Вухадралы ’?’ (Ракітны, КТС). Відаць, іранічнае ўтварэнне ад вуха (гл.) і драць.
Ву́харэц ’зух’ (Бяльк.). Няясна; параўн. рус. ухарь ’тс’, якое Фасмер (4, 178) лічыць вытворным ад выкл. ух, гл. вух, ух, хутчэй ад дзеяслова ухать, гл. вухаць; параўн. таксама бранск. ву́ха ’бойкі, вынаходлівы хлопец’ і мсцісл. уга́р ’разудалы’ (Юрч. Сін.). Магчыма, звязана з вухры́ць ’настаўляць, вучыць’ (гл.); параўн. наву́хрыць ’намуштраваць’, падву́хрыць ’падвучыць каго, падбіць’ (Бяльк.). Прымаючы пад увагу мсцісл. угар, можна дапусціць сувязь з польск. ogar, чэш. ohař, ц.-слав. огаръ ’ганчак’, далейшая гісторыя якога застаецца няяснай (магчыма, запазычанне з усходніх моў; гл. Фасмер, 3, 117; Махэк₂, 410 і інш.).
Ву́хаць ’крычаць «вух!»’ (КСП); параўн. укр. ухати ’крычаць ух!’, рус. ухать ’тс’. Дзеяслоў, вытворны ад выкл. вух, адносна словаўтварэння гл. Васілеўскі, Прадукт. тыпы, 60.
Ву́хватка ’спосаб паводзін (пры падабенстве)’ (КСТ). Гл. ухва́тка.
Ву́хватнік ’ляпёшка, якую пякуць перад тым як саджаць хлеб у печ’ і ву́хвацень ’тс’ (КТС). Ад выхваціць (дыял. вухваціць) ’выхапіць’; параўн. іншую назву выхапень ’тс’.
Ву́хкаць ’вухаць’ (КТС). Так зв. «імітацыйны» дзеяслоў ад выклічніка вух (гл.); параўн. Васілеўскі, Прадукт. тыпы, 68, 84.
Ву́хла асудж. ’някемлівы, нездагадлівы чалавек’ (міёр., З нар. сл.). Вытворнае ад ву́х‑а, гл. вухла́сты; параўн. паўднёваславянскую паралель: макед. ушло, ушла ’лапавухі чалавек’.
Вухла́сты ’з вялікімі вушамі’ (Нас., Гарэц., Др.-Падб., Байк. і Некр.). Адназоўнікавы прыметнік; параўн. галава́сты, спіча́сты (ад галава, спіца) з характэрнай суфіксацыяй; ад незафіксаванага *вухлы экспр. ’вушы’.
Вухна́ль ’падкоўны гвозд’ (Мядзв., Нас., Шат., БРС), вухна́лік (Нас. Доп., Байк. і Некр.), укр. (в)ухна́ль, (г)ухналь, рус. ухна́ль. Праз польск. ufnal, hufnal з ням. Hufnagel ’тс’ (Брукнер, 592; Фасмер, 4; Рудніцкі, 1, 502; Кюнэ, Poln., 111).
Вухры́ць ’вучыць, настаўляць’ (Юрч., Сцяшк. МГ). Няясна, магчыма, звязана з ву́харэц (гл.).