Ву́рзаць ’хлябтаць, сёрбаць’ (Касп., Шн., 3, 35), рус. ворзать ’прагна глытаць, хлябтаць’. Рус. слова Шахматаў (ИОРЯС, 16, 4, 20) звязвае з варза́ть ’рабіць абы-як, дрэнна; брудзіць; жартаваць’ (гл. таксама Фасмер, 2, 275 і 351), паходжанне якога застаецца няясным. Магчыма, звязана з прус. warzus ’губы’ якое Брукнер (602) з пэўнымі агаворкамі звязвае з польск. warga, аднак больш верагодна — гукапераймальнага паходжання; параўн. чэш. vrzati ’скрыпець, выдаваць гук’, пра апошняе гл. Махэк₂, 701.
Вурзґаўка ’дзіцячая цацка, буркаўка’ (в.-дзвін., Шатал.), ву́рзгалка ’тс’ (КСП). Ад ву́рзґаць ’утвараць гук, падобны на гудзенне’ (гл.).
Ву́рзґаць ’утвараць гук, падобны на гудзенне’ (в.-дзвін., Шатал.), ву́рзгаць ’сёрбаць’ (круп., Нар. сл.), вурзґо́ліць ’есці’ (міёр., Нар. лекс.). Відаць, звязана з ву́рзаць ’хлябтаць, сёрбаць’ гукапераймальнага паходжання, параўн. славац. vŕzgať ’скрыпець’, могуць быць збліжаны з літ. burzgė́ti, bùrzga ’гудзець, бурчаць’ (параўн. Махэк₂, 701); адносна дэтэрмінатыва ‑г‑ гл. шматлікія прыклады з славянскіх моў: Куркіна, Этимология, 1972, 64 і наст.
Вурзець ’павольна ісці, плесціся’ (Янка Купала, Ванк. дыс.). Няясна; магчыма, звязана з ву́рзаць ’хлябтаць, сёрбаць’ або з ву́рда ’буркаўка, вяртушка’, тады зыходная форма была б *вурдзець ’куляцца, бурчаць’, відаць, гукапераймальнае.
Ву́рзнуць ’ударыць, стукнуць’ (КСП, Шн., 2; Яўс.); ’стукнуць нагой’ (З нар. сл.); ’хутка выслізнуцца з рук’ (Шат.), ву́рзнуцца ’выцяцца, рэзнуцца’ (Бяльк.); ’моцна ўдарыцца’ (Яўс.). Гукапераймальнае; параўн. таксама чэш. vrznouti ’ударыць, стукнуць’ (адносна якога гл. Махэк₂, 702), магчыма, другаснае збліжэнне з рэ́заць, рэзану́ць, якое як і польск. wyrznąć мае значэнне ’выразаць’ і ’стукнуць, выцяць’.
Ву́рка ’хітрэц, жулік’ (Яўс.), рус. арг. у́рка ’жулік, злодзей’, укр. арг. у́рка, урка́ч ’злодзей’. Магчыма, цюркскага паходжання, параўноўваюць з казах. ӱры, каракалп. уры ’злодзей’ (Горбач, Арго, 24), аднак не выключана магчымасць этымалагізацыі на мясцовай глебе; параўн. вурну́ць ’украсці’ (парнае да незафіксаванага *вура́ць?) (гл.).
Вуркама́н ’нелюдзімы, але хітры чалавек’ (Яўс.). Ад ву́рка (гл.) з экспрэсіўным суфіксам ‑ман, вядомым у беларускай і інш. славянскіх мовах (Слаўскі, 4, 243); сюды ж рус. дан. воркома́н, відаць, збліжанае з вор ’злодзей’.
Вуркатаць (БРС). Да вурча́ць, суфіксацыя ‑ат‑ (‑от) характэрна для ўтварэння гукапераймальных слоў. Параўн. рус. воркот, чэш. vrkot, славац. vrkotať, укр. воркотати, польск. warkotać, wurkot і інш. (Голуб-Копечны, 336; Фасмер, 2, 351; Махэк₂, 700; Брукнер, 602; Шанскі, 1, В, 164).
Ву́ркаць ’бурчаць, грукацець’, ’гыркаць, сварыцца, злосна адказваць’ (КСТ). Гл. вурча́ць, вы́ркаць.
Вуркуга́н ’нахабны злодзей’ (З нар. сл.). Разам з укр. арг. вуркага́н, уркага́н ’злодзей’ да ву́рка (у́рка) ’тс’ (Рудніцкі, 1, 500); прыклады экспрэсіўнай суфіксацыі такога тыпу прыводзіць Крывіцкі (З нар. сл., 133).