Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Каро́жыцца ’капрызіць’ (ДрУПадб.), ’капрызіць’, ’рабіць сутаргавыя рухі’ (Гарэц.). Парсун, карова (гл.).

Каро́за1 ’капрыза’ (Яўс., Янк. Мат.). Параўн. славен. koruze ’дрэнны конь’, прасл. koruza (Куркіна Этымалогія, 1970, 95).

Каро́за2 ’сойка’ (Гарэц.). Этымалогія адсутнае (гл. Фасмер, 2, 198).

Каро́зленькі ’закарузлы’ (Нар. сл.). Да кара (Фасмер, 2, 75). Больш надзейна да карузлы, (гл.).

Каро́ль1 укр. король, рус. король, чэш. král, в.-луж. kral, польск. król, балг. крал, серб.-харв. кра̑љ, славен. kralj, прасл. korlь. Традыцыйная этымалогія зводзіцца да запазычання у якасці тытула імені Карла Вялікага (як цэсар, якое зыходзіла да імені Цэзара). Запазычанне мела месца да метатэзы плаўных у славянскіх мовах, таму гэта фанетычная з’ява атрымала абсалютную храналогію (VIII–IX стст.) у адпаведнасці з даціроўкай праўлення Карла Вялікага. Калі ж не прымаць этымалогіі korlь < Karl, мы адразу пазбаўляемся крытэрыю для храналагізацыі. Існуе іншая магчымасць этымалагізацыі прасл. korlь, для якога словам-крыніцай аб’яўляецца прагерм. karla ’стары, старэйшына’ (ст.-ісл. karl ’муж знатнага роду’, фінскі германізм karilas ’стары’). Прыняцце гэтай гіпотэзы мяняе храналогію запазычання ў бок значна большай старажытнасці (Параўн. Мартынаў, Лекс. взаим., 68–71; Трубачоў, Эт. сл., 11, 82–89).

Каро́ль2 ’трус’ (Шатал., Сл. паўн.-зах.). У значэнні ’трус’ мы сустракаем у бел. дыялектах формы кролік і кроль. Апошняе, на нашу думку, з’яўляецца зваротнай дэрывацыяй ад кролік, якое запазычана з польск. królik. Польская форма, у сваю чаргу, з ням. Künigl < лац. cuniculus. Ням. лексема асэнсоўвалася як Nomen deminulivum ад König ’кароль’ (Бернекер, 572; Фасмер, 2, 380).

Каро́н, клясці ў карон ’праклінаць не на жыццё, а на смерць’ (Нар. словатв.). Ад карай (выраз, мабыць. звязаны з бытам беларускіх татараў). Націскное а перайшло ў о.

Каро́на, укр. корона, рус. корона. Запазычанне з польск. korona, якое ад лац. corona ’вянок’ (Булыка, Запазыч., 172; Бернекер, 574; Фасмер, 2, 334).

Каро́нка (у маладой) (Зав.), да карона.

Каро́нкі ’карункі’ (Бяльк., ЭШ), ’ленты або карункі, якія нашываліся ўнізе спадніцы’ (Сцяшк.). Запазычанне з польск. koronka ’тс’.

Каро́слівы, да кароста (гл.).

Каро́ста1 ’кароста (хвароба)’ (ТСБМ, Шат., Мядзв., Гарэц., Сл. паўн.-зах., Федар. VI), укр. короста, рус. короста, ст.-слав. краста, балг. краста, макед. краста, серб.-харв. кра̏ста, славен. krásta. Агульнае значэнне ’кароста, парша, струпы’. Звяртае на сябе ўвагу ірл. carrach ’пакрыты струпамі, паршой’. У ірл. лексеме лёгка выдзяляецца суфікс ‑ach, а carr < *kars — ’скурная хвароба’, якое мае рэгулярныя славянскія адпаведнікі, яны ўзводзяцца да прасл. sъrx — (бел. шаршыць, рус. шершавый, чэш. srchý і балт.: літ. šiurkštùs ’грубы, шурпаты’, pašiùrti ’станавіцца грубым, шурпатым’). Параўнанне кельт. і слав. форм прыводзіць да неабходнасці рэканструяваць *k̑ors/*k̑ṛs. Гэта паказвае, што прасл. korsta адлюстроўвае кельцкую фанетыку і семантыку і з’яўляецца, такім чынам, лексічным пранікненнем (Мартынаў, Язык, 42).

Каро́ста2 ’кастрыца’ (Сл. паўн.-зах., Сцяшк.; Сцяц., зэльв.; Шатал., Бір. Пр.), укр. короста ’тс’, польск. krosta ’кастрыца, якая аддзяляецца пры часанні канапель’. Існуе тэндэнцыя змешваць кароста1 і кароста2 (гл. Трубачоў, Эт. сл. 2, 93–95), але кароста2 мае іншыя паралелі і перш за ўсё балтыйскія, чаго нельга сказаць пра кароста1: літ. karšti ’часаць лён, каноплі і інш.’ Відавочна, частка гэтых паралелей кантамінавалася з прасл. kostra (параўн. ст.-рус. костра ’грубая кара льну і канапель, якая застаецца пасля іх часання’, і серб.-харв. ко̏стрина ’кастрыца, адходы пры апрацоўцы льну’).