Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Навата́жыць (наватижытсь) ’нагрузіць, загрузіць’ (Шпіл.). Відаць, нельга разглядаць асобна ад укр. навантажити ’наўючыць, нагрузіць’, якое звязваюць з вантаж ’цяжар, груз’, што ў сваю чаргу з франц. avantager ’садзейнічаць; павялічваць долю’ або з ватига ’атрад, натоўп; чарада’. Беларускае слова, магчыма, сведчыць на карысць другой версіі. Гл. ЕСУМ, 1, 329. Параўн. вантижыцца.

Наве́даць ’зайсці, адведаць’ (ТСБМ, Сцяшк.), наве́дываць ’адведваць’, наве́дчык ’наведвальнік’ (Бяльк.). Рус. дыял. наведать, укр. наві́дати, польск. nawiedzić, nawiedzać, ц.-слав. навѣждати да *vědati ’знаць, ведаць’, гістарычна звязанага з *viděti ’бачыць’, што часам знаходзіць адлюстраванне і ў збліжэнні сучасных форм, параўн. навіды ’наведванне парадзіхі’ (віц., Падлужны, вусн. паведамл.), рус. дыял. на́веды ’зачын, зачацце’ і інш.

Наве́й ’хвароба ў выніку чараў’ (Машынскі, Kultura, II, 1, 180), ’падвей шыракалісты’ (міёр., Жыв. сл.). Ад навеяць ’нанесці ветрам’, параўн. палес. щоб щось не навіяло — засцерагальная формула ў адносінах да наванароджанага і парадзіхі (Полесский этнолингвистический сб. М., 1983, 38); назва расліны ў выніку пераносу назвы хваробы на сродак лячэння, параўн.: Навеім вушы заклікаюць, яг гълъва баліць (Жыв. сл., 203). Параўн. надвей ’тс’.

На́вертам ’мімаходам, між іншым’ (Гарэц.). Параўн. укр. на́вертом ’мімаходам (зайсці), у першы раз’, што ад вертатися ’заходзіць, заязджаць’. Да вяртиць, вяртицца.

Наве́ц ’мярцвяк, нябожчык’: не чалавек нават — як бы жывы навец (Васючэнка, зб. Тутэйшыя. Мн., 1989, 161). Адсутнасць дакладнай дыялектнай лакалізацыі слова, што ўзыходзіць да прасл. *navь, ц.-слав. навь ’мярцвяк’ і пад., не выключае яго запазычанне з іншых, не народных крыніц ці штучнае ўтварэнне. Параўн., аднак, на́ўскі (гл.).

Навод1 ’навучэнне, падвучванне’ (Бяльк.), ст.-бел. наводъ ’настаўленне’ (Скарына), укр. навід ’указанне, падвучванне’. Аддзеяслоўнае ўтварэнне ад навесці (гл. весці), якое яшчэ ў прасл. мела значэнне ’накіраваць, навесці (на што-н.)’, параўн. бел. навесці на дарогу, навесці на думку, ст.-слав. навести на пжть, польск. nawieść na dobrą drogę і інш. (Герай–Шыманьска, БЕ, 31, 1, 49); у сувязі з гэтым беспадстаўна Булыка (Лекс. запазыч., 205, 208) лічыць яго «лексічным чэхізмам» у Скарыны або запазычаннем з польск. мовы.

Навод2 ’самастрэл на мядзведзя’ (Маш.). Ад навесці (гл. весці) ’нацэліць’, параўн. навесці стрэльбу на каго‑н. ’прыцэліцца’ або ’настроіць наладзіць’, параўн. навесці пілу, касу і інш.

Наводліў ’наводмаш’ (ТСБМ), навотліў ’тс’ (калінк., З нар. сл.), наўотліў: «паганымі рукамі рву [завітку] наўотліў — направа ці налева, толькі не ўверх» (хойн., Полес. этнолингвист. сб. М., 1983, 100), навотляў ’наводліў, наводмаш’ (карэл., Нар. лекс.), навотляй (лях., Янк. Мат.), навотля, наотля ’наводмаш; наадварот, не так, як трэба; ад сябе’ (гродз., Сцяшк. Сл.), навотля, навотлю ’наводмаш; на адлегласці’ (Сл. ПЗБ). Сюды ж, відаць, навотвіль, наотвіль ’наводмаш’ (ТС), навотляг (стаўбц., Жыв. сл.), навотлях (слонім., Нар. лекс.), na wodlach ’тс’ (Федар. II, 159). Параўн. укр. навідлі, навідлів, навідліг, наодлів ’наводмаш’, польск. naodlew, na odlew ’з левага боку, левай рукой’. Існуе некалькі версій паходжання названага слова: ад ле́вы, параўн. польск. odlew ’з левай рукі, левай рукой; перан. махнуўшы рукой ад сябе, адным замахам’ (Варш. сл.), такой версіі адносна бел. навотліў, навотлю прытрымліваецца Шуба (Прыслоўе, 114), які лічыць іх прыставачна-суфіксальнымі; або ад ліць, як лічыць Брукнер (289), для польск. слова, г. зн. на‑(в)од‑ліў, як на‑(в)од‑маш (ад махаць), на‑(в)од‑шыб (ад шыбаць) і г. д. Не выключае, што тут мы маем справу з узаемаўплывам розных па паходжанні слоў, пра што можа сведчыць спецыфічнае для польск. odlew значэнне ’ад сябе, праз руку’, зафіксаванае ў слоўніку Ольгебранта (у т. зв. Віленскім слоўніку): lać do szklanki na odlew, што, відаць, адлюстроўвае праз т. зв. пальшчызну крэсову ўплыў беларускай мовы. У такім выпадку частка аднесеных сюды слоў можа мець іншае паходжанне: наводлег, навотлях ад легчы, ляжаць (< на‑од‑лег), навотвіль, наотвіль ад віляць і г. д. Улічваючы магічны сэнс розных кірункаў дзеяння (параўн., напрыклад, адліванне, адкідванне хваробы ў знахарскай практыцы), перш за ўсё з мэтай засцярогі («Серпа, косу откідалі от себе, ек грымело», ТС, 3, 280), а таксама недапушчальнасць з пункту погляду народнай этыкі наліваць каму-небудзь ад сябе (што павінна сведчыць пра злыя намеры), можна прыняць для наводліў другую версію. Параўн. таксама Журэк, JP, 57, 1977, 36–38 (польск. na odlew — пра замах шабляй з левага боку).

Наводляг ’наводмаш’. Гл. наводліў.

Наводны ’пра свойскую жывёліну ці птушку, якая нарадзілася, выведзена дзе-н. у другім месцы; такая жывёліна адбіваецца ад свайго двара, ад чарады’ (Янк. 2), ’чужы, прыблудны’ (стаўбц., Жыв. сл.; маладз., Янк. Мат.), ’прыведзены (з іншага месца)’ (ТС). Відаць, ад наводзіць ’асочваць, выяўляць месца знаходжання’ (ТС), параўн. наводзіць куру ’высочваць, дзе нясецца курыца’, што ў сваю чаргу звязана з наводзіць ’чараваць, уплываць пры дапамозе чараў’: «Коліся моя невестка наводзіла» (як згубіцца што) (ТС); пра апошняе больш падрабязна гл. Машынскі, Kultura, II, 1, 343 і інш. Усё да ве́сці, вяду́ (гл.).

Навоз1 ’загуменне, дарожка, якая ідзе ўздоўж вёскі па загуменнях, поле за загуменнем’ (Хрэст. дыял., 334; Сл. ПЗБ), ’дарожка ў вёсцы па-за будынкамі’ (Чуд.), ’вялікі ўчастак поля, на якім размешчана некалькі хутароў’ (нясвіж., Яшк.), ’месца за агародамі ўздоўж вёскі’ (слуц., Нар. сл.), навозы ’ўчастак поля ля вёскі’ (карэл., Янк. Мат.), навозам ’загуменнем, задамі, сцяжынкай за вёскай’ (Жд. 1); відаць, сюды ж навоз ’прыстань’ (рэч., Яшк.), навозь ’привоз на рынок’, якое параўноўваецца з чэш. ηάυοζ ’звоз, звожванне’ (Грыг.); параўн. таксама польск. nawóz ’тое, што навозяць для засыпкі калдобін, няроўнасцей’. Улічваючы апісальны выраз навозная дарога ’загуменная дарога’ (маладз., дзятл., Сл. ПЗБ), можна дапусціць утварэнне шляхам семантычнай кандэнсацыі: навозная дарога (шлях) > навоз, усё да везці, вязу.

Навоз2 ’гной’ (асіп., Буз.; ганц., Сл. ПЗБ; гродз., Сцяшк. МГ), навозны ’угноены’ (Сл. ПЗБ), ’звязаны з вывазкай гною’, параўн.: «между С. Иоанном и С. Петром играются на Белоруси навозныя толоки» (Фалют., 84). Разам з рус. навоз ’гной’ да вазіць, вязу, гл. Фасмер, 3, 34 («то, что навезено»).