Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Нядо́са (недоса) ’недастаткова’ (Нас.). Ад дос, досыць (гл.).

Нядо́шлы ’кволы, слабы, хваравіты’ (стаўб., З нар. сл., Крыў., Дзіс.), недо́шлы ’тс’ (Сл. ПЗБ, ТС), нядо́шлы, нідэшлы ’тс’ (дзярж., Нар. сл.), няду́шлы ’тс’ (Мат. Гом.), нядэшлы ’благі, мізэрны’ (Сцяшк. Сл.). Зыходнае значэнне, відаць, у беласт. нэдо́шлы ’які хацеў стаць кім-небудзь, але не стаў’ (Сл. ПЗБ), што, паводле аўтараў слоўніка, з польск. niedoszły ’былы кандыдат на якое-небудзь месца’; аднак для большасці формаў нельга выключыць самастойнае развіццё ад не дайсці адно са значэнняў дайсці ’памерці, зачахнуць’, г. зн. ’той, хто блізкі да смерці, але яшчэ не дайшоў да яе’, параўн. недо́йда ’дахадзяга’ (Сл. ПЗБ), магчымы ўплыў прыметніка до́хлы (гл. дохнуць) ці дзеяпрыметніка ад няду́жыць ’хварэць’ (гл. нядуга).

Няду́га (nieduha) ’хвароба, слабасць’ (Федар., Маш., ТС). Сюды ж няду́жыць ’хварэць’ (Нас.), неду́говаты ’тс’ (Булг.), нэду́гі ’нядужы, слабы’ (беласт., Сл. ПЗБ), няду́жы, неду́жы ’слабы, хваравіты’ (Нас., Сцяшк., Янк. 1, ТС, Сл. ПЗБ), няду́жны, неду́жны ’тс’ (Бяльк., Булг.), укр. неду́га ’хвароба, слабасць’, рус. не́дуга, н́еду́г ’тс’, кашуб. ńedåga ’тс’, чэш., славац. neduh, neduha ’тс’, славен. дыял. nedȏžje ’тс’, макед. недуг ’хвароба; фізічны недахоп’, балг. недъ́г, недъ́га, неду́г, неду́га ’тс’. Суадносяць з чэш., славац. duh ’добрае адчуванне, удача’, кашуб. dåga ’моц, сіла’, ст.-польск. dążyć ’перамагаць’, рус. не в дугу́ ’нічога не разумець’ (Фасмер, 3, 59; Бязлай, 2, 218), што дае падставы, нягледзячы на фармальныя цяжкасці, узвесці да прасл. *dǫgъ ’сіла, моц’; магчыма, тут адбылося змяшэнне асноў *dǫg‑ і *dug‑ (гл. дужы), пра што сведчыць паралелізм формаў з ‑ǫ‑ і ‑u‑ (Слаўскі, 1, 142; Папоўска–Таборска, Szkice z Kaszubszczyzny, Gdańsk, 1987, 24), што, аднак, ставіцца пад сумненне (Трубачоў, Эт. сл., 5, 100)). Паводле Махэка₂, 394, *nedǫgъ < *nedolǫgъ, гл. недалягаць, недалужны.

Нязбе́дны (незбедный) ’паганы’ (Карскі, Труды, 312), ст.-бел. незбедный ’подлы, нізкі’ (XV ст.) з польск. niezbędnyпаганы, няўклюдны’ (Карскі, там жа), ст.-польск. niesbedny ’тс’ (Булыка, Лекс. запазыч., 134). Апошняе з чэш. nezbedny ’гарэзны’ ад прасл. *bъděti, *buditi (Брукнер, 363), гл. будзіць, узбуджаць, або з *ne‑sъ‑będ‑ьnъ ’нявытрыманы, нястрыманы’, дзе ‑będ‑ суадносіцца з ням. binden ’вязаць, путаць’ (Махэк₂, 398).

Нязбо́жны ’бязбожны, неміласэрны’ (Нас.). Ад збо́жны ’міласэрны’, параўн. польск. zbożny ’набожны, багабаязны’, чэш. zbožny ’набожны, пабожны’ і іншыя формы, што ўзыходзяць да прасл. *sъbogъ (гл. збожжа).

Нязбы́тна ’неажыццявіма’ (Касп.). Да збыцца ’ажыццявіцца’; няма падстаў бачыць у ім запазычанне ці паўкальку з польск. niezbyty, niezbędny ’якога цяжка пазбыцца, пазбегнуць’ (Кюнэ, Poln., 81) па семантычных меркаваннях.

Нязг̌а́рны (незг̌а́рны) ’непрыгожы’ (ТС). Да га́рны ’добры, прыемны, прыгожы’ (гл.), пачатак слова прадстаўляе комплекс няз‑ < не + з, відаць, пад уплывам словазлучэнняў тыпу не з горшых, гл. нязго́ршы і пад.

Нязго́дны ’непатрэбны, лішні; непрыгодны па стану здароўя, выбракаваны’ (Сл. ПЗБ). Да го́дны ’прыдатны, прыгодны’, з пачатковым комплексам няз‑ (< не + з), параўн. нязго́ршы, нязг̌арны і пад. Аднак не выключана непасрэднае ўтварэнне ад зго́дны ’прыдатны для ўжывання’ (Нас.).

Нязго́ршы ’някепскі’ (Сцяц., Касп.), ’належны, добры’ (Сцяшк. Сл.), сюды ж нязго́рш (нізгорш) ’нядрэнна’ (Сцяшк. Сл.; мін., Жыв. сл., Сл. ЦРБ). Да горш(ы), пачатковы комплекс няз‑ < не + з са спалучэння не з горшых ’не самы дрэнны’, параўн. тлумачэнне Каспяровіча ’не из худших’ (там жа). Магчыма, таксама непасрэднае ўтварэнне ад зго́ршыць ’разбэсціць, сапсаваць маральна’, зго́ршаны ’разбэшчаны’ (Нас.).

Нязгра́ба ’няўдалы чалавек’ (кап., Нар. словатв.), нязгрэ́ба ’няўдалы, няспрытны’ (Сцяшк.). Відаць, другаснае ўтварэнне ад нязгра́бны ’нястройны, няўклюдны’ (Касп., Бяльк.), ’неахайны; няўклюдны, нястройны; неасцярожны’ (Нас.), нязграбны ’непрыгожы’ (Сл. ПЗБ), ’тоўсты, непаваротлівы’ (ТС), ад зграбны ’стройны’ (гл.), што лічыцца паланізмам (ад grabic, Брукнер, 155); унутраная форма — ’прыгладжаны, прычасаны, ахайны’, параўн. згрэ́баць ’зграбаць’ (ТС). Параўн., аднак, серб.-харв. незграпно ’нязграбна’, што магло б паставіць пад сумненне названую этымалогію, параўн. несграбно ’нястройна, непрыемна, без усякага парадку’ (Мядз.). Сюды ж нязграбнік ’няўклюдны чалавек’ (Янк. 3.), незграбо́цё ’тс’ (Сцяшк. Сл.), незграбэ́йла (нізграбэйла) ’тс’ (брасл., Сл. ПЗБ), паводле аўтараў слоўніка, з літ. nezgrabáila ’тс’, што можна прыняць толькі з улікам словаўтварэння.