Ляхкі́я ’лёгкія’ (смарг., Сл. ПЗБ). Кандэнсавання форма з лягкі́я вантробы ’тс’. Націск — паводле цяжкі́я (вантробы), ’печань’ у той жа гаворцы.
Ляхотна ’смешна’ (лід., Сцяшк. Сл.). Паланізм. Параўн. польск. łachotać ’ласкатаць’, у Міцкевіча — łachotliwość, усх.-польск. łachtać ’тс’, якія маюць устаўны экспрэсіўны гук ‑ch‑ замест ‑sk‑: польск. łechtać — ст.-польск. łesktać ’тс’, pluchotać — płuskotać ’плёскаць, плюхаць’ (Слаўскі, 4, 408). Пачатковае ля‑ замест ла‑ абумоўлена экспрэсіўнасцю. Да ласката́ць (гл.).
Ляхты́чка ’рухавая і спрытная ва ўсім асоба’ (капыл., Жыв. сл.). Да лягты́ка (гл.).
Ляхча́й ’кастратар’ (саліг., БНТ, Лег. і пад., 522). Да лягча́ць (гл.).
Ляце́ць, леце́ці, лыті́тэ ’перамяшчацца ў паветры’, ’разносіцца, распаўсюджвацца’, ’падаць уніз’, ’хутка бегчы, ехаць, праходзіць (пра час)’, ’ламацца, расходавацца’ (Грыг., Бяльк., Шат., Сцяц., ТСБМ, Сл. ПЗБ). Да лётаць (гл.). Значэнне ’павольна падаць (пра снег)’ (брасл., Сл. ПЗБ) у выразе снег ляціць — з польск. śnieg leci.
Ляча́й 1 ’дзірка ў верхнім камені жорнаў, куды сыплюць збожжа’ (Сцяшк.). З яча́й (гл.) < прасл. ęčaja, утворанага з мяркуемага дзеяслова *ęktʼi ’гнуць, згінаць, складваць колцам’ (Трубачоў, Эт. сл., 6, 61). Параўн. таксама вяча́й, дуча́й. Аб мене в > л гл. лыві́рка.
Ляча́й 2 ’асака, Carex L.’ (рэч., Нар. сл.), лячая́, ля́ча, ляча́й ’плюшчай’ (калінк., люб., Сл. ПЗБ). Варыянт з глухой зычнай лексемы ляжджа́й (гл.).
*Ляча́ць, леча́ты ’пакладаць’ (бяроз., Шатал.), драг. лэ́чатэ, шальч. ляхчаць (Сл. ПЗБ). Да лягча́ць (гл.).
Лячны́ ’лекавы’ (лях., Сл. ПЗБ). Хаця ёсць каш. lėčni ’прызначаны для лячэння’, чэш. léčný, славац. liečny, славен. lẹčę̑n, харв. lȉječan, бел. лексема, відаць, запазычана з польск. leczny ’які для лячэння’. Праформа для іх lěč‑ьnъ < lěčiti (Слаўскі, 4, 103) > лячы́ць (гл.).
Лячоба ’лячэнне’ (бяроз., Сл. ПЗБ; Ян.). Да лячы́ць (гл.). Аб суфіксе ‑оба гл. Слаўскі (SP, 1, 61–62), Сцяцко (Афікс. наз., 84–85).
Лячок ’глечык’ (гродз., Сцяц. Словаўтв.). Да гляк (гл.).