Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Любаце́нне ’асалода, прыемнасць у вышэйшай ступені’ (Шат.) — кантамінаванае ўтварэнне ад любата́ і любе́нне (гл.).

Любе́знік1, любі́знік ’нагаворнае зелле, якім прычароўвалі хлопца да дзяўчыны’ (Сцяшк., Багд., Шн. 3, Касп., Шат., ТС), любізнік ’злая істота’ (Інстр. II), браг. любіснік ’любіста’ (Мат. Гом.) — у выніку кантамінацыі назваў раслін, якія ўзыходзяць да ⁺любезны (польск. lubiezny, lubieżny, рус. любезный): польск. lubieznka, lubieżnka ’стальнік, Ononis arvensis L.’ і lubeznka ’жаўтазель, Genista L.’, — і назваў расліны любі́ста (любі́сцік), ’Levisticum officinale Koch.’ Гл. яшчэ любі́ста, любі́сцік.

Любезнік2 ’палюбоўнік, каханак’ (ТС), ст.-польск. lubiezny, славен. ljubêznik, серб.-харв. ljūbeznik, љу̀безник ’тс’, ’сябар’. Прасл. lʼubezьnikъ (Трубачоў, Эт. сл., 15, 170).

*Любе́нец, любеняц ’нарачоны’ (трак., Сл. ПЗБ). З польск. lubienice ’тс’. Паводле Трубачова (Эт. сл., 15, 169), прасл. lʼub(j)enьcь.

Любе́нне, любе́ння, любе́ня, любе́нё ’любата, пацеха’ (Яруш.; глыб., шчуч., маст., Сл. ПЗБ), ’каханне’ (шчуч., Сцяшк. Сл.), ст.-польск. lubienie, ст.-рус. любление, любленье ’каханне’, ’адданасць’, ’прыхільнасць’; рус. ярасл. любле́нье ’палавыя сувязі’ і серб.-харв. ljȗbljenik ’каханак’, макед. љубење, ст.-слав. люблѥниѥ ’любоў’. Прасл. lʼub(j)enbje (Трубачоў, Эт. сл., 15, 169).

Лю́бжа, лю́бша ’замова на каханне’, ’нагаворнае зелле’ (Гарэц.), ’ятрышнік, зязюлька плямістая, Orchis maculala L.’ (Растарг.), ’чараўнік, Platanthera bifolia L. C. Rich’ (Кіс.). Укр. любжа ’ятрышнік’, рус. смал., арл., кур. любжа ’ятрышнік’, ’чараўнік’. Утворана ад любіць (Сцяцко, Афікс. наз., 79). Матывацыя (Махэк, Jména, 299): расліна мае два клубні, якія нагадваюць яйцы, таму існавала павер’е, што прырода нібыта сама ўказала на тое, што гэта расліна служыць для павышэння патэнцыі (параўн. чэш. vstavač, польск. storczyk), выклікаючы каханне. Іншыя назвы звязаны з зязюляй (параўн. бел. зязюлька, чэш. žežhulka, zezulka, kukačka), бо яна (паводле фальклорных песень) мае адносіны да кахання і плоднасці. Прасл. lʼubьža (Трубачоў, Эт. сл., 15, 189).

Любжа́ць ’кахаць, любіць’ (ашм., Сцяшк. Сл.). Да лю́бжа (гл.).

Любівы, люблівы, лібівы, ліблівы, любовы, любэвы, любывый ’посны, нятлусты (мяса)’, ’сала з праслойкамі мяса’ (Нас., Касп., Мядзв., Юрч., Вешт. дыс., Сцяшк. Сл., Сл. ПЗБ; КЭС, лаг. і інш.), зэльв. любо́віно мяса (Сцяшк.), усх.-бел. любавіна ’благое, поснае мяса’ (КЭС і Мат. Маг.), ст.-бел. либѣвый ’змардаваны’, либивость ’худзізна’ (Скарына), якія запазычаны з чэш. liběvý, libivost. Рус. любови́на, смал. любавый, кур. либавчина ’слой мяса на сале’, ст.-рус. либивый ’худы’, паўн.-рус. ли́би́вый, либиво́й ’тс’; каш. lëbavi ’павольны, гультаяваты’, ’любівы’, ’высокі, але тонкі і худы’, велікапольск. lubave mʼysu̯o ’любівае мяса’, в.-луж. libojty < libovitъ, ст.-чэш. libivý, чэш. libový ’тс’, мар. lebavý ’пусты, дрэнны’; славен. libovína, lȋbivo ’мяса без косці’, кайк. libiv ’сухі, пусты’, серб.-харв. либовина ’сцягно’, макед. либав ’слабы’, ц.-слав. либавъ ’худы, мізэрны’. Прасл. libavъ, libivъ, libovъ ’худы, слабы’ (Слаўскі, 4, 218–219), утвораныя ад libъ (параўн. каш. lëbi ’высачэзны, слабы’, ст.-польск. luby ’шчуплы’, каш. lubï ’тс’, в.-луж. liba ’жылістае мяса’, ст.-чэш. libí ’поснае (мяса)’; роднаснымі да яго будуць: літ. líebas ’слабы, тонкі, стройны’, ст.-сакс. lêf ’слабы, хворы’ і з чаргаваннем галоснай літ. láibas, лат. laĩbs ’слабы, тонкі, стройны’, літ. leĩnas ’тс’, лат. lèins ’крывалапы’. І.‑е. *lēibho‑ (Слаўскі, 4, 222; Фасмер, 2, 543 і 492; Махэк₂, 330; Скок, 2, 293; Бязлай, 2, 139; Шустар-Шэўц, 11, 837–838). Пераход лі‑ > лю‑ адбыўся пад уплывам слова любовь; у польск. мове мена li‑ > lu‑ назіралася ўжо ў XV ст.

Любі́ж ’месца, дзе знаходзіцца крыніца з пітной вадой’, ’прыгожае з выгодамі месца’ (горац., стол., Яшк.), ст.-польск. lubież ’раскоша, прывабнасць, грацыя’. Суфікс ‑іж з ‑еж, які павінен быў бы быць у прасл. ‑ěžь, аднак у прасл. мове гэты суфікс мае форму ‑ežь. Таму для бел. любіж трэба дапусціць існаванне дзеяслова на ‑ěti, з якога дадзеная лексема ўтварылася (⁺любець). Адпаведнікі да яе: рус. амур. любе́ть ’любіць’, мала- і велікапольск. lubieć ’тс’. Аб суфіксе гл. Слаўскі (SP, 1, 69–70), Сцяцко (Афікс. наз., 85).

Любім ’любісцік, Levisticum officinale L. Koch.’ (Кіс.), рус. цвяр. ’ятрашнік плямісты, Orchis maculata L.’, уфімск. ’чарнакорань, Echinospermum Lappula Lehm.’ Утворана ад прыметніка лю́бы (гл.) пры дапамозе суфікса ‑ім (< з прасл. ‑imъ — суфікса, які ўтварае словы са значэннем сваяцтва пабрацім, отчым).

Любіне́, любыня́ ’любата’ (драг., Лучыц-Федарэц; Клім.). Да лю́бы (гл.). Аб суфіксе ‑ін‑я (‑ын‑я) < прасл. ‑ynʼi гл. Слаўскі (SP, 1, 139–140), Сцяцко (Афікс. наз., 109).