Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Трафе́й ‘ваенная здабыча як вынік перамогі’ (ТСБМ), трафэ́й ‘тс’ (Некр. і Байк.). Праз рускую мову з франц. trophée < нар.-лац. trophaeum < ст.-грэч. τρόπαιον ‘помнік перамогі з даспехаў ворага, складзеных разам на полі бітвы’, што да ст.-грэч. τρέπω ‘паварочваю, мяняю’, у тым ліку ўдачу ў баі (Фасмер, 4, 107; Голуб-Ліер, 490; Сной₃, 807). Сюды ж, відаць, і трафіе́й ‘аказія’ (беласт., Сл. ПЗБ) пад уплывам польск. trafić się ‘трапіцца, сустрэцца’, гл. трафіць.

Тра́фіць ‘папасці, пацэліць’: цѣливъ въ ворону, а трафивъ в корову (Нас.), ‘патрапіць, знайсці’ (Сл. ПЗБ), ‘здагадацца, скеміць’ (Сцяшк. Сл., Шпіл.), ‘дайсці’: трафив да адной гари (Кітаб Луцкевіча), ‘прылажвацца, дагаджаць’ (Мал.; капыл., Жыв. сл.), тра́фіцца ‘здарыцца’ (Нас., Ляц.), сюды ж патра́фіць ‘трапіць; адгадаць’ (Шпіл.), траф ‘меткі ўдар’ (Нас.), ст.-бел. трафити, трапити, трахвити ‘пацэліць, натрапіць, змагчы, здарыцца’ (ГСБМ), трафитися ‘здарыцца, адбыцца’ (Ст.-бел. лексікон). Са ст.-польск. trafić, trapić < с.-в.-ням. trëffen ‘трапляць’, ‘сустрэць, наткнуцца на каго-небудзь’, ‘дасягаць’ (Булыка, Лекс. запазыч., 189; Борысь, 639; Вінцэнц; ЕСУМ, 5, 622). Гл. трапіць1.

Трафны́ ‘забаронены для ўжывання, нячысты’ (Касп.). Гл. трэфны.

Трафу́нак ‘здарэнне’ (воран., Сл. рэг. лекс.), ст.-бел. трафунокъ, трефунокъ ‘выпадак, здарэнне’ (ГСБМ). Запазычана са ст.-польск. trafunek, trefunek ‘тс’, утвораных ад trafić, trapić ‘трапіць, сустрэць’ (Булыка, Запазыч., 324), словаўтваральна суадносяцца з нямецкімі формамі на ‑ung (Вінцэнц). Гл. трапунак, трафіць.

Трах — абазначэнне моцнага адрывістага гуку, трэску (ТСБМ), ‘раптоўны, дрыжачы, кароткі стук’ (Варл.), ‘удар’: конь трах капытом (Нас.), пра ўдар, трэск, стрэл (мсцісл., Нар. лекс.), сюды ж trach‑tararách ‘безупынныя грымоты ці страляніна з гармат’ (Варл.), трах‑чъбура́х! — выражае начаканасць, рэзкае змяненне рашэння ці хуткае вырашэнне праблемы (мёрск., Нар. сл.). Параўн. укр. трах, рус. трах, польск. trach — перадае трэск (Варш. сл.), раптоўнае падзенне і моцны ўдар (Арвінска, 65–66). Суадносяць з “поўнагалоснымі” варыянтамі гукаперайманняў тара́х (гл.), укр. тара́х, тара́х, рус. тарара́х, мажліва, сюды ж польск. дыял. tarach ‘выварацень’ (Фасмер, 4, 23, 95; ЕСУМ, 5, 624; Брукнер, 565), а таксама з адпаведнымі дзеясловамі. Гл. тра́хаць.

Траха́ ‘трошкі’ (Шат., Жд. 2, 3, Др.-Падб., Гарэц., ТС), ‘ледзьве’ (навагр., Сл. ПЗБ), ‘амаль, ледзь’ (Жд. 2, Мал., Федар. 7; капыл., Жыв. сл.; ашм., Стан.). Гл. тро́хі.

Трахала́ ‘неразумная, бесталковая жанчына ці дзяўчына’ (Рэг. сл. Віц.), ‘растрэпа, неразумная’ (брасл., Сл. ПЗБ), сюды ж траха́ліць ‘гаварыць смешнае, забаўнае’ (Сцяшк. Сл.). Балцкае субстратнае пранікненне, якое Грынавяцкене (Сл. ПЗБ, 5, 122) суадносіць з літ. trãkas ‘буяны, апантаны’ з характэрнай субстытуцыяй зычных к/х на беларуска-літоўскім паграніччы.

Тра́халле ‘гніль, старызна, нікому не патрэбныя рэчы’ (Мядзв.), трахо́лле ‘старая парваная адзежа’ (Юрч. Сін.), ‘лахманы’ (Юрч. Мудр.), тряхо́льля ‘транты’ (Юрч.). Параўн. рус. дыял. трехо́лье, треха́лье ‘тс’, якія Куркіна (Этимология–1983, 27) збліжае з балг. тракам ‘стукаць, тарахцець’, літ. trėkti ‘псаваць, знішчаць’. Магчыма, вытворнае ад траха́ць ‘трэсці’ (гл), параўн. трасару́бка і наватвор траса́ць (гл. трэсці); пра сувязь асноў гл. Фасмер, 4, 113.

Трахамо́цце ‘лахманы, манаткі’ (Мат. Маг.), трахомо́цье ‘тс’ (ЛМТ). Кантамінацыя лексем траха́(ць) і (лах)мо́цце (гл.). Аналагічна ўтворана экспрэсіўнае рахамоцце, гл.

Трахаму́ддзе ‘пажыткі’ (Мат. Гом.), ‘малакаштоўныя рэчы’ (Юрч. Вытв.), ‘дробныя прыстасаванні для фізічнай працы’ (баранав., Мілк. Сл.), трахому́цце ‘транты’ (Руб.), сюды ж трахаму́дзіна ‘рызман’ (Юрч. Вытв.), трахаму́джанне, трахаму́дзіца ‘неакуратная работа’, трахаму́дзістасць ‘неахайнасць’, трахаму́дзіць, трахаму́дзіцца ‘рабіць неакуратна’, трахаму́днік ‘абадранец’, трахаму́дный, трахаму́дзістый ‘неахайны’ (Юрч. СНЛ). Параўн. рус. дыял. трахому́дия ‘дэталі, прыстасаванне для ткання’ (СРНГ). Складаныя экспрэсіўныя словы, утвораныя ад траха́ць ‘трэсці’ (гл.), збліжанага са зборным назоўнікам му́ды, гл.