Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Любі́ста, любі́сцік, любі́сто́к, любы́сток, любі́сьнік, любі́стра ’расліна з сямейства парасонавых, Levisticum officinale Koch.’, якая ў народнай медыцыне выкарыстоўвалася як сродак для ўзбуджэння любоўных пачуццяў, як магічны сродак для барацьбы з цёмнымі сіламі, напр., як зелле для купання дзіцяці’ (ТСБМ, Грыг., Кіс., Бяльк., Нас., Мат. Гом., Бес., Некр., Юрч. Вытв., Растарг.; даўг., Сл. ПЗБ). Запазычана з польск. lubieszczek, lubistek, lubist, якія з с.-в.-ням. lübestecke, lübestëcco, lobistek, lubstöck ’тс’ (у іх ужо ў XV ст. назіраецца народная этымалогія да lieber, ням. lieb ’любы, мілы’, як і ў слав. назвах — да лю́бы, любі́ць) < с.-лац. lubisticum, libisticum < лац. ligusticum < Ligus ’з краіны Лігурыі’ (Слаўскі, 4, 350–351; тое ж А. К. (Мовознавство, 1967, 1, 83); Кюнэ (73), Махэк (Jména, 163).

Любі́цель, в.-дзв. любі́цяль ’аматар’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ), любіцельніца, любіцельскі, любіцельства ўзяты з рус. любитель і г. д. (Крукоўскі, Уплыў, 57). Аднак любіцелька ’аматарка’ (Ян.) — самастойнае ўтварэнне ад любіцель.

Любі́ць, любі́ц, любі́ці, любэ́тэ, любы́ты ’адчуваць прыхільнасць да каго- або чаго-небудзь’, ’кахаць’, ’мець цягу, ахвоту, цікавасць да чаго-небудзь’, ’адчуваць задавальненне ад чаго-небудзь’ (ТСБМ, Бяльк., Касп., ТС, Яруш., Сл. ПЗБ), любі́цца ’заляцацца, любіць, кахаць адзін аднаго’ (ТСБМ, Гарэц., Бяльк., Сцяшк., Шат., Касп.; вілей., З нар. сл.; Сл. ПЗБ), ’мець любоўныя адносіны’ (ТС). Укр. люби́ти(ся), рус. люби́ть, ст.-рус. любити; польск. lubić (się), палаб. lʼaibě ’любіць, кахае’, н.-луж. lubiś, libiś, lubiś so, в.-луж. lubić (so), чэш. líbiti (se), славац. ľubiť (sa); славен. ljúbiti, ljubiti se, серб.-харв. љу́бити (ce), макед. љубам, љубʼа, балг. любя, ст.-слав. любити (сѧ). Прасл. lʼubiti, утворанае ад прыметніка lʼubъ (Слаўскі, 4, 351–353; Фасмер, 2, 544; Скок, 2, 336–339) > лю́бы (гл.). Аднак Трубачоў (Этимология–74, 183) дапускае, што можна бачыць у фармальных адносінах прасл. lʼubъlʼubiti спадчыну і.-е. адносін *leubhos*leubhei̯ō ’любімы — любіць, страсна жадаць’. Сюды ж любі́мы ’які выклікае пачуццё любві’, ’каханы’, любі́мец ’улюбёнец’, любі́мчык ’тс’ (ТСБМ). Гл. таксама любоў.

Лю́бка1 — ласкавы зварот да жанчыны, дзяўчыны, да любімага чалавека, лю́бачка ’мілачка’ (Нас., Бес., Яруш., Шат., ТСБМ, Нар. Гом.). Укр., рус. лю́бка, польск., луж. lubka, чэш. lǐbka, славен. ljȗbka. Прасл. lʼubъka (Трубачоў, Эт. сл., 15, 183). Да лю́бы (гл.) — ж. род лю́ба (адсюль імя Люба, якое пасля набыло афіцыйную форму Любоў). Сюды ж лю́бачка ’мілая, любімая’, ’дзіцятка’ (ТСБМ, Жд. 1, Шат.), любчы́на ’мілая, дарагая’ (Нар. Гом.) — пад уплывам лексемы дзяўчы́на.

Любка2 ’чараўнік, Platanthera bifolia (L.) L. C. Rich.’ (паўн.-усх., Кіс.). Укр. любки́ ’ятрашнік шлеманосны’, лю́бка ’ятрашнік шыракалісты’, рус. кур. лю́бка ’ятрашнік шлеманосны’. Усх.-слав. Бел. лексема прымыкае да рус. моўнай тэрыторыі. Да лю́бы (гл.).

Любкі ’частка дзяльбы на дзве долі, якую адзін з удзельнікаў падзелу выбірае сабе’ (Цясл.). З рус. любки́ ў спалучэннях по любка́м, на любки́, любка́ ’добраахвотна, паводле свайго жадання, на выбар’.

Любовы ’любы, выбраны з любоўю’, ’шаноўны’ (Нас.), ’даспадобы’ (Нар. Гом.), любовенькі ’тс’ (Нас.), ’дарагі, па сэрцу’ (Нар. Гом.). Рус. вяц. любово́й. Адыменны прыметнік. Да любоў (гл.).

Любоў ’пачуццё глыбокай прыхільнасці, адданасці’, ’каханне’, ’схільнасць, цяга да чаго-небудзь’ (ТСБМ, Бяльк., ТС, Яруш.). Укр. любов, рус. любовь, ст.-рус. любовь, любы, славен. ljubȋ, ljubȃv, серб.-харв. љу́би, љу́бав, макед. љубов, балг. любо́в, либо́в, ст.-слав. любы. Прасл. lʼuby, lʼubъve ўтвораны ад прыметніка lʼubъ (Бернекер, 756; Фасмер, 2, 544; Младэнаў, 283; Скок, 2, 338; БЕР, 3, 573–574). Паводле Бірнбаўма (VII Međunar. Slavistički kongres, Knjiga refer., 1, Zagreb, 1978), словы з коранем lʼub‑ першапачаткова азначалі ’актыўнае каханне’, а з коранем mil‑ — ’пасіўнае, жаданае каханне’. Іншыя словы (lask‑, koxa‑) атрымалі значэнне ’каханне’ на працягу развіцця слав. моў. Гл. таксама Трубачоў (Эт. сл., 15, 185–186).

Любоўства ’каханне’ (Нар. Гом.). Рэгіяналізм. Адпрыметнікавае ўтварэнне з суфіксам ‑ств‑а (аб ім гл. Сцяцко, Афікс. наз., 139–140). Да любовы (гл.).

Любоцце, любоцця, любоценне ’тое, што люба, прывабнае, прыгожае’ (Крыў., Дзіс.; ТС). Утворана ад любата́ (гл.) пры дапамозе суфікса ‑ьje, з адцягненым значэннем.

Любошчы, лю́бошчы, любошч (ж.), любошчі́ ’любоўныя адносіны’, ’каханне, заляцанне, мілаванне’ (ТСБМ, Шат., Бес., Клім., Жд. 1, Мат. Гом.; лях., кам., Сл. ПЗБ). Да любі́ць (гл.). Аб суфіксе ў бел. мове гл. Сцяцко (Афікс. наз., 90). Аднак гэты суфікс (які ўзыходзіць да прасл. ‑ostь + ja у мн. л. ‑ost‑ji) больш характэрны для ўкраінскай мовы. (Вступ, 152).