Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Ма́ліцца ’паводзіць, уяўляць сябе як малое дзіця’ (Янк. 3., Нас., КЭС, лаг.), ’змяншаць гады’ (пух., З нар. сл.; віл., Жыв. сл.), ма́ліць ’прадстаўляць малым, змяншаць’ (Нас., Касп.), малі́цца ’прыкідвацца малым’ (ТС). Укр. малі́ти ’змяншацца’, мали́тися ’рабіцца меншым’, ’паводзіць сябе па-дзіцячаму’, рус. ма́лить ’змяншаць’, ст.-рус. малити (XIII ст.). Польск. maleć ’змяншацца, станавіцца малым, меншым’, чэш. máliti se ’значна змяншацца’, славац. maliť sa ’тс’, серб.-харв. ма́лити, макед. мали се, балг. малея. Прасл. maliti ’змяншаць, рабіць меншым’. Бел.-укр. ізасема. Да малы́ (гл.).

Маліцца ’звяртацца да бога, святых’, ’вельмі моцна прасіцца’, ’абагаўляць’, ’дагаджаць’ (віл., Сл. ПЗБ), малі́ць ’надта прасіць, умольваць’ (ТСБМ, Нас., Шат., Яруш.; КЭС, лаг.), браг. маліць ’маліцца’ (Мат. Гом.). Укр. моли́тися ’маліцца’, моли́ти ’маліць, упрошваць’, рус. молиться ’маліцца, чытаць малітву’, ’прасіць’, ’пераканаўча, настойліва прасіць’, польск. modlić (się) ’маліцца’, ’моцна прасіць’, н.-луж. modlić se ’маліцца’, в.-луж. modlić so ’тс’, ’дагаджаць’, чэш. modliti se ’маліцца’, ’абагаўляць каго-небудзь’, славац. modliť sa ’маліцца’, славен. móliti, mòdliti, серб.-харв. мо̀лити, макед. моли, ’прасіць літасці’, моли се ’маліцца’, балг. моля ’прашу’, моля се ’малюсь’, ст.-слав. молити. Прасл. modliti ’прасіць, звяртаючыся да багоў, прыносячы ім ахвяру’, ’ахвяраваць’. І.‑е. адпаведнікі: балт. (тут заканамерна ‑ld‑, у той час як у прасл. мове яшчэ да метатэзы tolt/trat адбылася мена ld > dl з прычыны аманіміі з групай слоў moldъ ’малады’): літ. maldá ’просьба’, maldýti ’маліць, упрошваць’, mel̃sti ’прасіць’, ’маліцца’, хецк. maltāi ’прасіць, гаварыць’, арм. małthem ’упрошваю’, ст.-в.-ням. melda ’плёткі’, meldôn ’заяўляць’, і.-е. *meldh‑ ’рытуальная прамова ў богаслужэнні’ (Покарны, 722; Міклашыч, 119; Бернекер, 2, 65; Фасмер, 2, 642; Махэк₂, 371–372; Скок, 2, 451–452; Бязлай, 2, 193). Прасл. modliti пранікла ў прагерм. maþljan ’заклікаць, звяртацца з урачыстай прамовай, абяцаць’ (Мартынаў, Лекс. взаим., 170–172).

*Малк, зма́лку ’з дзяцінства’ (Яруш., ТСБМ). Узыходзіць да формы Р. скл. прасл. malъkъ ’малы, малады’ з прыназоўнікам з < malъ > малы́ (гл.). Параўн. балг. малък, в.- і н.-луж. małki ’малы’, якія сталі прыметнікамі (з суфіксам ‑jь), чак. málko ’мала’.

Ма́лка1 ’невялікая колькасць’ (Інстр. III), ’малютка’ (Нас., Шат.), ’малая дзяўчына’ (мазыр., Мат. Гом.), ’нізкарослая дзяўчына’ (драг., КЭС), ’малая булачка з рэшткаў цеста ў дзяжы’ (паўд.-усх., КЭС). Рус. ма́лка ’меншы брат ці сястра’, ’эй, малец!’, пск., цвяр. ’маларослая дзяўчына’; серб.-харв. малка ’імя курыцы’, балг. ма̀лката ’эй, дзяўчынка!’ Відаць, з прасл. malъka. Да малы́ (гл.).

Ма́лка2 ’навугольнік рухомы, які можна ставіць пад любым вуглом’ (Інстр. II), рус. алан. ма́лка ’мерка ў сталяроў’. Запазычана з рус. мовы, у якую прыйшло з галан. mal ’вымяральны інструмент’ (Фасмер, 2, 563). Параўн. таксама швед. mall ’шаблон, контур’, ’лякала’.

Малмыгава́ты ’няветлівы, негаваркі’ (навагр., Сцяшк. Сл.). У выніку распадабнення з ⁺мурм‑ыга ’буркун’, якое ў аснове — балтызм. Параўн. літ. mùrma ’бурлівы’.

Малмы́гі1 ’скулы на твары’ (стаўб., З нар. сл.). Балтызм. Параўн. літ. malmuõ ’камень’, ’почка’.

Малмы́гі2 ’вялікія ногі’ (навагр., Нар. словатв.). Балтызм. Параўн. літ. melmuõ ’сцягняк’, métmenys ’тс’.

Ма́лна, ма́льна, ма́льне ’мала што, малаважна’, ’амаль, трохі, зусім мала’ (Нас., Нар. Гом.), ма́лны ’малы’, малнасць ’малаважнасць’, ’нямнога’ (раг., Нар. Гом.; горацк., КЭС; Нас.). Рус. смал., наўг. ма́лность ’невялікая колькасць’, ма́льный ’няважны, нязначны, дробязны’, серб.-харв. ма̏лан і ма̀лен ’малы, маленькі’. Утворана ад малы і суф. ‑ъn/‑ьn (як касны́ ’касы’). Гом. мальне Казлова (БЛ, 21, 61–62) уключае ў лік бел.-серб.-харв. ізалекс і лічыць яго трансформай прасл. malone. Неімаверна. Значэнне ’чуць не’ не адзінае ў гэтай лексемы (гл. вышэй). Параўн. аналагічна ўтворанае літ. mažnè ’амаль не, трохі’.

Мална́1 ’татарскі мула’ (Шат.), ’той, хто многа гаворыць’ (шальч., воран., трак., Сл. ПЗБ). З літ. malnà ’тс’ < málti ’малоць’ (Грынавяцкене, там жа, 3, 25; Liet. term., 182).

Мална́2 ’бліскавіца’ (ігн., Сл. ПЗБ). Рус. валаг. мо́лня ’тс’. Да маланка1 з маладня (гл.).

Малод ’малады’ (у песні) …не жаніцца малод дзеціначцы… (навагр., КЭС). Да малады́ (гл.). Захавалася архаічная форма кароткага прыметніка з прасл. moldъ ’тс’.

Малоджай, маложай, маложый, маложа, мало́жэ ’маладзейшы, маладзейшыя сярод іншых’ (Ян.; лудз., трак., брасл., Сл. ПЗБ). Старажытныя формы вышэйшай ступені кароткіх прыметнікаў м. р. (на ‑jьs > ‑ьi, падвержаныя ўплыву форм н. р. (без ‑й), ст.-рус. моложе. Да малады́ (гл.).

Малодзіва, мало́дзіва, моло́дзво, моло́дзьво, малодзьва ’малако непасрэдна перад і адразу пасля родаў, цялення’ (ТСБМ, Сцяшк., Шат., Касп., Бяльк., Сцяц., Сл. ПЗБ; карэліц., Нар. лекс.), малозіва, моло́зыво (слаўг., чав., Мат. Маг.; Грыг., Бяльк.; полац., Нар. сл.; красл., астр., трак., Сл. ПЗБ; Бес., Вешт., Ян.), малодзіла ’тс’ (шкл., Мат. АС). Укр. молозиво, рус. молозиво; польск. młodziwo, młozawo, mleziwa ад młody ’малады’, чэш. mlezivo, славац. mledzivo, славен. mlézivo, mléziva, серб.-харв. mljȅza, mȉzivo. Прасл. melzivo ’салодкае малако’ (гл. Вештарт, Бел. лекс., 23–24), якое з melgʼ‑/molgʼ‑ ’даіць’ (ст.-рус. мълсти ’збіваць масла’, млѣсти ’даіць’, славен. mlȅsti, mółsti, серб.-харв. му̏сти, макед. молзе, балг. мълзя́. І.‑е. адпаведнікі: літ. mìlžti, mélžti, malžýti, лат. malazenš, molozejs ’малодзіва’, ст.-в.-ням. mëlhan ’даіць’, гоц. miluka ’малако’, ірл. bligim ’даю’, ст.-грэч. ἀμέλγω, алб. mjel, лац. mulgeo, тахар. A, тахар. B malk‑, mālk‑ ’даіць (-ца)’, ст.-інд. mr̥játi, mã́rs̥ti, mārjati ’чысціць’, авест. marəzaiti ’мые’ (Мее, MSL, 17, 60; Міклашыч, 187; Бернекер, 2, 73; Траўтман, 178; Фасмер, 2, 644–645; Скок, 2, 488–489; Бязлай, 2, 189 і 194; Мартынаў, Этимология–1968, 20). Абаеў (Этимология–84, 14) мяркуе, што рус. форма молозиво з’яўляецца «чыста» славянскай, а melz‑ утварылася ў выніку перакрыжавання (з германск. melk‑) ізаглосы. Гук ‑дз‑ пад уплывам польск. мовы.

Малодка, моло́дка ’маладзіца, маладуха’ (ТСБМ, Мат. Гом., Бяльк., ТС), малодачка ’тс’ (Кліх, Нар. гом.). Рус. моло́дка ’маладзіца, жанчына, якая нядаўна замужам’, ’нявеста’, ст.-рус. моло́дка ’тс’. Польск. młódka ’маладзіца’, ’маладая (на вяселлі)’, ’галаўны ўбор маладой’. Паўн.-слав. moldъka ’маладзіца’, ’маладая самка’ (з экспрэсіўным значэннем) з суф. ‑ъka, які мае адпаведнік ‑ъkъ для ўтварэння назоўнікаў м. р.: польск. młodek ’малады бычок’, чэш. mládek ’вучань мельніка, півавара’, ’сябар маладога’. Да малады́ (гл.).