Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Ма́ціца ’перламутр’ (ТСБМ), пярловыя маці́цы ’пацеркі з жэмчуга’, крывавыя маціцы ’пацеркі з граната’ (Малч.); ма́ці́ца, ма́тіца (шчуч., беласт., бяроз.) ’галоўны корань у дрэве’, воран. маці́чны кароне ’тс’ (Сл. ПЗБ); ма́ціца, мацяры́к ’тс’ (Сцяшк. Сл.); ма́ціца, ма́тіца ’падоўжная бэлька ў будынку, трам’ (Нар. сл., Касп., Мат. Гом., Сл. ПЗБ, Мат. Маг.), ’бярвенні, якія кладуцца ўпоперак зруба ў верхнім вянку’ (шкл., лун., рас., Шатал.), ст.-бел. матица ’вінаградная лаза’, ’перламутр’ (XVI ст.). Яшчэ ст.-рус. матица ’асноўная, апорная частка чаго-небудзь’, жемчужная матица ’ракавіна жэмчуга’ (XVII ст.), польск. macica, в.-луж. maćica, чэш. matice, славац. matica, славен. mática, серб.-харв. ма̏тица, макед., балг. матица. Прасл. matica — вытворнае ад mati > ма́ці1 (гл.). (Бязлай, 2, 171; БЕР, 3, 685–686; Булахоўскі, Выбр. пр., 3, 352). Гл. таксама маці́ца.

Маці́ца ’матка, uterus’ (Нас.; гродз., шальч., воран., Сл. ПЗБ). Паводле Грынавяцкене (там жа, 3, 50), паходзіць з польск. macica ’тс’. Відавочна, толькі ў паўн.-зах. зоне. Параўн. яшчэ ст.-рус. матица ’тс’ (XVII ст.) < прасл. matica ’пачатак, крыніца чаго-небудзь’.

Мацічнік ’душыца палявая, Acinos arvensis Dandy’ (гродз., Кіс.). Да маці́ца (гл.), аднак матывацыя няясная.

Мація́ша ’месія’ (Шат.). З польск. Mesjasz ’тс’.

Мацоха ’мачаха’ (Нас.; астрав., швянч., Сл. ПЗБ; Сцяц.), ’свінаматка’ (ваўк., Сцяшк. Сл.). З польск. macocha ’тс’ (Мацкевіч, там жа, 3, 50). Аднак значэнне ’свінаматка’. Узнікла ў выніку атаясамлення польск. macocha і maciora.

*Мацу́к, драг. моцук ’моцнае велікоднае яйка’ (КЭС). Да міц < моц ’моц’ (гл.).

Мацу́каць ’мацаць’ (ТС). Да ма́цаць (гл.). Суфікс ‑ук‑ надае кароткатрывалае і шматразовае дзеянне. Роднасным з’яўляецца ўкр. новавалынск. мацкувати ’шукаць вобмацкам’ з выпадзеннем ‑у‑.

Мацу́нак ’уласцівасць моцнага, моц, трываласць’, ’фізічная сіла’, ’тое, чым можна падсілкавацца, пад’есці’ (ТСБМ, Шат., Сл. ПЗБ), ’жалезны прэнт, які злучае ручкі плуга’ (беласт., Смул.). З польск. mocunek ’тс’, якое з moc > моц (гл.) (Шатэрнік, 157; Арашонкава, Бел.-польск. ізал., 10).

Мацыёла, маціёла ’ляўконія сівая, Matthiola incana L.’ (Кіс., Інстр. II). З лац. назвы гэтай расліны. Спалучэнне літар ‑th‑ магло чытацца, як у англ. мове, якое пры перадачы на рус. мову перадавалася праз -[с]- і ў спалучэнні з папярэднім [т] стала пісацца як ‑ц‑.

Мацыён ’хадзьба, гулянне з мэтай умацавання здароўя або для адпачынку’ (ТСБМ). З рус. мовы (Крукоўскі, Уплыў, 77), у якой з ням. Motion < лац. mōtiōne(m) < moveo ’рухаю’ (Фасмер, 2, 666).

Мацыкле́т ’матацыкл’ (бярэз., смарг., Сл. ПЗБ; Сцяц.). Скажоная народная форма ад матацыкле́т (гл.).