Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Ту́люс — лаянкавае слова: Padlo! Tulus! (ваўк., Федар. 4). Слова цьмянага паходжання. Па форме і па тэрыторыі ўжывання блізкае да tuolis ‘чорт’ у т. зв. “Польска-яцвяжскім слоўнічку” (Зінкявічус, Балто-слав. иссл., 1983, 19). Апошняе залічана да балцкай лексікі, якая не мае ідэнтычных словаўваральных або семантычных адпаведнікаў у іншых балтыйскіх мовах. Паводле Зінкявічуса (там жа), можа быць звязана з імем прускага бога падземнага царства Patollus, Patollos, літ. Patulas < pa + *tula ‘зямля’, ст.-прус. talus ‘падлога з гліны’. Няпэўна.

Ту́лю-ту́лю — выклічнік, які перадае ігру на дудцы (ТС), тулюлю́ — імітацыя плачу: jak dam, to zawiedziész tululú (ваўк., Федар. 4). Гукаперайманні, параўн. славен. tuliti ‘выць, раўсці’, дыял. ‘трубіць’ і пад.

Ту́ля ‘калчан, похва для стрэл’ (Ласт.), сюды ж, магчыма, перан. ту́ля ‘асоба, апранутая ў тоўстае, цёплае адзенне, выглядае непаваротлівай’ (драг., Лучыц-Федарэц, вусн. паведамл.). Да тул2 адносна семантыкі параўн. рэз’ян. tȗlast ‘у форме трубы, пусты’.

Туля́г ‘вялікае воблака, хмара’ (І. Пташнікаў), туля́х ‘светлае воблака ў пагодлівы дзень’ (віл., ЛА, 5), туля́г, тулягі́ ‘воблакі’ (віл., ЛА, 2). Да туля́цца (гл.), метафара на базе туляга ‘вандроўнік, валацуга’, параўн. іншыя метафарычныя назвы хмар і аблокаў: дзед (мін., ЛА, 2), буго́р (гом., ЛА, 2); апошняе Непакупны (Мовознавство, 1998, 2–3, 62–77) параўноўвае з літ. gùburas ‘бугор’, ‘хмара’ і адпаведнымі з’явамі ў іншых мовах, што дазваляе трактаваць іх як семантычную індаеўрапейскую ўніверсалію. Форма м. р. туляг, магчыма, пад уплывам во́блак м. р. (Некр. і Байк. і інш.).

Туля́ка ‘бадзяга, валацуга’ (Нас., Некр. і Байк., Янк. 3.), ‘палахлівец’ (Ф. Янкоўскі), ст.-бел. тулакъ ‘бадзяга’ (ГСБМ). Параўн. польск. tułák ‘тс’ (з чэш., Басай-Сяткоўскі, Słownik, 401), дыял. tulak ‘балван, дурань’, в.-луж. tulak ‘праныра’, чэш. tulak ‘бадзяга, валацуга’. Відаць, незалежныя ўтварэнні ад *tulati sę, гл. туляга, туляцца, акрамя старабеларускага, якое, хутчэй за ўсё, праз польскую мову з чэшскай. Варыянтнасць канца слова адлюстроўвае сінанімію суфіксаў у беларускай мове, што датычыць назоўнікаў агульнага роду на ‑яка і ‑яга, гл. Сцяцко, Афікс, наз., 176–179.

Туля́цца ‘хавацца’, ‘бадзяцца без прытулку’ (Нас., Бяльк., Шат., Касп., Сержп. Прымхі, ТС, Ян., Байк. і Некр.), ‘ухіляцца ад работы, гультаяваць’ (Некр. і Байк., Жд. 2), ‘хадзіць без работы, ацірацца’ (Бір., ТС), ‘хадзіць, прыгнуўшыся ды за нешта хаваючыся’ (Варл.), ‘імкнуцца пазбегнуць чаго- або каго-небудзь, хавацца’: tulájecsa, jak sabáka ad much (Федар. 4), туляцца па завуголлю ‘хавацца ад непажаданых сустрэч, пазбягаць сустрэчы з кім-небудзь’ (Нік., Оч., ТС, Растарг.), ст.-бел. тулятися, тулатися, тулятисе ‘хадзіць без пэўнай мэты, бадзяцца’ (Скарына; Александрыя; 1610 г., ГСБМ). Укр. ту́лятися, туля́тися ‘блукаць, бадзяцца’, ‘гараваць, жывучы ў чужых людзей’, рус. дыял. туля́ться ‘хавацца, бадзяцца’, польск. tułać się ‘хадзіць без мэты’, чэш. toulati se, славац. túľaťsa ‘тс’, харв. tȕlati ‘бадзяцца’, túlati se ‘хадзіць ціха, нібы крадучыся’, макед. дыял. тула се ‘бадзяцца, валачыцца’ (МЈ, 10, 1–2, 105). Прасл. дыял. *tulati sę ‘бадзяцца, туляцца, хадзіць крадком, употайкі’, на думку Борыся (Etymologie, 365), адносна позняя інавацыя часткі праславянскіх дыялектаў (без лужыцкіх моў) — дзеяслоў шматразовага дзеяння ад прасл. *tuliti sę ‘завівацца’, ‘нагінацца, горбіцца’, гл. туліць, туліцца, першаснае значэнне было ‘згінаць, прыгінацца, хавацца ідучы’ (Борысь, 653–654; ЕСУМ, 5, 674; Брукнер, 584). Махэк₂ (648) выводзіць з *lutati ‘бадзяцца’, што цяжка даказаць, як і вывядзенне з лат. tūlʼat, tūlʼāties ‘хадзіць без працы, бадзяцца’ (Блесэ, SB, 5, 25) беларускага туляцца, што, паводле Лаўчутэ (Балтизмы, 149), вельмі сумніўна, бо не прымаецца пад увагу матэрыял іншых славянскіх моў. Сюды ж туля́ць ‘хаваць (напр., ад рэкруцтва)’ (Нас.), туле́нне ‘хаванне, прытулак’ (Нас.), туля́нне ‘хавацца ў розных кутках’ (Нас., Бяльк.); ту́ляннік, туля́ньніца ‘той, хто ўхіляецца (ад працы і інш.)’ (Юрч. СНЛ); туля́га ‘бадзяга, чалавек, які пазбягае сустрэчы’ (ТСБМ, Сцяшк.), ‘баязлівец, нерашучы чалавек’ (ТСБМ), ‘бяздомнік’ (Некр. і Байк.), туляя́ ‘гультай, нядбайнік’ (Шат.).

Туля́ч ‘месяц’ (Сцяшк. Сл.), ‘бадзяга’ (Я. Купала). У выніку семантычнага пераносу ‘бадзяга’ > ‘месяц, які ў хмарах блукае па небе’; варыянтнае да тула́ч (гл.), параўн. ст.-бел. тулаючий і туляючийся ‘які не мае сталага месца’ (ГСБМ).

Ту́ма — пра ігру на гармоніку (мсцісл., Нар. лекс.). Гукаперайманне. Параўн. таксама тпрума (гл.).

Тума́жыцца ‘хмарыцца’ (ТС). У аснове слова, відаць, назоўнік *тумага, параўн. укр. тума́ ‘цёмная хмара’, валын. тумо́йу туманʼі́ти ‘быць у змрочным настроі’ (Арк.), гл. ту́мны. Менш верагодна — у выніку кантамінацыі лексем тума́ніцца і кула́жыцца ‘станавіцца пахмурным (пра надвор’е)’, гл.

Тума́к1 ‘удар па патыліцы’ (Нас., Шат., Байк. і Некр.; брагін., Нар. словатв.), ‘моцны ўдар’ (в.-дзв., хойн., Шатал.), ‘удар кулаком’ (зах.-пал., Бел. дыял. 3, Растарг.), ‘кухталь’ (Некр. і Байк., Яўс., Юрч. Фраз. 2, Мат. Гом.), тума́ка ‘тс’: даў яму тумаку (Бел. літ. XIX ст.), тумакі́ ‘штуршкі, кухталі ў спіну ці ў бокі’ (Мядзв.). Укр. тума́к ‘штуршок, кухталь’, рус. тума́к ‘удар, штуршок кулаком’. Слова няяснага паходжання, асабліва з улікам тумак2 і тумак3. Фасмер (4, 119) не прымае прапанаваную Патабнём (РФВ, 4, 213) і Гараевым (380) версію пра сувязь з літ. stùmti (з s‑mobile) ‘штурхаць, біць, рухаць, замыкаць на засаўку’, а таксама з марыйск. tumak ‘дубіна’ (Маркаў, РФВ, 73, 102). Сувязь з укр. товкмачити ‘біць, калаціць, трэсці’ (ЕСУМ, 5, 674), а таксама з рус. токма́чить ‘біць, таўчы’ выглядае больш прывабнай (гл. такмачы). На базе фразеалагізма рус. дать по шапке ‘пабіць’ Арол (4, 116) збліжае з тат. tumag ‘шапка’.

Тума́к2 ‘дурань, недалёкі чалавек’ (Юрч. Фраз. 2), ‘някемлівы чалавек’ (Мат. Гом.), ‘дурань, цёмны неадукаваны чалавек’ (Яўс., ТС), ‘тупы, неразвіты чалавек’ (беласт., Сл. ПЗБ), ‘дурань, тупіца’ (Рэг. сл. Віц.), ‘недарэка’ (Руб.), ‘тупы, абмежаваны чалавек’ (Юрч. Вытв.), тумачо́к, тумачо́чак ‘дурань, недалёкі чалавек’ (Юрч. СНЛ). Параўноўваюць з рус. разан. тумата́ ‘слепата, цемната’ і далей праз апошняе значэнне да ‘неразвітасць, неадукаванасць, дурасць’, што не выключае сувязі з марыйск. тума́к ‘дубіна’ (Жураўлёў, Язык и миф, 120). Грунтуючыся на рэканструкцыі рус. дыял. тума́ ‘лухта, глупства, дзіва’ (Даль), укр. тума́ ‘хмуры, маўклівы чалавек’, як *top‑ma ‘тупы розум, тупы чалавек’ < *topiti ‘рабіць тупым’, Ліўканен (Отглаг. сущ., 169) мяркуе пра зыходнае значэнне ‘тупы розум’. Сюды ж таксама славен. túmpast ‘тупы, недалёкі’ (Сной₂, 791), якое выводзіцца са славен. tȍp < прасл. *tǫ̑pъ ‘тупы, неразумны, абмежаваны’.

Тума́к3 ‘помесь зайца-беляка з зайцам-русаком’ (ТСБМ), ‘фарбаванае футра зайца’ (там жа), ‘звярок, пушыстую шкуру якога вырабляюць на каўняры’ (Нас.). Укр., рус. тума́ ‘метыс, напаўрускі-напаўтатарын, паўукраінец-паўтурак’, укр. тума́ ‘жывёла змешанай пароды’, тум ‘свойская жывёла палепшанай пароды’, тума́к ‘помесь беляка і русака’, ‘фарбаванае футра зайца’, ‘куніца лясная, Martes martes L.’, рус. тумак ‘метыс’, ‘падфарбаванае футра зайца’, ‘сібірскі тхор’, польск. tumak ‘куніца’, tumaki ‘футра з куніцы’ (запазычаны праз рус. мову). Запазычанне з цюркскіх моў, параўн. тат. тӯма ‘прыплод’, ‘нашчадак’, канцавое ‑к мяркуецца з цюрк. tuma‑g у якасці памяншальнага суфікса, гл. Анікім 565; іншыя меркаванні ў Фасмер, 4, 119; ЕСУМ, 5, 674; Шыпава, Сл. тюрк., 333–334; Дабрадомаў, Этимология–1970, 103–115.