Лягорычча, ля́гарре, лягары́чышча, лягорре ’месца каля гары’ (слаўг., Яшк.). Да ля 1 і гара з суфіксамі ‑ьje і ‑išče.
Лягота ’ільгота’ (Шат.). Да ільгота (гл.). Гэтаксама паўн.-рус. легота ’тс’.
Лягты́ка ’чалавек, лёгкі на хаду’ (КЭС, лаг.). Да лягчы́ць, лёгкі (гл.). Аб суфіксе гл. Сцяцко (Афікс. наз., 76).
Лягу́мнічча, легумне́чча ’месца каля гумна або вакол яго’ (слаўг., Яшк.). Да ля 1 і гумно (гл.).
Лягу́ха, лягу́шка, люга́шка ’жаба’ (ТСБМ, Бяльк.; в.-дзв., Сл. ПЗБ), ляжэнька ’жабка’ (Бяльк.), лягуха ’рапуха’ (в.-дзв., Сл. ПЗБ). Да ля́га 1 (гл.).
Лягу́ша ’конь, які брыкаецца’. Да ляга́цца (гл.). Гл. і наступнае слова. Да генетычнай тоеснасці лягушка і лягацца параўн. рус. свярдл. лягу́н ’конь, які моцна брыкаецца’ і арл., бран. лягу́н ’самец жабы’.
Лягу́шкацца ’гушкацца’ (зэльв., Сцяшк. Сл.). У выніку кантамінацыі лексем ⁺ляга́цца ’калыхацца, гайдацца’ (параўн. арханг., наўг., валаг. лягаться ’тс’) і гу́шкацца ’гойдацца’. Лексема ляга́цца ’хістацца’ з’яўляецца роднаснай з чэш. líhati ’рухаць, шавяліць’, літ. lingúoti ’калыхаць’ і г. д. Гл. ля́га 1.
Лягча́й ’вылітая ў вадзе знахарам фігура, якая дапамагае канавалам замазваць ёю рану (гарачымі легчаямі) пры кастрацыі быкоў’ (Сержп. Борт.). Да лягча́ць (гл.). Аб суфіксе гл. Сцяцко (Афікс. наз., 23).
Лягча́ць, ляхча́ць ’пакладаць (жывёл)’ (Нас., Бяльк., Шат., Касп., Юрч.; маладз., Янк. Мат.; ТСБМ). Рус. легча́ть, легчить. Да лёгкі (гл.) > лягчэй > рабіць лягчэй > лягча́ць. Сюды ж ле́гчыць ’патрабаваць злучкі (аб свінні)’ (Касп.), хаця семантыка разглядаемага слова значна адрозніваецца.
Лягчэць ’паляпшацца (аб самаадчуванні)’, ’памяншацца ў вазе’, ’цяплець (у безасабовай форме ле́гчаіць)’ (Нас., Касп., Яруш., ТСБМ). Да лёгкі (гл.), лягчэй.