Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Мацяра́нка гродз. мацеранка ’мацярдушка звычайная, Origanum vulgare L.’ (Кіс.), мацёра́нка ’нейкая краска’ (Бес.). З польск. macierzanka, магчыма, утворанага ў выніку кантамінацыі польск. macierzyca і majoranka (якія таксама азначаюць ’мацярдушка’) пры ад’ідэацыі польск. macierzanka ’чабор’. Параўн. ваўк. мацяжа́нка ’мацярдушка’ (Сл. ПЗБ).

Мацярду́шка ’расліна Origanum vulgare L.’ (вільн., гродз., брэсц., маг., Кіс.; Маш.); ’маяран садовы, Majorana hortensis Moench.’ (гродз., маг., Кіс.), ’падбел звычайны, Tussilago farfara L.’ (гродз., Сцяшк.). Назва гэтых раслін перанесена з назвы набору (Thymus serpyllum L.) ⁺мацерына душа (параўн. укр. материнка, материна душка, рус. маткина душа, ст.-польск. macierza duszka, польск. macierduszka, чэш. mateřídouška, ст.-чэш. mateřie dúška, славац. materina dúška, славен. máterna dúšica, серб.-харв. ма́јкина (ма̏терина) ду̀шица, балг. ма̀щер(и)ка — усе яны з’яўляюцца перакладам лац. Matris animula, пададзенага біскупам Ісідорам Севільскім (VI–VII стст.) у кнізе «Origines», які выкарыстаў сюжэт антычнай легенды, у якой расказваецца аб тым, як дзеці-сіроты старанна прыходзілі да матчынай магілы, маці іх стала шкада, і яе душа вярнулася з неба і пасялілася ў дробналістай красцы з прыгожым пахам. Дзеці адразу пазналі душу сваёй маці і назвалі краску мацярдушкай (Махэк₂, 355). Са словазлучэння мацерына душа ў слав. мовах утварыліся намінацыі накшталт бел. мацярынка, мацярыца, польск. macierzanka, чэш. mateřenka і да т. п. (гл. таксама Фасмер, 2, 582; БЕР, 3, 700–701; Махэк, Jména, 202; Урбуціс, Baltistica, 15, 155).

Мацяроз, мацеру͡оз ’гай (зараснік) каля хаты’ (Федар., 7). Няясна. Паводле тлумачэння аўтараў лінгвістычнага каментарыя (там жа, 582), выраз, у якім сустрэлася гэта слова, у густуом мацеруо̑зі з’яўляецца аналагічным да іншага: у густом ачаруо̑дзі, што азначае ’ў густым чароце’. У такім выпадку мацеруо̑з — скажонае чарот.

Мацяры́зна ’зямельная або маёмасная ўласнасць, атрыманая ў спадчыну па мацярынскай лініі’ (Гарб.; Працы, 8, Нас.; шчуч.Сцяшк. Сл.), ст.-бел. материзна, матерызна ’мацярынская спадчына’ (XV ст.), люди материзные ’адзін з відаў прыгонных’ запазычаны са ст.-польск. macierzyzna ’тс’ (Булыка, Лекс. запазыч., 78).

Мацяры́к1 ’вялікая частка сушы, якая абмываецца марамі і акіянамі’, ’пласт зямлі пад глебай’ (ТСБМ). Запазычана з рус. материк ’тс’ (Крукоўскі, Уплыў, 72), якое (паводле Бернекера, 2, 25) з рус. матерой, матёрый. Параўн. таксама яшчэ ст.-рус. материкъ ’высокая мясціна (у процілегласць нізкаму месцу)’, ’высокі бераг ракі ці возера’. Усходнеславянскае.

Мацяры́к2 ’мат, лаянка’ (Юрч.). Зваротнае ўтварэнне ад рус. материться, якое да матер‑, маці (гл.).

Мацяры́нка1, матэрынка, мацеры́нка ’мацярдушка звычайная, Origanum vulgare L.’ (Анох., бяроз., Нар. лекс.; Мат. Гом., Ян., ТС). Узнікла ў выніку намінацыі словазлучэння з прыметнікам мацерына. Матывацыя — гл. мацярдушка.

Мацяры́нка2, матері́нка ’гусялапка звычайная, Alchemilla vulgaris L.’ (лельч., Бейл.). Намінізаваная калька з ням. Mutterkraut ’расліна мацерын корань, які немкі ўжывалі супраць бясплоднасці’ (Махэк, Jména, 109).

Мацяры́ншчына, матэрі́ншчына ’спадкі пасля маці’ (Бес.; беласт., Сл. ПЗБ). Утворана ад прыметніка мацяры́нскі ’мацерын’ (Нас.). Аб суфіксе гл. Сцяцко (Афікс. наз., 127).

Мацяры́ца ’мацярдушка звычайная, Origanum vulgare L.’ (добр., Мат. Гом.). Відавочна, у выніку намінацыі словазлучэння мацерына душыца. Не выключана магчымасць запазычання з польск. macierzyca ’тс’.

Мацяю́шка ’летняя шапка з шырокім шлякам (беражком)’ (гродз., Мат. АС). З польск. maciejka, maciejówka ’тс’.

Мач ’драўляны сахор у выглядзе завостранай вузкай лапаткі з жалезным наканечнікам або без яго’ (Выг. дыс., ТС; мазыр., З нар. сл.; петрык., Шатал.; воран., Сцяшк. Сл.), укр. жытом., ровен. мач, меч ’жалезныя сахары’, ’граблі’, рус. (Сярэдняя Азія) амач ’начынне для капання’. Паводле Выгоннай (БЛ, 8, 56–57), лексема ўзыходзіць да прасл. metati, mesti ’накідваць’ у форме ітэратыва matati, што ўзыходзіць да і.-е. *mat‑ ’кідаць, разбіваць’, параўн. ст.-інд. matyá‑ ’барана’, лац. mateola ’малаток’, ст.-в.-ням. medela ’плуг’. Параўн. таксама матыка (гл.).