Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Ма́ня ’прывід, здань’ (Рам. 8), ма́нія ’тс’ (Ян.), укр. манія́, рус. паўн., усх. манья́ ’тс’. Да мана́ (гл. мані́ць) (Семяновіч, AfslPh, 11, 310). На месца націску ўплывае лексема ма́нія ’псіхічны стан’. Сюды ж манячыць ’ледзь бачыць’ (паўд.-усх., КЭС).

Маня́к1 ’хлус’ (жытк., Арх. ГУ), рус. калуж. мяньяк, польск. maniak ’тс’. Да мані́ць (гл.). Утворана ад назоўніка мана́ ’хлусня’. Аб суфіксе ‑ʼак гл. Сцяцко, Афікс. наз., 146.

Маня́к2 ’дурак’ (браг., З нар. сл.). З манья́к ’апанаваны маніяй’, ст.-бел. маньякъ ’шалёны (XV ст.) было запазычана з с.-лац. maniacus (Булыка, Лекс. запазыч., 126).

Маняя́ ’прывід’ (паўд.-усх., КЭС). Да мані́ць (гл.). Аб суфіксе гл. Сцяцко, Афікс. наз., 36.

Ма́па ’геаграфічная карта’ (Др.-Падб.). З польск. mapa ’тс’, якое з ням. Марре < франц. mappe‑monde ’выява зямной паверхні’ < с.-лац. mappa mundi < лац. mappa ’сурвэтка, хустка’ < пуніцк. ’хустка’ (Махэк₂, 351; Васэрцыер, 147).

Ма́ра ’тое, што створана фантазіяй’, ’жаданне, імкненне’, ’нешта нерэальнае, неіснуючае’ (ТСБМ, Др.-Падб.). Укр. мара ’сон, мара; мары’, польск. mara ’сон з марамі’, ’тое, што мроіцца ў сне’, ’тое, аб чым марыцца’. Бел.-укр.-польск. ізалекса. Узнікла ў выніку абстрагавання аднаго са значэнняў мара́1 — ’сон, тое, што здаецца’. Паводле Булыкі (Лекс. запазыч., 127), ст.-бел. мара ’соннае відовішча’ (пач. XVII ст.) запазычана са ст.-польск. mara.

Мара́1 ’прывід, страшыдла, нячыстая сіла, пачвара, здань, насланнё’ (Мал., Бес., Федар. 1, Багд., Яруш., Некр., Касп., Бяльк., Шат., ТС; слуц., мазыр., Сержп., Казкі; усх.-гом., паўн.-зах., КЭС; брэсц., пін., Нар. лекс.); ма́ра, марана ’тс’ (Клім., Др.-Падб.; Крывіч, 4; Нас., Растарг.), ’нешта брыдкае, неадчэпнае’ (Нікан.), ’нікчэмнасць’ (драг., Нар. лекс.); мара́ ’пагібель’ (Растарг.), ’прыгода, незразумелая перашкода’ (Нас.), ’чорная, страшэнная масіўная істота на кароткіх лапах, якой вельмі баяцца дзеці’, ’пудзіла з саломы, апранутае ў рыззё’ (Рам. 8), ’істота, якая давіць хлопцаў і дзяўчат у час іх сну’ (Кольб.), ’нячысцік, д’ябал’ (Ян.; нараўл., Мат. Гом.), стол. ’нягоднік, паганец’, драг. ’неахайная, непрычасаная жанчына’ (Нар. лекс.), ’жартаўнік, штукар’ (ТС), ма́рны ’дарэмны, бескарысны’ і дэрываты да яго (Нас., ТСБМ). Укр. мара́ ’прывід, здань’, ’нячысцік, які затуманьвае людзям розум, каб завесці іх у небяспечнае месца’, марний, марний ’дарэмны’; рус. ма́ра, мара́ ’прывід, мары, нячысцік, які дапрадае ноччу тое, што пакінута на ноч недапрадзеным, рве кудзелю і пражу’, кур. ’смерць’, ленінгр. ’неахайная жанчына’, урал., сіб. ’каханы’, ’дзяўчына’, рус. ц.-слав. мара ’страта свядомасці’; ст.-рус. мара ’зацямненне свядомасці’, ’забыццё’, ’сны’, ’насланнё’, ’прывід’. Польск. mara, marzydło ’прывід, цень нябожчыка, дух, страшыдла, вампір’; mara, mora ’начны дух, кашмар, які нападае на коней і сонных людзей’, ’начны матыль’, marzyć ’марыць’, marnować, marnotrawić ’марнатравіць’, marzanna ’саламянае чучала, якое сімвалізавала сонца’, н.- і в.-луж. marny ’марны’, в.-луж. marota ’капрыз, выдумка’, mara ’дух, прывід смерці’, чэш. marniti ’дарма траціць, марнатравіць’, mařiti ’псаваць, губіць, разбіваць (надзеі)’, чэш., славац. marný ’марны’, славац. mara ’хвароба’ slepa mara ’начны матыль’, mariť sa ’здавацца’, славен. márǝn ’марны’. Прасл. mara ’мары’, ’прывід, здань’ утворана ад асновы *ma‑ (гл. мані́ць) пры дапамозе суфікса ‑ra. (Бернекер, 2, 18; Фасмер, 2, 571; Брукнер, 322; Шустар-Шэўц, 12, 886; Голамб, Зб. Якабсону, 1, 779–780; Власт, Крывіч, 4, 1923, 30).

Мара́2 ’назола, дакучлівы’ (Нас., Шат.; Нар. лекс.). Да мара́1 (гл.). Насовіч (289), аднак, адносіць да мары́ць, якое ад прасл. mōra. Няма падстаў.

Мара́3 ’павольны’ (Нас.). Рус. калуж., арл. мара́ ’слабы чалавек малога росту’, сіб. ’няўклюда’. Паводле Насовіча (289), запазычана з лац. mora ’запаволенасць’. Сюды ж марава́ты ’спакойны, вялы гон па следу звера’ (Інстр. II). Параўн. рус. вяц. морова́ть ’рабіць што-небудзь паволі, спакваля’.

Мараві́ца ’скула’, ’нешта нязначнае’, марава́я скула ’карбункул’ (Ян.). Укр. морови́ця ’маравая язва’, польск. morowica ’скула, нарыў у горле’. Да прасл. mor‑/mir‑/mьr‑ < мерці, смерць (Варш. сл., 2, 1043).

Мара́ка ’дробны дождж’ (Ян.). Пад уплывам укр. мря́ка ’густы туман з імглой’. Параўн. таксама рус. паўн. мо́рок ’дождж’, моро́ка ’хмара’, ’туман’.

Марака́ ў выразе: марака́ бярэ ’траціць прытомнасць, млець’ (Лінгв. зб.), укр. моро́ки беру́ть ’тс’, рус. пск., смал. моро́ка ’пацямненне розуму’, кур. ’прывід’, паўн. ’міраж на моры’, варон. мороки ударяют в голову ’траціць прытомнасць’. Да марока2.

Маракава́ць1 ’разумець, разбірацца ў якой-небудзь складанай справе, абдумваць што-небудзь’ (ТСБМ, Чач., Шат.), рус. арханг., перм. морокова́ть ’думаць, разумець, кеміць’. Звязана чаргаваннем галосных з мере́кать ’кеміць’ (Бернекер, 2, 38; Фасмер, 2, 657), мере́чить ’надумваць нешта благое’, якія да прасл. merk‑/mьrk‑.

Маракава́ць2 ’крыўдзіцца, крыўдаваць, злавацца, наракаць’ (ТСБМ, Шат., Сцяц.; бар., Хрэст. дыял.; мін. дзярж., КЭС; слонім., Нар. словатв.), марокаваць ’скардзіцца’ (КТСБМ, Якуб Колас). Укр. морокува́ти ’злавацца, бурчэць на каго-небудзь’, рус. перм. морока́ться ’скардзіцца, выклікаць незадавальненне’, польск. marykować, (a)marykować, marakować ’лемантаваць, наракаць, маркоціцца, шкадаваць’. Паводле Варш. сл. (2, 890), дапускаецца магчымасць запазычання з с.-лац. amaricare ’дакучаць’ < лац. amārico ’рабіць горкім’.

*Маракі́та, марокі́та ’клопат’, морокня́, морокоўня́ ’тс’ (ТС). Да марока2 (гл.). Морокіта — кантамінацыя моро́ка і рус. волоки́та.

Мара́ль ’правілы, нормы паводзін людзей у адносінах паміж сабой’, ’павучальны вывад з чаго-небудзь’, ’павучанне, натацыя’ (ТСБМ, Растарг.). Паводле Крукоўскага (Уплыў, 77), запазычана з рус. мовы. Аднак яшчэ ст.-бел. моральный ’маральны’ (XVII ст.) са ст.-польск. moralny. Паланізмамі з’яўляюцца бел. марал ’мараль’ (Яруш.) і мара́льнасць з польск. moralność ’тс’. Усе праз франц. moral прыйшлі з лац. moralis ’які датычыць звычак’ (SWO, 491).