Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Ма́нка1 ’манная каша’ (Мат. Гом.). З рус. ма́нка ’тс’, якое са словазлучэння манная крупа. Да ма́нна (гл.).

Ма́нка2, манко растрата’ (беласт., Сл. ПЗБ). З польск. manko, якое з італ. тапсо ’тс’.

Манке́т, манке́ты, малар. манкэ́та, манкатэ́ ’канцавая частка рукава, манжэт’ (Касп., Сл. Брэс., Сцяц., Сл. ПЗБ; гродз., Мат. АС; в.-дзв., Шатал.; гродз., дзярж., Нар. сл.; КЭС, лаг.; слонім., Шн. 3), ’частка рукавіцы’ (Жд. 1). Рус. ёнаўск. (ЛітССР) манке́та ’манжэта’. Запазычана з польск. mankiet ’тс’ (Кюнэ, 76; Мацкевіч, Сл. ПЗБ, 3, 31), якое з італ. manichetta ’рукаўчык’.

Манкі́раваць ’грэбаваць, нядбайна адносіцца да чаго-небудзь’ (ТСБМ), ’хлусіць, падманваць, фальшывіць’ (Нас.; іўеў., Сл. ПЗБ). З рус. манки́ровать ’адсутнічаць, ухіляцца’, якое з франц. manquer ’не хапаць’ < італ. mancare > лац. mancus ’пакалечаны’ (Фасмер, 2, 570).

Манкіра́нт ’прылада для правядзення радкоў на градзе’ (Жд. 1). З польск. markier ’маркёр’ пад уплывам польск. markierant ’гультай’.

Ма́нна1 ’ежа’, таксама ў выразе: манна нябесная (біблейскі, (разм.), ’манныя крупы’ (ТСБМ, смарг., Сл. ПЗБ). Укр. манна (небесна) ’тс’, рус. манна ’манна нябесная’, ст.-рус. мана, манна, маньна ’манна’, ст.-слав. ман(ъ)на; маньна (Пацлава, Paleoslov., 120). З грэч. μάννα ’ежа’, якое з арам. mannā́ ’дар, ежа’. У зах.-слав. мовах mana, manna з с.-лац. manna, якое таксама з грэч. мовы. Разглядаючы італ. manna Бацісці–Алесьё (3, 2351), дапускаюць, што біблейская манна суадносіцца з раслінай Lecanora esculenta (гл. манна2).

Ма́нна2 ’маннік наплываючы, Glyceria fluitans (L.) R. Br.’, ’застылы сок гэтай і некаторых іншых раслін’ (маг., Кіс.; ТСБМ). Укр. манна, манна трава, маннова трава, польск. manna, mannianka, słodycz ’маннік’, чэш. manna, польск. manna samorodna ’расічка, Digitaria, рус. манна, славац. manna jeḋla ’манна ядомая, Lecanora esculenta’ і інш. — да прасл. mana (гл. мані́цы). Раней у жыцці старажытных славян (на Беларусі нават і ў XIX ст.) маннік шырока выкарыстоўваўся ў ежы ў выглядзе каш, а з застылага соку, які збіралі перад узыходам сонца, рабілі напіткі («мяды»), параўн. рус. мёд из манны (Махэк, Jména rostl., 280 і 294).

Манна́рка ’кароткае на кудзелі мужчынскае паліто’ (навагр., Жыв. сл.). З польск. marynarka ’пінжак’. Падвойнае ‑нн‑ з ‑рн‑ (< ‑рын‑).

Ма́ннік ’расліна Glyceria R. Br.’ і знешне падобная да яе ’аўсяніца авечая, Festuca ovina L.’ (маг., Кіс.; ТСБМ, Кіс.). Да ма́нна2 (гл.).

Манпансье́ ’сорт фруктовых ледзянцоў’ (ТСБМ). З рус. монпансье́ ’тс’, якое з франц. назвы графства Montpensier (Фасмер, 2, 651; Крукоўскі, Уплыў, 79).

Манса́рда ’жылое памяшканне пад дахам’ (ТСБМ). З польск. mansarda, якое з франц. Mansard F. — прозвішча архітэктара (1598–1666). Паводле Крукоўскага (Уплыў, 79), — з рус. мовы.

Манстра́нцыя, ст.-бел. монстранцыя ’дараносіца’ (XVII ст.) запазычана са ст.-польск. monstrancyja, якое з с.-лац. monstrantia (Булыка, Лекс. запазыч., 179) < лац. monstrare ’паказваць’.