Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Па́савы ў выразе па́савае кола ’махавае кола’ (П. С.). Да пас1 (гл.).

Пасаг, поса́г ’маёмасць (грошы, рэчы, адзенне, жывёла), якая давалася маладой ад яе бацькоў пры выхадзе замуж’ (ТСБМ, Нас., Касп., Гарэц., Булг., Маш., Мал., Сл. ПЗБ, ТС), паса́га, пасаг̌а посага ’тс’ (Грыг., Нас., Мядзв., Бяльк., Шат., Касп., Сл. ПЗБ, Мат. Гом., Дэмб. 1, ТС), паса́жніца, паса́жая, паса́жна(я) ’(карова, авечка, свіння), зададзеная ў пасаг’ (Сл. ПЗБ). Укр. посаг ’тс’, ’пасад’, посагува́ти ’?’ (’садзіць на пасад’ ці ’даваць пасаг’), рус. поса́г ’вяселле’, цвяр. ’пасаг’, ст.-рус. посагъ ’шлюб’, посагати ’выходзіць замуж’, польск. posag ’пасаг’, чэш., сілезск. posah ’тс’, серб.-ц.-слав. пасагати ’захутвацца ў покрыва, г. зн. выходзіць замуж’. Прасл. posagъ, паводле Махэка₂ (473), азначаў бы ’прыхіленне, прыгарненне, прытуленне да мужа’, а posažьno ’сам пасаг’. І.‑е. адпаведнікі: літ. sègti ’прышпільваць’, sãgas ’пятля, за якую палатно прымацоўваецца да бялільнага прыстасавання’, sagà ’спражка’, ’клямар’, ’сіло’, ст.-прус. sagis ’тс’, ірл. sūanem ’ліна’ (< *sogn‑), ст.-інд. ā‑saj‑ati ’прышпільвае’, ст.-перс. fra‑hanjati ’вешае’ (Мацэнаўэр, LF, 13, 181; Брукнер, 432; Фасмер, 3, 338). Ондруш (Этимология–1984, 176–177) таксама прызнае, што прасл. posagъ утворана ад і.-е. слова pā̆kʼ, якое мела значэнне ’злучаць, звязваць, аб’ядноўваць’.

Паса́д1 ’снапы, раскладзеныя ў рад для малацьбы цэпам’ (паўсюдна, апрача Зах. Палесся і Зах. Віцебшчыны — ДАБМ, к. 285; ТСБМ, Нас., Бяльк., Шат., Касп., Янк. БП, Некр., Сцяшк., ТС, Янк. 2, Сл. ПЗБ; КЭС, лаг.), ’колькасць снапоў, высушаных у ёўні за адзін раз’ (Касп., Шатал.), ’месца на таку для абмалочвання снапоў’ (паст., Сл. ПЗБ; Мат. Гом.), ’будынак для абмалочанага збожжа’ (Мат. Гом.). Укр. поса́д, рус. поса́д ’род або круг снапоў’, том. насад ’тс’, уладз. ’рад дамоў з аднаго боку вуліцы’, польск. posad, posot, posou̯t ’снапы на таку для абмалоту’, славен. pósad, násad, nasàd, серб.-харв. на́сад, макед. насад ’тс’. Прасл. posadъ. Да садзі́ць ’насаджваць’ (гл.). Першапачаткова, відаць, снапы насаджвалі на нешта ці ўсаджвалі (напр., у азярод), калі малацьба была больш прымітыўнай. Параўн. малацьбу ў Сярэдняй Азіі і на Каўказе, дзе малацілі пры дапамозе дошак з вострым) зубамі (Основы этнографии, M., 1968, 168).

Паса́д2 ’трон, прастол уладара’, ’месца (звычайна дзяжа, пакрытая кажухом), дзе сядзіць маладая на вяселлі’ (ТСБМ, Нас., Шат., Гарэц., Др.-Падб., Яруш., Маш., Мал., Касп.; КЭС, лаг.; ТС, Бяльк.), ’рознае дабро, рэчы’ (паўн.-усх., КЭС), ’вышка’ (Яруш.), ’як каравай дзеляць, тады ета пасад, маладой расплятаюць касу’ (Мат. Гом.), садзіць на пасад ’садзіць маладую на воз да маладога’ (паўн.-усх., КЭС). Яшчэ ў X ст. пасад — ’гандлёва-рамесная частка горада за крапасной сцяной’, ’прыгарад, прадмесце, пасёлак’ (ТСБМ). Укр. посад, рус. посад, ст.-рус. посадъ, польск., ст.-польск. posad(a) ’тс’. Да пасадзіць < па‑ і сад, садзі́ць (Ягіч, AfslPh, 13, 300; Фасмер, 3, 338). Брукнер (432) выводзіць з posagъ (гл. паса́г). Сюды ж пасажа́нка, паса́дная маці ’пасаджоная маці’, паса́жаны бацька ’сват’ (Сцяшк., Сл.), паса́жаны, пасаджоны (бацька, маці) ’хросныя’ (Бір.), пасаднік ’намеснік князя’, ’выбраны вечам правіцель горада ў Старажытнай Русі’ (ТСБМ), пасадзі́ць ’усадзіць у зямлю’, ’паставіць у гарачую печ’, ’прымусіць сесці’, ’арыштаваць’, ’пакінуць знак’, ’прывесці ў нягоднасць’, ’змясціць у вулей рой’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ).

Паса́да1 ’месца на службе, звязанае з выкананнем пэўных абавязкаў’ (ТСБМ). З польск. posada ’тс’.

Паса́да2 ’сядзіба’ (Бяльк.). Да паса́д2 (гл.).

Паса́да3 ’расада’ (Касп.). Пад уплывам дзеяслова пасадзі́ць ад раса́да (гл.).

*Паса́джанка, посаджанка ’кіслы праснак з хлебнага цеста’ (ТС). Да пасаджаць, пасадзіць < саджаць (гл.). Матывацыя (?).

*Паса́дзіна, посадзіна ’саджанец, пладовае дрэва’ (ТС). Да Спосаб, якое з польск. posad ’саджанцы’. Аб суфіксе ‑іна са значэннем адзінкавасці гл. Сцяцко, Афікс. наз., 208–209.

Па́садка, па́сыдка, па́сытка ’пастка’, ’зяпа, рот’ (Бяльк.), паса́дка ’пастка’ (Гарэц., Яруш.). Відаць, да пастка (гл.). Параўн. чэш. posada ’кошык, скрынка для свойскіх птушак’, рус. садок ’плецены кош для злоўленай рыбы’, бел. се́жа ’загародка на рацэ з сеткі’ (Бяльк.).

Паса́дка1, пыса́дка, паса́дкі ’пасаджаныя расліны’, ’прызямленне самалёта’, ’упусканне пасажыраў у вагон, самалёт, карабель’, ’палажэнне цела ў час сядзення’ (ТСБМ, Бяльк., Сл. ПЗБ, Ян., Мат. Гом.). З рус. поса́дка ’тс’.

Паса́дка2 ’глінабітная падлога’ (Сцяшк. Сл.), ’чарэнь у печы’ (свісл., Шатал.), ст.-бел. посадзка, посажка, посацка ’падлога з плітак; чарэнь’ (1572 г.). Запазычаны са ст.-польск. posadzka (Булыка, Лекс. запазыч., 98).

Паса́дны ’галоўны, асноўны’ (Яруш.), пасадны авёс ’авёс для кармлення каня ў дарозе’ (веткі, Мат. Гом.). З польск. posada ’аснова, фундамент’.

Пасадовіць ’пасадзіць (курыцу на яйкі)’ (Мат. Гом.). З укр. посадовити ’пасадзіць’ ці з польск. posadowić ’тс’, ’змясціць’.

Паса́ж ’крытая галерэя’, ’нечаканы паварот справы’ (ТСБМ). Праз рус. мову з франц. passage ’тс’ < passer ’праходзіць’. Не выключана магчымасць запазычання праз польск. мову.