Пе́гі ’вяснушкі, рабацінне’ (астрав., Сл. ПЗБ), польск. piega, н.-луж. pěga, в.-луж. piha, чэш. píha, славац. peha, балг. пе́га ’вяснушка’, славен. pẹ́ga ’вяснушка, пляма’, макед. пега ’тс’, серб.-харв. пе̏га ’вяснушка; брудная пляма’, сюды ж рус. пе́гий ’плямісты; пярэсты; рабы’, ст.-слав. пѣготы ’праказа, нарывы’. Прасл. *pěga і прыметнік *pěgъ узыходзяць да і.-е. *poi̯g‑/*pei̯g (з якімі звязана аснова *pig‑ у ст.-інд. piṅga ’чырвона-карычневы’, piŋgas, piŋgalás, piñjaras ’залаціста-жоўты’, лац. pingō ’малюю, вышываю’, ст.-грэч. πίγγαλος ’яшчарка’), паралельнага да і.-е. *pei̯kʼ‑ > што дало прасл. *pьsati, першапачатковае значэнне якога было ’маляваць’, параўн. укр. пи́санка ’размаляванае велікоднае яйка’, рус. писать (картину) ’маляваць’. Адзінкавая фіксацыя бел. пе́гі, відаць, сведчыць пра запазычанне з польск. piegi ’вяснушкі’.
Педаго́гіка ’навука аб метадах навучання і выхавання’ (ТСБМ). Узыходзіць да ст.-грэч. ή παιδαγωγική (τέχνη) ’мастацтва выхавання, навучання’ < παιδαγωγικός ’які адносіцца да выхавання ці навучання’ < παιδαγωγός ’выхавацель, настаўнік’, а апошняе ўтворана з слоў παίς (παιδός) ’дзіця’ і ἄγειν (ἄγω) ’вяду’ < ’той, хто вядзе хлопчыкаў’. Параўн. ст.-бел. педакгокгия ’выхаванне’ (1663 г.), педакгокгь ’педагог’ (1598 г.).
Пе́даль ’нажны рычаг у машынах і прыстасаваннях’ (ТСБМ), міёр. піда́ліна ’тс’ (Нар. словатв.). Праз рус. мову прыйшло з ням. Pedal ці франц. pédale, якія з італ. pedale < лац. pedālis ’нажны’, — спачатку ’педаль у музычных інструментах’ (Фасмер, 3, 225; Голуб-Ліер, 364).
Пе́дарка ’божая кароўка’ (ст.-дар., Жыв. НС), педу́рка‑се́дурка (кам., Шатал.; З жыцця, 166; ЛА, 1) — вынік трансфармацыі асновы *bedr‑, першапачаткова прыметніка *bedrъ, утворанага ад дзеяслоўнай асновы *bed‑/*bod‑ ’калоць’, гл. бадаць 1; у адносінах да божай кароўкі можна гаварыць пра значэнне ’наколаты, пакрыты сямю кропкамі’. Лексема ўзнікла ў выніку другасных асэнсаванняў у сувязі з імёнамі людзей — у дадзеным выпадку Фёдар/Пётр і Сідар. Гл. таксама федарка, петра-паўла (Трубачоў, Эт. сл., 1, 180–182).
Пе́дрык (пэ́дрык) ’божая кароўка, Coccinella septempunctata’ (іван., Жыв. НС). Гл. папярэдняе слова. Параўн. таксама вэ́дрык, петрык, петрачок ’тс’.
П’едэста́л ’узвышэнне пад помнік, калону’ (ТСБМ). Праз польск. piedestał ці рус. пьедестал (пач. XVIII ст.) і ням. Piedestal з франц. piédestal ’тс’, першапачаткова ’падстаўка для ног’.
Пейза́ж ’краявід’ (ТСБМ). З рус. пейзаж ці з польск. pejzaż (старое pejsaż) ’краявід на карціне’, якія з франц. paysage < pays ’мясцовасць, краіна’.
Пе́йсы ’бакі’ (мазыр., Мат. Гом.), ’патлы’ (светлаг., Мат. Гом.; ТС), ’валасы’ (хоцім., ЛА, 3); сюды ж пейса́ч, пейсмач, пейса́ты ’валасаты’ (ТС). Гл. пэйс, пэйсы.
Пек ’густое вязкае або цвёрдае рэчыва чорнага колеру, якое застаецца пасля перагонкі дзёгцю або смалы’ (ТСБМ). З рус. пек смала, дзёгаць’, якое (у пач. XVIII ст.) з гал. pek ’смала’ (Фасмер, 3, 226).
Пе́ка ’пухір’ (трак., Сл. ПЗБ). Магчыма, літуанізм, параўн. літ. pèkė ’жаба’ (відаць, з-за бугрыстасці скуры), аднак нельга выключыць сувязь з а‑пёк, пекці (гл.).