Паслуга́ч ’слуга’, ’саўдзельнік, памочнік у дрэннай справе’ (ТСБМ, Др.-Падб., Нас.), паслуга́ч і паслуга́чы ’хлопец, які памагае святару пры набажэнствах’ (КЭС, лаг.; астрав., Сл. ПЗБ). Польск. posługacz ’служыцель’, ’слуга’, ’прыбіральшчык’. Да паслужыць < служы́ць (гл.). Аб суфіксе ‑ач са значэннем ’характарыстыка асобы па яе схільнасці да пэўнага дзеяння, з асуджэннем’ гл. Сцяцко, Афікс. наз., 31.
Паслу́жнік, паслу́жніца ’слуга’ (Нас.), рус. послу́жник, послу́жница ’хто паслужвае некаму, не будучы яго непасрэдным слугой’, польск. posłużnik ’тс’, ’памагаты’, серб.-харв. poslužnik ’той, хто прыслужвае’. Не выглядае на прасл. утварэнне. Магчыма, былі ўтвораны пазней у раннім сярэдневякоўі асобна ў кожнай з груп моў. Да паслужыць < служы́ць (гл.).
Паслу́хаць ’выканаць просьбу ці загад’ (КЭС, лаг.), драг. послу́хатысь ’выканаць тое, што просяць, асабліва ў талацэ’ (Лучыц-Федарэц). Да слу́хаць (гл.). Аднак гэтыя лексемы маюць спецыфічна бел. семантыку, выражаную яскрава ў кантамінаванай лексеме пыслухме́нства (< паслухмя́ны + паслушэнства) ’дапамаганне ў сельскагаспадарчых работах і ў бядзе за «дзякню», г. зн. «дзякуй» (Нік. Очерки); сюды ж паслухмянства ’паслушэнства’ (ТСБМ).
Паслуха́чы ’паслухмяны’ (Нас.). Утворана ад паслу́хаць < слу́хаць (гл.) пры дапамозе суфікса ‑ач‑ы са значэннем ’схільны да таго, што названа утваральным словам’ (Бел. гр., 1985, 1, 307).
Паслухмя́ны ’пакорны’, ’які слухаецца каго-н.’ (КЭС, лаг.; паўн.-усх., КЭС; віл., Сл. ПЗБ; Касп.). Карскі (2–3, 43) вылучае тут суфікс ‑мʼан‑ і прыводзіць яшчэ адзін прыклад руцʼмʼаны ’які з руты’ (Кліх). Аднак Мартынаў (вусн. паведамл.) мяркуе, што ‑мʼ‑ узыходзіць да ‑нʼ‑ — ⁺паслухмяны, якое магло б паходзіць з паслу́хный ’паслухмяны’ (Бяльк.). Параўн. таксама ўкр. послухня́ний ’паслухмяны’, послухня́нство ’паслушэнства’.
Паслу́шнік ’чалавек, які рыхтуецца стаць манахам’, ’прыслужнік у манастыры’ (ТСБМ). Рус. по́слушник, послу́шник ’тс’. Польск. posłusznik ’тс’, ’паслухмяны, пакорны’, чэш. poslušník ’тс’, славац. poslušník ’манах’, серб.-харв. послу̀шник ’слухмяны, пакорлівы чалавек’, балг. послу́шник ’паслушнік’. Са ст.-слав. послушникъ ’пакорлівы, пачцівы вучань, слухач’, якое з’яўляецца калькай са ст.-грэч. ἀκροατής ’слухач’, пазней ’той, хто чытае’, ’знаўца’. Да слух (гл.).
Паслушэ́нства ’бясспрэчнае падпарадкаванне, пакорнасць, паслухмянства’ (ТСБМ; ашм., Сл. ПЗБ). Рус. устарэлае послушенство, польск. posłuszeństwo, чэш. poslušenství, серб.-харв. послушенство ’тс’. Утворана ад poslušьnъ пры дапамозе суф. ‑stv‑. Да слу́хаць (гл.).
Пасля́, пасле́, по́сля, посля́, по́слі, по́сле, пысьля́ ’потым, пазней некаторага тэрміну’ (ТСБМ, Нас., Шат., Касп., Сл. ПЗБ, Бяльк., Ян., ТС). Укр. після́, ст.-укр. послі, опослі, рус. (о)после, (о)посля, пасля́, ст.-рус. послѣ, серб.-харв. послије, после, посли, макед. после. Прасл. poslě можна успрымаць як скарочаны варыянт слова poslědь, якое да след (гл.) (ESSJ SG, 1, 201–203). Іншыя версіі: з po‑sь‑lě (Сабалеўскі, РФВ, 66, 401) ці з pos‑lě, як pos‑dě ’пазней’ (Лось, RS, 4, 244), здаюцца менш імавернымі. Сюды ж по́слячы ’пазней’ (нясв., Сл. ПЗБ, Сцяшк.) з узмацняльнай часціцай ‑чы (Карскі 2-3, 71; ESSJ SG, 1, 306).
Паслядо́ўнік ’той, хто прытрымліваецца чыіх-н. поглядаў і кіруецца імі ў жыцці’ (ТСБМ). Укр. послідо́вник ’тс’. Утвораны ад прыметніка паслядоўны (і суфікса ‑ік) або гэта калька з рус. последователь < ст.-слав. послѣдьствовати.
◎ Пасля́нач ’раніцой’ (смарг., Сцяшк. Сл.). Рэгіянальнае беларускае. Да пасля і ноч (гл.).⇉t