Мальчонак ’хлапчына’ (в.-дзв., Сл. ПЗБ; ушац., Пан. дыс.). Рус. мальчонок. Паўн.-бел.-рус. ізалекса. Да прасл. malʼьčę < malʼьcь > ма́лец (гл.).
Мальчу́га ’дзяцюк’ (Нас.), мальчуга́ ’хлапчына’ (воран., Сл. ПЗБ), мальчуга́н ’даволі вялікі дзяцюк’ (Нас.), мальчу́жка ’хлопчык’ (Нас.) — запазычаны з рус. мовы (Даль, 2, 764). Аналагічна мальчы́шча ’вялікі дзяцюк’ (Нас.). Паўн. рус. наўг. (грэбл.) мальчи́ще ’падлетак, хлопчык’.
Мальчу́к ’хлапчук’ (бешан., Нар. сл.; ушац., Пан. дыс.), рус. кубан. ма́льчук ’мальчик’. Усходнеславянскае. Утворана ад ма́лец (гл.) пры дапамозе суфікса ‑ук.
Ма́льчык ’хлопчык’ (лудз., Сл. ПЗБ; ушац., Пан. дыс.), малчык (Растарг.), мальчы́шка ’хлапчук, хлопчык’ (в.-дзв., Сл. ПЗБ, Бяльк.), мальчы́шачка ’тс’ (Растарг.). З рус. мальчик, мальчишка. Параўн., аднак, ст.-серб.-харв. malьcikъ ’тс’ (у Дзечанскай дароўнай грамаце).
Ма́льчыцца ’дзяцініцца’ (Нас.). Адпрыметнікавае ўтварэнне. Да ма́лькі (гл.). Параўн. таксама мале́ць.
Мальчэк ’слупок у калаўроце, які служыць для падтрымання рагаткі’ (барыс., Шатал.). Рус. ёнаўск. (ЛітССР) ма́льчик ’прыстасаванне, у якое ўстаўляецца шпулька з пражай пры перамотванні’, кубан. ’драўляны стрыжань, злучаны з верацяном (у млыне)’. У выніку семантычнага пераносу паводле падабенства ад ма́льчык ’хлопчык’. Параўн. аналагічны перанос лексемы дзед ’апорны слуп у гаспадарчым будынку’, ’лучнік, светач’, ’прыстасаванне для трапання льну’, ’прыстасаванне, у якое ўстаўлялі матавіла’ (Сл. ПЗБ).
*Малю́га, молю́га ’маляўка, дробная рыбка’ (Крыв., стол., Нар. лекс.). Да моль 3 і мальга́ (гл.).
Малю́ка ’аловак’ (Сцяшк.). Утварэнне ад малява́ць з суфіксам ‑ка, як ваяваць > вая́ка. Не выключана, што паходзіць з малёўка (гл.).
Малюкі́ ’маляўкі рыбы’ (ТС), рус. калін. малюк ’тс’. Да малы́ (гл.). Аб суфіксе гл. Сцяцко, Афікс. наз., 129.
Малю́нак ’карціна, ілюстрацыя, рысунак’ (ТСБМ), ’усё, што намалявана’ (КЭС, лаг.). З польск. malunek, якое з malować (> малява́ць) і суфікса ‑unek (< ням. ‑ung). Сюды ж малюнковы ’каляровы’ (лід., Сцяшк. Сл.).