Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Мжа ’дробны дождж’ (Ян., Растарг.; віл., КЭС; шчуч., Сцяшк. Сл.), мжак, мжа́ка (Багд., Мядзв., Касп., Мат. Гом., Ян.), мжа́вка (беласт., Сл. ПЗБ), мжачка (круп., Жыв. сл.), мжун (чач., Мат. Гом.), мжыць ’накрапваць (аб дробным дожджыку)’ (Растарг.). Да імжа́1, імжы́ць (гл.).

Мжыць ’заплюшчыць вочы’, мжы́цца ’змыкацца, заплюшчвацца’, ’мроіцца, здавацца’ (Нас., Яруш.). Укр. мига́тися, мигну́тися ’мроіцца, здавацца’, ’здацца’, ’мільгаць’, польск. mżyć, mżeć ’міргаць (вачыма)’, ’драмаць’, ’склейвацца (пра вочы)’, ’глядзець, нібы праз туман’, mżonki ’паўсон’. Да прасл. migati > міга́ць (гл.) (Брукнер, 351) ’хутка рухацца туды-сюды’ > ’міргаць вачыма, калі надыходзіць сон’ (параўн. літ. miegóti ’спаць’) > ’бачыць праз сон нешта час-ад-часу’ > ’здавацца, мроіцца’.

Мжэль ’імгла’ (усх.-гом., КЭС), ’дробны дождж’ (Растарг.). Беларускае. Да імжы́ць (гл.). Аб суфіксе ‑эль < прасл. ‑elʼь гл. Слаўскі, SP, 1, 108.

Мжэнь ’імжа’ (ветк., Мат. Гом.). Да імжы́ць (гл.). Аб суфіксе гл. Сцяцко, Афікс. наз., 38.

Міг ’імгненне, момант’, мігам, мігом ’вельмі хутка, у адзін момант’ (ТСБМ, Бяльк., ТС, Яруш.; докш., Янк. Мат.), мігаць, мыга́ты ’хутка паднімаць і апускаць павекі’, ’мільгаць’, ’бліскаць (пра маланку)’, ’мігцець’, ’хутка праносіцца перад вачыма’ (ТСБМ, Анім., Бяльк., ТС; стол., Нар. лекс.). Укр. миг, ми́га́ти, рус. миг, мигать, ст.-рус. мигати, польск. mig, migać, палаб. mʼėgojĕ să vicaima, н.-луж. mikaś, migaś, в.-луж. mikać, чэш. mih, mihati, славац. mih, mihať, славен. mȋg, migati, серб.-харв. ми̏г, ми̏гати, макед. мига, балг. миг, мигам, ц.-слав. мьгнѧти, ст.-слав. по‑мизати очима. Прасл. migati (). Найбліжэйшыя адпаведнікі: літ. mìgti ’засынаць’, miegóti ’спаць’, miẽgas ’сон’, лат. miêgt ’заплюшчваць вочы’, ст.-прус. meicte ’спаць’, maiǫġun ’сон, спячка’, лац. micāre ’блішчэць, міргаюць’, сагдыйск. nimiž ’маргаць’, с.-перс. miž ’павека’, с.-н.-ням. micken ’накіроўваць позірк, назіраць’. І.‑е. аснова *meĭg‑/*meĭkʼ‑ (Бенвеніст, BSL, 38, 280; Ван–Вейк, IF, 28, 124; Бернекер, 2, 57; Фасмер, 2, 618–619; Скок, 2, 419–420; Махэк₂, 362; Бязлай, 2, 183; ЕСУМ, 3, 457; Мяркулава, Этимология–1973, 59). Фасмер і аўтары БЕР (3, 782–783) мяркуюць, што дзеяслоў migati ўтварыўся ад migъ, наадварот Махэк і Бязлай. Сюды ж мігунь! ’раптам, у адзін момант’, ’міг’ (Нас. Доп.).

*Мігавіца, мы́гавіца, мыга́віца ’маланка’. Палескае (Дзендзелеўскі, Бел.-укр. ізал., 25). Рус. смал., пск. ми́говка ’тс’. Да міг, міга́ць (гл.).

Мігалі, ст.-бел. мигали ’гарнастай’ (XVII ст.) было запазычана праз ст.-польск. мову з с.-лац. migale (Булыка, Лекс. запазыч., 144).

Міга́лка ’газоўка’, ’ліхтар, які ўспышкамі падае сігналы транспарту’ (ТСБМ). З рус. мигалка ’тс’. Мігальны — калька з рус. мигательный (Крукоўскі, Уплыў, 118).

Мі́гатам, мі́гаткам ’мігам’ (слуц., Жыв. сл.). З прасл. migъtь, якое з migъtěti ’бліскаць, мігаць, мігцець’, параўн. польск. migotać, чэш. míhotat, славен. migetáti. Да міг (гл.).

Мігаце́ць1 ’паказвацца на кароткі час і знікаць з поля зроку’, ’свяціць няроўным бляскам’ (ТСБМ, Яруш., Шат., Растарг.), ’ярка блішчэць’ (Шат.), ’пералівацца колерамі’ (КЭС, лаг.), мігце́ць ’тс’, ’ледзь свяціць’ (ТСБМ, Яруш.). Да прасл. migъtěti ’бліскацець, міргаць’ (Мяркулава, Этимология–1973, 58–59), і.-е. аснова *meig‑, якая ў балт. групе моў лае значэнні ’спаць’ (гл. міг) і ’туман’ (літ. miglà, лат. migla), як і ў ст.-грэч. (ὀμίχλη), алб. (mjegull), ст.-інд. (mēgha), авест. (māeɣa) мовах (Скок, 2, 420).

Мігаце́ць2 ’імжыць’ (рэч., Нар. сл.). Семантычны балтызм. Параўн. літ. miglà, лат. migla ’туман’, літ. miglóti(s) ’засцілацца туманам’. Да мігаце́ць1, міг (гл.).