Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Мешкаві́на ’грубая моцная тканіна для мяшкоў ці для ўпакоўкі’ (ТСБМ, мсцісл., Жыв. сл.). З рус. мешкови́на ’тс’.

Ме́шкацца ’марудзіць, рабіць памалу’ (пін., З нар. сл.; ТС). Рус. мешкать ’тс’, урал. ’чакаць’, кіраў. ’разважаць’, ст.-рус. мѣшькати ’чакаць, марудзіць’, ’жыць, пражываць, быць падданым’, мѣшаный ’павольны, вялы’ (паводле Махэка₂, 361, павінна было пісацца ме‑), польск. mieszkać ’марудзіць’, ’забыць, не звяртаць увагі’, ’жыць, прабываць, знаходзіцца’, ’заставацца’, ’быць у адносінах з кім-небудзь’, nieomieszkać ’не занядбаць’, в.-луж. mješkorić ’марудзіць’, чэш. meškati ’марудзіць’, ’знаходзіцца, перашкаджаць у рабоце’, славац. meškať ’спазняцца, адставаць’, славен. mečkati ’паволі працаваць’. Не зусім яснае слова. Найбольш імаверна, што яно паходзіць з мѣшати > мяшаць (гл.) у выніку нарашчэння асновы. Укр. мешкати ’пражываць’, як і ст.-бел. мешкати, мяшкати ’жыць, знаходзіцца’ (XIV ст.), запазычана са ст.-польск. mieszkać ’жыць’ (Жураўскі, SlOr, 10, 1961, 40; Булыка, Лекс. запазыч., ЕСУМ, 3, 455–456.

*Ме́штам, ме́штом ’ускосна, незнарок’ (ТС). Няясна.

Мешчані́н, мяшча́нка, мяшча́не ’карэнны жыхар мястэчка, местачковец’, ’прадстаўнік мяшчанскага саслоўя’ (ТСБМ, Яруш., Бяльк., Янк. 2, Сцяц.), смал. ’анучнік’, ст.-бел. мещанинъ, мещанка, предмещанинъ (XV ст.). Са ст.-польск. mieszczanin, mieszczanek ’гараджанін’ (Булыка, Лекс. запазыч., 202; Кохман, 86). Значэнне ’абывацель’ бел. лексема атрымала ў савецкі перыяд з рус. мещанин ’тс’ (Крукоўскі, Уплыў, 151), якое прыйшло ў рус. мову ў XVIII ст. (Фасмер, 2, 616) з бел. (Козыраў, Бел.-рус. ізал., 59). На Палессі ў значэнні ’абывацель’ ужываецца мешчанчу́к (ТС; драг., КЭС).

*Ме́шыва, сен. ме́шава ’замешаны корм для скаціны’ (Касп.). Да мяша́ць (гл.) па тыпу прасл. měsivo (рус. месиво, серб.-харв. mjesivo).

Мёд, мед, мэд, мід, мідь, мяды́ ’салодкае рэчыва з нектару кветак’, ’напітак з мёду’ (ТСБМ, Бес., Анох., Бяльк., ТС, Сл. ПЗБ, Ян; ашм., З нар. сл.; слаўг., Нар. сл.; драг., КЭС), ’нектар’, ’смала на вішнях і слівах’ (ТС), мяды́ ’добрае жыццё’ (Крыў., Дзіс.), мэдовіца ’рабочая пчала’, мэдові́к ’пернік’ (Анох.), медаву́ха, мідаву́ха ’вада, засалоджаная мёдам’, ’хмельны напітак з мёду’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ; слаўг., Нар. сл.), медава́я (мядовая) раса ’падзь’ (глыб., вілей., глыб., З нар. сл.). Укр. мед, мід, рус. мёд, польск. miód, н.-луж. mjod, в.-луж. měd, чэш., славац. med, славен. mȇd, серб.-харв. ме̑д, макед. мед, балг. мед(ът), ст.-слав. медъ. Прасл. medъ (Р. скл. medu). І.‑е. адпаведнікі: літ. medùs, лат. medus, ст.-прус. meddo ’мёд’, ст.-інд. mádhu ’тс’, ’медавуха’, авест. maϑu‑ ’мёд’, ’віно’, ст.-грэч. μέθυ, ірл. mid, ст.-в.-ням. metu ’хмельны напітак’, і.-е. *medhu‑ ’салодкі’ (Бернекер, 2, 31; Траўтман, 173; Фрэнкель, 425; Фасмер, 2, 588–589; Махэк₂, 357; Скок, 2, 396–397; Бязлай, 2, 174; Абаеў, Зб. Младэнаву, 321–328).

Мёнтка, мёнтачка ’прылада для размешвання, узбівання чаго-небудзь’ (паст., Сл. ПЗБ), Да ме́нта (гл.).

Мёртвы, ме́ртву, мэ́ртвы, ма́ртвы ’нябожчык, нежывы чалавек’, ’нерухомы, бледны’, ’пустынны, бясплодны’, ’нямы’, ’ціхі’ (ТСБМ, Бяльк., Сл. ПЗБ, ТС), ст.-бел. мертвый, мерътвый ’не жывы’ (Булахаў, Гіст., 131). Укр. мертвий, рус. мёртвый, польск. martwy, в.-луж. morwy (mortwy), чэш. mrtvý, славац. mŕtvy, славен. mrtèv, mŕtev, серб.-харв. мр̀тав, мр̑тви, макед. мртов, балг. мъртъв, ст.-слав. мрътвъ. Прасл. mьrtvъ; і.-е. адпаведнікі: ст.-інд. mr̥tá‑h ’мёртвы’, авест. mə́rə́ta‑ ’памерлы’, афганск. mə́r̥‑ ’тс’, ст.-грэч. эольск. βμοτός ’паміраючы’, лац. mortuus, гоц. maúrþr < і.-е. *mr̥tos, якое па аналогіі да živъ атрымала канчатак ‑vъ (Мее, 306, 388; Траўтман, 187; Покарны, 469; Фасмер, 2, 606; Бязлай, 2, 204).

Мётка ’мянташка’ (беласт., Смул.). Да мёнтка (гл.) са стратай назалізацыі (імкненне да «гіперправільнасці»).

Мётлы (мн. л.) ’сонечныя палосы-прамяні паміж хмарамі’ (брэсц., Нар. лекс.). Параўн. польск. miotła ’агонь з хваста каметы’. Да мятла́ (гл.).