Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Малодуха ’маладзіца’ (пруж., Сл. ПЗБ). Да маладу́ха ’маладзіца’, ’маладая на вяселлі’, драг. молоду́ха ’тс’, укр. молоду́ха ’маладая на вяселлі’, рус. молоду́ха ’маладзіца’, ’маладая жонка’, ’дзяўчына’, ’нявеста’, ’нявестка’, ст.-рус. молодушка ’маладая замужняя жанчына’; польск. młoducha, чэш. mladucha ’маладзіца’, ’нявеста’, славац. mladucha ’маладая перад вяселлем і ў час яго’. Прасл. molduxa, цэнтрам арэалу пашырэння якога з’яўляецца бел. моўная тэрыторыя. Да малады́ (гл.).

Малодушка, моло́душка ’авечка, якая ўпершыню акацілася’ (беласт., Сл. ПЗБ), драг. ’маладая курыца, якая пачынае несціся’ (Сл. ПЗБ), малодушкі ’падрослыя кураняты’ (лельч., ДАБМ, к. 296). Рус. наўг., цвяр., арханг. моло́душка, молоду́шка ’маладая курыца’, малодка ’маладая курыца’, ’маладая кабыла’, ’маладая авечка’, ’карова, якая ацялілася першы раз’, польск. młódka ’самка, якая яшчэ не раджала’, ’кабыла, якая ажарабілася першы раз’, ’маладая курапатка’. Да малодка (гл.).

Малоец ’паважаны малады чалавек, хлопец’ (КЭС, лаг.). Укр. молодець, рус. молодец, славен. mládec, серб.-харв. mladac ’тс’, ’жанаты малады мужчына’, mlaci ’маладыя (на вяселлі)’. Да прасл. mold‑ьcь. Аб мене ‑дз‑ > ‑й‑ гл. Карскі, 1, 351.

Маложа, маложы ’малады лес, зараснік’ (паўн.-усх., КЭС; Касп.). Рус. моло́жа ’малады бярэзнік, лес на месцы вырубкі, пажару’, наўг. ’участак будаўнічага хвойнага лесу’. Бел.-рус. ізалекса, найбліжэй да якой па форме чэш. mláza, славац. mladza ’атава’. Да прасл. mold‑ja. У іншых слав. мовах варыянт з суфіксам ‑jь: польск. młódź, чэш. mláz, серб.-харв. мла̄ђ), mlaz ’вусікі ў вінаграднай лазе’, ’тс’, н.-луж. młoź ’маладыя парасткі, параснік’.

Маложавік ’баравік’ (Касп.), бешан. мало́жъвік ’абабак’ (Нар. сл.). Утвораны ад назвы лесу маложа (гл.). Аб суфіксе гл. Сцяцко (Афікс. наз., 243). Аналагічна бараві́к.

Малойца ’хлопец’ (навагр., Сл. ПЗБ). Бел. рэгіяналізм. Да маладзец (гл.). Суфікс ‑ца пад уплывам польск. мовы (Карскі 2-3, 32). Гл. таксама малоец.

Малойчык ’малады чалавек, хлопец’, ’маладзец’ (Касп.) (пагардж.) ’чалавек амаральных паводзін, які заслугоўвае асуджэння’ (ТСБМ, Нас., Растарг.), ’жаніх’ (віл., З нар. сл.). З малодчык, якое з маладзец (гл.). Аб пераходзе ‑дч‑, ‑тч‑, у ‑й‑ гл. Карскі, 1, 351. Значэнне ’чалавек амаральных паводзін’ запазычана з рус. молодчик ’тс’.

Малокі ’малако, якое адбіраюць ведзьмы ў каровы’ (мядз., Жыв. сл.) — мн. л. да малако (гл.).

Малонка, малоння, малонушка ’бліскавіца’ (мін., Шн. 2; Ян.; гродз., Шн.). Да мала́нка1 (гл.). Націск, як у маланка, на другім складзе. Параўн. ст.-рус. моло́нья (мала́нья) ’маланка’.

*Малосей, палес. моло́сей ’малако ў рыб’ (Крыв.). Да малача́й7 (гл.). Другая частка слова ‑сей пад уплывам народнай этымалогіі ад сеяць (насенне) > ’сеяць семя ў час нерасту’.