Меч1 (м. р.) ’старадаўняя халодная зброя’ (ТСБМ, Яруш.), (ж. р. — Рам. 5; швянч., Сл. ПЗБ; Нар. Гом., ТС). Укр. меч і міч, рус. меч, перм. мечо́, ст.-рус. мечь, польск. miecz, н.-луж. mjac, в.-луж. mječ, чэш., славац. meč, славен. mȅč, серб.-харв. ма̏ч, макед., балг. меч, ст.-слав. мечь. Прасл. mečь і mьčь, якія разглядаліся як запазычанне з гоц. *mēkeis (гоц. mēki — В. скл.), ст.-ісл. mϰ kir, ст.-англ. méce, ст.-сакс. mâki (Міклашыч, Fremdw., 112; Мее, 110, 184; Вондрак, Vergl. gr., 1, 62), як роднасныя з лац. mactō, ‑āre ’забіць, зарэзаць’ (Торп, 303), са ст.-грэч. μάχη ’бітва’ (Младэнаў, 295), з ірл. machtaim (Вальдэ-Гофман, 2, 4). Фасмер (2, 612–613) дапускае запазычанне слав. і гоц. слоў з адной, невядомай нам крыніцы; Мартынаў (Лекс. взаим., 217–218) дапускае магчымасць запазычання з Блізкага Ўсходу праз каўказскія мовы (пры цюркскім пасрэдніцтве), параўн. дзідойск. mačʼa ’шабля’, куанадск. mīča ’кінжал’, груз. maχva ’востры меч’ і інш., ст.-грэч. μάχαιρα < ст.-яўр. mekērā(h). Сюды ж ме́чнік ’мечаносец’, ’рамеснік, які вырабляў мячы’ (ТСБМ), ст.-рус. мечьникъ (гл. Львоў, Рус. и слав. языкозн., 1972, 180).

Меч2, мечы́ны ’плоская дошчачка ў пачатку і на канцы драбіны’, ’папярочныя перакладзіны ў драўлянай баране’ (Смул.), укр. валынск. ме́чики ’лёстачкі ў драбіце’. Да мыч (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)