Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Малю́панькі, малюпа́ценькі, малюпа́сенькі, малюпу́ценькі, малюпу́ленькі, мале́пенечкі, мылюпа́цінькій, малюпа́сенечкій, малюпа́хенькій, малюпа́ткій, малюпа́ткі, малюпатэнькі ’вельмі, вельмі-вельмі маленькі’ (Ян., ТС, Шат., Яруш., Нас.; брасл., Сл. ПЗБ, мсцісл., Нар. словатв., хоц., Мат. Маг.), малюпа́тка, малюпа́тачка ’малютка’ (Нас.). Рус. варон. малюпонький ’вельмі маленькі’, польск. malupasieńki, maciupuleńki, серб.-харв. mȁlapacan, mȁlapašan ’тс’. Да малы́ (гл.). Суфікс з апорнай зычнай ‑n‑, даволі рэдкі ў слав. дэрыватах, відавочна, адносіцца да прасл. мовы і суадносіцца з літ. ‑opas. Элемент ‑ю‑ (‑ʼу‑) у даных лексемах з’яўляецца характэрным для паўн.-слав. тэрыторыі.

Малюпа́ціцца ’ўяўляць сябе малым, песціцца, як дзіця’ (Нас.). Утворана ад ⁺малюпа (< ⁺малёпа), як драг. галёпа ’булачка ў форме птушкі, якую, калі гукалі вясну на благавешчанне, падкідалі ўверх для птушак’ (КЭС, Сл. ПЗБ). Да малы (mal‑ъ; malʼь > malʼopa/malʼupa). Параўн. бел. малюта ’малютка’, польск. maluta ’тс’, ’дзяцінства’. Параўн. таксама ма́лець, ма́льчыцца (гл.).

Малю́ск ’беспазваночная жывёліна, мягкае цела якой накрыта ракавінкамі’ (ТСБМ) запазычана з рус. мовы (Крукоўскі, Уплыў, 88), у якой моллюск ’тс’ — з франц. mollusque < лац. molluscus ’мяккі, мяккацелы’.

Малю́та ’дробная рыба’ (іўеў., Сцяшк. Сл.), малю́тка ’маленькае дзіця, хто-небудзь, што-небудзь вельмі маленькае’ (ТСБМ). Рус. малю́тка, малю́та ’тс’, ’дарослы гарэза сярод дзяцей’, укр. ’малыш’, польск. maluta ’дзіця’, ’драбяза, чарвячок’, malutka ’дзяўчына’, чэш. malutký, malitký ’маленькі’, в.-луж. małutki, н.-луж. małutučki ’вельмі маленькі’. Паўн.-слав. malʼuta. Да малы́ (гл.).

Малю́хны ’вельмі-вельмі малы’ (Нас.), мсцісл. малю́хтанечкій, малю́хтанькій ’тс’ (Нар. словатв.). Укр. малюхний, рус. арханг., перм. малю́хтенный, пск. малю́хтенький, пецярб. малю́ханный, алан., наўг. малюхо́нный ’тс’, серб.-харв. ма̏лахан, малахаст, малахноћа, ма̀лехан, mȁljahan. Да малы́ (гл.). Суфікс ‑хи‑ < ‑ux‑ і ‑ъn‑a (Слаўскі, SP, 1, 75) характэрны бел., рус., а таксама польск. мовам, ‑хт‑ у кантамініраваных лексемах malʼuxa і malʼuta.

Малю́шчы ’набожны’ (смарг., Сл. ПЗБ). Да маліць, маліцца (гл.). Аб суфіксе прыметніка гл. Бел. грам.₂, 307–308.

Малява́нец, малява́нка ’каляровы аловак’ (Сцяшк. Сл.). Беларускі рэгіяналізм. Да маляваць. Аб суфіксе ‑ец гл. Сцяцко, Афікс. наз., 39–41.

Малява́ць ’рысаваць фарбамі’, ’фарбаваць’, ’апісваць’, ’абгаворваць (перад людзьмі)’ (ТСБМ, Нас., Касп., Грыг., Сл. ПЗБ), драг. малюваты ’мазаць алоўкам абы-што’ (З нар. сл.), ’выяўляць’ (Яруш.), ст.-бел. малевати, малиовати ’маляваць’ запазычана са ст.-польск. malować ’тс’, якое са ст.-в.-ням. mâlôn ’тс’, с.-в.-ням. mâlen, ням. malen (Чартко, Бел. лінгв. зб., 151; Жураўскі, Бел. мова, 63; Піўтарак, Бел. лекс., 134; Булыка, Запазыч., 196). Сюды ж маляванне ’жывапіс’ (Нас.), ’фарбаванне’ (смарг., Сл. ПЗБ), ’шыльда’ (Яруш.), маляваненькі ’прыгожы’ (Нас.), малява́цца ’быць паслухмяным’ у выразе: …Коб ты и малёваўся… ’Рабі што хочаш, але не будзе па-твойму’, драг. малёва́тысь ’тс’ (ТС, КЭС).

Маляві́дла ’фарба’ (Сцяшк., Сцяшк. Сл.; астрав., Сл. ПЗБ), ’прыгожы твар пустой жанчыны’ (Нас.). Запазычана з польск. мовы, пасля атрымала на бел. тэрыторыі самастойнае семантычнае развіццё, параўн. польск. malowidło ’намаляваная рэч, жывапісны твор’, ’жывапіс’, ’касметыка для твару’. Аб суфіксе гл. таксама Сцяцко, Афікс. наз., 35–36.

Малявы́ ’бакеншчык’ (Ян.). З ⁺мелявы < мель ’мель’ (гл.).