Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Трэ́нер ‘спецыяліст, які кіруе трэніроўкай’ (ТСБМ). Праз польскую ці рускую мову з англ. trainer ‘трэнер, інструктар, дрэсіроўшчык’. Аналагічна: трэ́нінг ‘трэніроўка’ (ТСБМ), трэнава́нне ‘тс’ (Некр. і Байк.), трэнава́ць ‘праводзіць трэніроўкі’ (Некр. і Байк.) і трэнірава́ць ‘навучаючы каго-небудзь, праводзіць сістэматычныя практыкаванні па чым-небудзь’ (ТСБМ), ‘тармазіць (плыт)’ (шальч., Сл. ПЗБ); параўн. да апошняга англ. train ‘шэраг, ланцуг, гуж’, ‘чарада’. Сюды ж трэніроўка ‘навучанне маладога сабакі да палявання’ (Сцяшк.). Гл. Брукнер, 576; ЕСУМ, 5, 629; Арол, 4, 98.

Трэ́нзель ‘металічныя цуглі’ (ТСБМ), ‘вуздэчка’ (Баршч.). Запазычана, магчыма, з ід. trenzl ‘цуглі’ (Астравух, Ідыш-бел. сл.), параўн. польск. tręnzla ‘тс’, што да ням. Trenze ‘вуздэчка’, якое, у сваю чаргу, запазычана праз гал. trensse з ісп. trenza ‘пляцёнка, канат’ (Duden Etumologie, 863; Фасмер, 4, 98).

Трэ́ніца ‘жанчына, якая трэ лён’ (ганц., Сл. ПЗБ, Лексика Пол.), трэ́льніца ‘мяльшчыца’ (Жд. 1). Суфіксальнае ўтварэнне ж. р. на ‑ніца, апошняе слова, відаць, на аснове дзеепрыметніка *trelъ ад *terti > це́рці (гл.). Аналагічна в.- і н.-луж. trělnica ‘тс’ ад trěć/trěś ‘церці’ (Шустар-Шэўц, 1527).

Трэ́нне ‘кастрыца, цвёрдыя адходы пры апрацоўцы валакна’ (Сл. ПЗБ, Трух.). Узыходзіць да *ter‑ьn‑ьje < прасл. *terti > це́рці (гл.).

Трэнта́цца ‘бадзяцца без справы (цэлы дзень)’ (Нас.). Імітатыў з экспрэсіўнай назалізацыяй, параўн. чэш. trtat, trtonit ‘хадзіць дробнымі крокамі’. Махэк₂ (654) далучае сюды і балг. тъ́ртя да бя́гам ‘кінуцца наўцёкі’, параўн. търто́тя се ‘валачыцца’ і пад. Параўн. таксама няяснага паходжання ід. trenclen ‘марнатравіць, марна траціць, мантачыць’ (Астравух, Ідыш-бел. сл.). Гл. і трэндаць.

Трэ́нты ‘лахманы, рыззё’ (Скарбы), трэ́нті ‘парванае адзенне’ (Сл. Брэс.). Гл. транты.

Трэ́нцік: гульня ў трэнцік (завостраны колік) або ў ножык (жлоб., БНТ, Гульні). Няясна, магчыма, ад прэ́нцік ‘завостраная палачка’, гл. прэнт.

Трэ́нціць ‘гаварыць, паўтараць адно і тое ж’ (Сцяшк. Сл.). Відаць, звязана з трэнтацца (гл.).

Трэ́нчык ‘вузкі раменьчык, прывязка’ (ТСБМ). Гл. трынчык.

Трэ́нчыць ‘турбаваць, непакоіць’, трэ́нчыцца ‘турбавацца, непакоіцца’, ‘хацецца’ (Юрч. СНЛ), трэ́нчанне ‘турботы, непакой’ (там жа). Гл. фанетычны варыянт дрэнчыць ‘тс’.