Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Мець ’мець што-небудзь у наяўнасці’, ’валодаць кім-, чым-небудзь’, ’намервацца рабіць што-небудзь’, ’мець што-небудзь супраць’ (ТСБМ, Нас., Мал., Шат., Касп., Бяльк., Сл. ПЗБ; КЭС, лаг.), маць, ма́тэ ’мець’ (Янк. 1, ТС, Ян.; гор., Мат. Маг.; драг., КЭС), мецца ’існаваць, быць у наяўнасці’, ’даводзіцца’, ’адчуваць сябе’, ’быць багатым’, ’збірацца зрабіць што-небудзь’, мацца ’быць у стане’ (ТСБМ, Нас., Яруш., Шат., Касп., Бяльк., Сцяшк., Растарг., Сл. ПЗБ, ТС; саліг., Нар. словатв.; КЭС, лаг.). Укр. мати, маю; рус. иметь, имею; ст.-рус. имѣть, имѣю; польск. mieć, mam; палаб. met, mom; н.-луж. mieś, mam, в.-луж. mieć, mam, чэш. míti, mám, славац. mať, mám, славен. iméti, imám, серб.-харв. и́мати, и́мам, чак. imiti, харв.-кайк. imeti, макед. има, балг. и́мам, ст.-слав. имѣти, имамь. Прасл. jьměti, jьmamь, якое з прасл. jьmǫ, (j)ęti (параўн. ст.-слав. имѳ, ѭти ’(пры)-му, (пры)-няць’, але прасл. vъz‑ьmǫ, vъz‑ęti ’ваз-ьму, уз-яць’). Інфінітыў jьmě‑ti мае аснову на ‑ē‑, а 1‑я ас. адз. ліку jьma‑mь — гэта рэзультатыў на ‑ā з аслабленнем у корані (Махэк₂, 366) < і.-е. *imā‑mi. 1‑я ас. адз. ліку бел. маю аформілася пад уплывам дзеясловаў з а‑асновай (зна‑ць), а стары канчатак ‑мь застаўся толькі ў дам і ем. У паўд.-бел. гаворках пасля адбылося выроўніванне паводле гэтай асновы і формы інфінітыва, як ва ўкр. мове. Анічэнка (Бел. лекс., 8) мяркуе, што ст.-бел. мати — украінізм. Гл. таксама: Фасмер, 2, 128; Голуб-Копечны, 225; Брукнер, 331; Скок, 1, 716; Шустар-Шэўц, 12, 895.

*Мецялу́ха1, мытылу́ха, мэтэлу́ха ’мяцеліца’ (малар., Нар. лекс., Сл. Брэс.), метэлю́га ’сумёт’ (паўд.-беласт., БЛ, 11). Да ме́сці, мяце́ль (гл. Сцяцко, Афікс. наз., 38). Сюды ж мецялю́жны ’завейны, завірушны’ (Нар. Гом.).

Мецялу́ха2 ’вясёлка’ (івац., ДАБМ, к. 312). Да весялу́ха2 (гл.). Мена зычных адбылася пад уплывам мяцель — іншай з’явы прыроды.

Меч1 (м. р.) ’старадаўняя халодная зброя’ (ТСБМ, Яруш.), (ж. р. — Рам. 5; швянч., Сл. ПЗБ; Нар. Гом., ТС). Укр. меч і міч, рус. меч, перм. мечо́, ст.-рус. мечь, польск. miecz, н.-луж. mjac, в.-луж. mječ, чэш., славац. meč, славен. mȅč, серб.-харв. ма̏ч, макед., балг. меч, ст.-слав. мечь. Прасл. mečь і mьčь, якія разглядаліся як запазычанне з гоц. *mēkeis (гоц. mēki — В. скл.), ст.-ісл. mϰ kir, ст.-англ. méce, ст.-сакс. mâki (Міклашыч, Fremdw., 112; Мее, 110, 184; Вондрак, Vergl. gr., 1, 62), як роднасныя з лац. mactō, ‑āre ’забіць, зарэзаць’ (Торп, 303), са ст.-грэч. μάχη ’бітва’ (Младэнаў, 295), з ірл. machtaim (Вальдэ-Гофман, 2, 4). Фасмер (2, 612–613) дапускае запазычанне слав. і гоц. слоў з адной, невядомай нам крыніцы; Мартынаў (Лекс. взаим., 217–218) дапускае магчымасць запазычання з Блізкага Ўсходу праз каўказскія мовы (пры цюркскім пасрэдніцтве), параўн. дзідойск. mačʼa ’шабля’, куанадск. mīča ’кінжал’, груз. maχva ’востры меч’ і інш., ст.-грэч. μάχαιρα < ст.-яўр. mekērā(h). Сюды ж ме́чнік ’мечаносец’, ’рамеснік, які вырабляў мячы’ (ТСБМ), ст.-рус. мечьникъ (гл. Львоў, Рус. и слав. языкозн., 1972, 180).

Меч2, мечы́ны ’плоская дошчачка ў пачатку і на канцы драбіны’, ’папярочныя перакладзіны ў драўлянай баране’ (Смул.), укр. валынск. ме́чики ’лёстачкі ў драбіце’. Да мыч (гл.).

*Мечая́, мечея́, мячая́ ’адтуліна ў верхнім камені жорнаў’ (В. В.; іўеў., Сл. ПЗБ). Да прасл. ęča, ęčaja (Трубачоў, Эт. сл., 6, 61) > ячай, ячая́ (гл.) з менай пачатковай зычнай j‑: лечая́ (гл.), лях. ача́й, стол. ячая́ (Сл. ПЗБ), іча́й, руча́й, рус. пск. вице́я, укр. нечая́, бел. гродз. ве́чай, вечая́ (апошнія памылкова выводзяцца з akʼ‑ ač‑ услед за Ваянам, Зб. Курцу «Studia poleoslovenica», Praha, 1971, 381–382) — гл. ЭСБМ, 2, 111. Параўн. таксама семантычна кантамінаванае дуча́й (там жа, 3, 167).

Ме́чыкі ’цюльпаны’ (паст., Сл. ПЗБ), драг. мэ́чыке ’гладыёлусы’ (Лучыц-Федарэц), відаць, з польск. mieczyk ’тс’, як і чэш. mečík, серб.-харв. ма̏ч, mačika, mečiką, mačȋc, mačinac, ’тс’, mačac ’стальнік, Ononis spinosa’ славен. mȅč ’гладыёлус’, mečíka ’касач’, — усе першапачаткова з’яўляюцца старым перакладам з лац. gladiolus ’невялікі меч’ > ’мечавідны ліст’ < gladius ’меч’ паводле падабенства лістоў да мяча.

Ме́ша ’страшыдла, пачвара, якая «блукае ноччу», «сядзіць у цёмным кутку»’ (Янк. 3.). Няясна. Наўрад ці звязана генетычна з літ. maĩšas ’цёмны, закураны кут у кузні’. Відаць, з мяша́ць ’перашкаджаць’, утвараная як, напрыклад, драг. сновэ́да ад сно́ўдатысь ’сноўдацца, хадзіць туды-сюды, перашкаджаючы’. Параўн.: літ. maišýti ’перашкаджаць, блытаць’. Гл. таксама мэ́ша.

Ме́шанец, мяша́нец ’метыс’, ’прыплод дамашняй жывёлы, птушкі, атрыманы ад скрыжавання розных парод’ (ТСБМ, Нас., Юрч.), рус. смал. ’тс’, ніжагар. ’чалавек, народжаны ад мяшанага шлюбу’, ст.-рус. мѣшанецъ (XVII ст.), польск. mieszaniec ’мулат, метыс’, ’гібрыд’, чэш. míšenec ’тс’. Паўночнаславянскае. Да мяша́ць (гл.).

Ме́шань ’поле, узаранае вясною (другі раз) перад сяўбой збожжа’ (Нас., Касп., Бяльк., Дэмб. 1; Выг. дыс.; полац., Нар. лекс.; маладз., в.-дзв., мядз., Сл. ПЗБ; КЭС), лаг., шальч. мешані́на ’тс’ (Сл. ПЗБ), паўд.-пск., смал. ме́шань, ме́шень. Беларускае. Да мяша́ць (гл.).

Ме́шка1 ’мешанка, корм’, мі́шанка, мі́шань ’тс’, ’трасянка’ (Сл. Брэс., Бяльк., Растарг.), укр. новамаск. мі́шка ’розныя гатунак сена’, ’сумесь жыта, ячменю’, рус. пск., смал., вяц., сіб. мешка ’сумесь з сена, саломы з вадой і вотруб’ем’. Да мяша́ць (гл.).

Мешка2 ’непаваротлівы’ (ігн., Сл. ПЗБ). Паводле Грынавяцкене (там жа, 3, 64), паходзіць з літ. meškà ’мядзведзь’. Перанос націску (!?). Параўн. таксама балг. ме́шко, мешко́ ’поўны, тоўсты чалавек’, бел. мешкава́ты, мяшкава́ты, мішкава́ты(й) ’нязграбны, непаваротлівы’ (ТСБМ, ТС, Сл. ПЗБ), якія разам з польск. Mieszko — імя караля, першага з дынастыі Пястаў, узыходзяць да балтыйскай першакрыніцы.

Мешкава́ць, мяшкава́ць ’насыпаць у мяшкі’ (бераст., Сцяшк. Сл.; нясв., Сл. ПЗБ). Калька (пераклад) з польск. workować ’тс’.