Лэхтар ’вынашаная падраная адзежына фабрычнага вырабу’ (КЭС, лаг.). Да лэх < ла́хі (гл.). Аб суфіксе ‑ар гл. Сцяцко (Афікс. наз., 148).
Лэш ’хлусня, нагавор’ (маладз., Янк. Мат.; ваўк., Сл. ПЗБ). Паланізм (або скарэкціраванае паводле польск. łeż ’тс’ усх.-слав. ⁺лъжь). Гл. Арашонкава (Бел.-польск. ізал., 7–12).
Лэшкі ’градкі, рад’ (Булг.). Да ляха́ (гл.).
Люб ’любімы, каханы, прыемны’ (Др.-Падб.). Да лю́бы (гл.).
Люба́ва ’нятлустае свіное мяса’ (валож., Жыв. сл.) — субстантываваны прыметнік жан. роду. Да любі́вы (гл.).
Любава́цца ’разглядаць з захапленнем, з задавальненнем’, ’наглядаць за чыёй-небудзь дзейнасцю з задавальненнем’, ’мець уцеху’ (Яруш., ТСБМ, Нар. Гом.), любава́ць ’любіць, любавацца’ (Нас.). Укр. любувати(ся), любовати, рус. любоваться, ст.-рус. любовати, польск. lubować się, н.-луж. lubowaś, в.-луж. lubować, чэш. libovati si, ст.-чэш. ľubovati, славац. ľubovať si, славен. ljubováti, ljúbovati, серб.-харв. љубовати, макед. љубува се, балг. любува се. Прасл. lʼubovati ’захапляцца нечым’, утворанае ад lʼubъ (Слаўскі, 4, 358–359). Да лю́бы (гл.).
Любаві́зна, любаві́на ’праслойка мяса ў сале’ (міёр., Нар. сл.), ’нятлустае, поснае мяса’ (полац., Нар. сл.; глыб., даўг., докш., Сл. ПЗБ), любавіна ’тс’ (КЭС, лаг.). Да любі́вы (гл.) у яго варыянце любовы (прыблізна тая ж тэрыторыя, Сл. ПЗБ). Аб суфіксе гл. Сцяцко (Афікс. наз., 103).
Любасць, любосць, любось ’пачуццё глыбокай прыхільнасці, пяшчоты да каго- або чаго-небудзь’, ’любата’, ’прыязнасць’, ’каханне’, ’ласкавасць’, ’уцеха, пашана’, ’міла, вельмі прыемна’ (ТСБМ, Гарэц., Нас., Яруш., Растарг., Мікуц.; віл., пух., Сл. ПЗБ; КЭС, лаг.), любосці ’заляцанні’ (карэліц., Сцяшк., Сл.). Укр. любість; ст.-рус. любость (XVI ст.) < ст.-бел.; польск. lubość, н.- і в.-луж. lubosć, чэш. libost, ст.-чэш. ľubost, ľúbost, славац. ľúbosť. Прасл. паўн. lʼubostь, якое з lʼubъ (Слаўскі, 4, 361–362). Да лю́бы (гл.).
Любата́, любута́, любота́ ’тое, што люба, што выклікае прыемнае ўражанне, захапленне’, ’асалода, прыемнасць’, ’прыгожасць, прывабнасць’, ’раскоша, хараство’ (ТСБМ, Мядзв., Шат., Касп., ТС, Ян.; міёр., З нар. сл.; КЭС, лаг.; брасл., карэліц., Сл. ПЗБ), ’добра’ (калінк., З нар. сл.). Укр. любота́ ’асалода, задавальненне’, рус. любота, серб.-харв. љу̀ботан ’чалавечны’, уласнае імя Ljubota. Прасл. lʼubota (Трубачоў, Эт. сл., 15, 179).
Любаўла́сце ’ўладалюбства’ (Гарэц., Др.-Падб.), ст.-рус. любовластие. Да любіць (гл.) і ст.-рус. власть ’улада’.