Манта́ж ’зборка і ўстаноўка машын, збудаванняў з гатовых частак’, ’падбор і аб’яднанне асобных частак мастацкага твора ў адно цэлае’ (ТСБМ). З польск. або рус. мовы (Крукоўскі, Уплыў, 83), у якіх з франц. montage ’пад’ём, зборка, устаноўка’ (Лёхін, 462) < monter ’выцягваць у вышыню, устанаўліваць’ < лац. montare < mons, Р. скл. montis ’гара’.
Ма́нталь ’лёгкая вопратка’ (Сцяшк. Сл.), драг. ма́тыль ’плашч’ (КЭС), ст.-бел. мантель, метель ’плашч’ (XV ст.) запазычана са ст.-польск. mantel ’тс’, якое з с.-в.-ням. mantel (Жураўскі, Бел. мова, 62; Булыка, Лекс. запазыч., 107) < Дац. mantellum ’покрыва, посцілка, абрус’.
Манта́ч ’хлус, марнатравец’, манта́чыць ’марнатравіць’, ’падманваць’ (ТСБМ, Нас., КЭС, лаг.), манты́чыць ’транжырыць’ (Нар. Гом.). З польск. mantacz ’спрытнюга, махляр, круцель, хлус’, якое з matacz ’тс’. Устаўное ‑н‑ з’явілася пад уплывам пачатковага насавога м‑ або пры ад’ідэацыі франц. menteur ’хлус’ (Варш. сл., 2, 876).
Манта́чка ’мянташка’ (нараўл., браг., Мат. Гом.), манта́шка ’тс’ (Растарг., Ян.). Укр., рус. бран., кур. манта́чка ’тс’. Да мянта́шка (гл.). Сюды ж манта́чыць ’мянціць’, ’вастрыць касу’ (нараўл., Мат. Гом., Бяльк.).
Манта́чыць ’выпрошваць’ (Касп.), укр. валын. манта́чите ’тс’. Пад уплывам манта́чыць < мантач (гл.) з польск. matyczeć, якое з mantyka ’торба’ > ’прасіць, жабраваць’.
Манта́шыць ’рваць тузаючы’ (Сцяцк.), мантошыць ’ганяць, біць, знішчаць’ (ТС). Да мяць (гл.) — прасл. męti, якое ў польск. мове атрымала дадатковыя суфіксы ‑t‑os‑, параўн. miętosić, miętusić ’мяць, ціснуць’, з якіх былі запазычаны бел. лексемы.
Манто ’жаночае (футравае) паліто свабоднага пакрою’ (ТСБМ). Позняе запазычанне з польск. manto ці з рус. манто ’тс’ (Крукоўскі, Уплыў, 79), якія з франц. manteau (Фасмер, 2, 570). Роднаснымі да іх з’яўляюцца паўд.-рус. ма́нта ’малдаўскае адзенне з доўгім каўняром, які накідваецца на галаву ў дождж’, укр. бук. манта́ва ’доўгае суконнае паліто на ваце’.
Манту́з ’мянтуз’ (нараўл., З нар. сл.). Да мянту́з (гл.). Тое ж рус. (Волга, Ака), арл. мантус ’тс’.
Манту́ла ’ход гульні ў баланты (у цуркі)’, манту́ліць ’біць, гуляць’ (ТС). Рус. перм. дать мантулу кому‑либо ’ўдарыць каго-небудзь’. Паводле Цыхуна (Бел.-укр. ізал., 86), семантычна найбольш блізка лексема стаіць да рум. mântuióla ’заканчэнне’, ’збаўленне, вызваленне, уратаванне’.