Трэ́нер ‘спецыяліст, які кіруе трэніроўкай’ (ТСБМ). Праз польскую ці рускую мову з англ. trainer ‘трэнер, інструктар, дрэсіроўшчык’. Аналагічна: трэ́нінг ‘трэніроўка’ (ТСБМ), трэнава́нне ‘тс’ (Некр. і Байк.), трэнава́ць ‘праводзіць трэніроўкі’ (Некр. і Байк.) і трэнірава́ць ‘навучаючы каго-небудзь, праводзіць сістэматычныя практыкаванні па чым-небудзь’ (ТСБМ), ‘тармазіць (плыт)’ (шальч., Сл. ПЗБ); параўн. да апошняга англ. train ‘шэраг, ланцуг, гуж’, ‘чарада’. Сюды ж трэніроўка ‘навучанне маладога сабакі да палявання’ (Сцяшк.). Гл. Брукнер, 576; ЕСУМ, 5, 629; Арол, 4, 98.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)