Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Мацыроўка ’цура (з вады, хлеба і солі)’ (ашм., Сл. ПЗБ). Няясна. Магчыма, жартам з лац. mācerātio ’вымочванне, размякчэнне’ (?)

Мацыя́, мацая́, моцоя́, мыцыя́ ’моц, трываласць’ (Нас.), ’сіла, здароўе’ (Юрч.), ’важнасць’ (Сцяшк.), ’недатыкальная, важная асоба’ (Прабл. філал.; Абабурка, Лінгв. дасл., 6; КТС — Цішка Гартны), ’задавака’ (клец., Нар. лекс.), ’зухаваты, фанабэрысты чалавек’ (капыл., нясв., клец., КЭС). Абстрактны назоўнік, утвораны ад моц (гл.) пры дапамозе суфікса ‑(ц)ыя, параўн. драг. стыдо́цыя ’сорам’.

Маць, ма́тэ ’мець’ (Янк. 1, ТС, Ян., Яруш.; гор., Мат. Маг.; драг., КЭС), ма́цца ’быць у стане чаго-небудзь’ (ТС), ’жыць багата’ (паўд.-усх., КЭС). Да мець (гл.). Уплыў укр. мовы.

Мацю́г, мацю́к, мацю́х ’мат’, мацюжыцца, мацюкацца ’лаяцца (матам), зневажаць’, драг. матюке́ гну́тэ, гом. мацюка́ць ’лаяць матам’ (ТСБМ, ТС, Нар. Гом., Юрч.; в.-дзв., навагр., Сл. ПЗБ; КЭС). Усходнеславянскае. Паводле лінгвагеаграфіі пашырэння, можна меркаваць аб распаўсюджванні лексем з паўн.-рус. тэрыторыі (гл. СРНГ, 18, 41–42).

Мацю́га ’мантач, марнатраўца’. Да мот, мата́ць (гл.).

Мацю́к ’род зельцу з барановых або свіных унутранасцей’ (мядз., Нар. сл.). Зах.-укр. мацько, мацьок, жытом. мацьок, мацько ’свіны страўнік’ (ЛАПП). З польск. maciek ’тс’, ’сальцісон’, ’бруха’, ’страўнік, напханы кашай’. Паводле Вештарт (Бел.-польск. ізал., 20), польск. і ўкр. лексемы запазычаны з рум. mat ’кішка’, ’унутранасці’.

Мацю́ка ’булавападобная палка’ (Клім.). З польск. maczuga ’дубіна’, ’булава’.

Ма́ця ’матка’ (Пан. дыс.). Да ма́ці1 (гл.). Нязвыкласць канчатка ‑і ў наз. ж. р. прывяла да мены яго на ‑я, таму што форма маці разумелася ва ўшацкіх гаворках як Р. скл.

*Мацяжа́нка, матежа́нка ’чобор звычайны, Thymus serpyllum L.’ (лельч., Бейл.), мацержанка ’чабор украінскі, Thymus ucrainicus Klok.’ (гродз., Кіс.), ’мацярдушка звычайная, Origanum vulgare L.’, ’маяран садовы, Majorana hortensis Moench.’ (гродз., Кіс.). З польск. macierzanka ’чабор’. Матывацыя — гл. мацярду́шка.

Мацяжына ’балоцвіна, мокрае месца, дзе растуць журавіны’ (Левановіч, «Звязда», 15, 1.1989). З польск. macierzyna ’мацярызна’: відаць, калісьці гэта быў луг, дадзены камусьці ў спадчыну па мацеры. Гл. мацярызна.