семені’ (Жд., 1); ’макуха’ (Мат. Гом.); ’жамерыны’ (Шатал.). Рус. вы́жемкі ’тс’. Ад выжымаць (у слоўніках дзеяслоў зафіксаваны толькі на Магілёўшчыне, але, відавочна, распаўсюджаны шырэй) з суф. ‑к‑ або ад *выжым (параўн. рус. выжим — дзеянне па дзеяслову выжымаць) з тым жа суфіксам.

Вы́жыць ’застацца жывым’ (БРС, Нас., Касп., Бяльк.); ’выслужыць, зарабіць што-небудзь’ (Нас.), вы́жыты ’дамагчыся свайго прытворствам, капрызам’ (Клім.). Гл. жыць. Параўн. рус. дыял. вы́жить ’выслужыць, зарабіць што-небудзь’.

Вы́залаціць (БРС), вызлаціць (Нас., Касп.). Гл. залаціць. Форма вызлаціць можа быць запазычаннем з польск. wyzłocić ’тс’ або вынікам моцнай рэдукцыі а ў форме вызалаціць (ДАБМ, к. 8).

Вы́звал ’вызваленне ад чаго-небудзь’ (Нас.). Рус. смал. вы́звол ’вызваленне, выручка’, укр. ви́звіл ’тс’. Безафіксальнае вытворнае ад вызваліць (гл.).

Вызвалі́цель (БРС, КТС). Да вызваліць (гл.). Калька рус. освободитель (Крукоўскі, Уплыў, 116), магчыма і запазычанне з польск. wyzwoliciel ’тс’.

Вы́зваліць (БРС, Нас., Шат., Касп., Бяльк., Яруш., Шпіл., Грыг.). Рус. вы́зволить, укр. ви́зволити. Ст.-рус. запазычанне з польск. wyzwolić ’зрабіць вольным’. Упершыню фіксуецца ў «Жалаванай грамаце вялікага князя Аляксандра Вітаўта літоўскім жыдам» (1388 г.) (Сразнеўскі, 1, 443). Відавочна, слова першапачаткова было запазычана ў заходнія дыялекты ст.-рус. мовы (Шанскі, 1, В, 224).

Вы́звалка ’тое ж, што і вызвал’ (Нас.), вызвалкі ’дапамога, пазыка’ (Нік., Оч.). Рус. смал. вы́зволка, укр. ви́зволка ’пазыка, дапамога’. Утварэнне ад вызвал з суф. ‑к‑.