Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Маладосць, моладасць, моладась, мо́лодосць ’маладыя гады жыцця’, ’уласцівасць маладога’ (ТСБМ, Гарэц., Нас., Шат., Растарг., Сл. ПЗБ, ТС). Укр. мо́лодість, рус. мо́лодость, польск. młodość, н.- і в.-луж. młodosć, чэш. mladost, славац. mladosť, славен. mladóst, серб.-харв. мла̏дост, макед., балг. младост. Цэйтлін (Лексика, 22) дапускае, што ў ст.-слав. мове было слова младость са значэннем ’ранняе дзяцінства’, параўн. серб.-харв. мла́дити ’народжваць дзіцянят’, харв. mladíti ’тс’, н.-луж. ga sy ty młody? ’калі ты нарадзіўся?’. На бел. моўнай тэрыторыі гэта лексема мае кніжны характар. У ст.-рус. мове младость азначала ’дзяцінства’, а значэнне ’маладосць’ у рус. мове зафіксавана толькі ў 1704 г. (Палікарпаў).

Маладошчы ’каханне’ (Доўн.-Зап., Оч.). Запазычана з укр. молодо́щі ’маладыя гады’ з пераносам семантыкі.

Маладу́ха ’маладзіца’, ’маладая, нявеста’ (ТСБМ, Бес., Грыг., Сл. Брэс., Гарэц., Нас., Шат., Касп., Бяльк., Мат. Гом., Растарг.; віл., З нар. сл.; Яруш., ТС). Укр. молоду́ха ’нявеста’, рус. молоду́ха ’маладзіца’, ’маладая жанчына, дзяўчына’, ’нявестка’, польск. młoducha ’маладая жанчына’, ’маладзіца’, славац. mladucha ’маладая напярэдадні і ў дзень вяселля’. Паўн.-слав. molduxa. Да малады́ (гл.).

Маладу́шыцца ’намагацца выглядаць маладой’ (Касп.). Утворана ад маладу́ха (гл.).

Маладча́й — лекавая расліна (Мінск, в. Сляпянка, КЭС). Да малачай (гл.). Аб пераходзе чч > дч (тч) гл. Карскі, 1, 387–388, а таксама наступнае слова.

Маладча́к1 ’малачай-сонцагляд, Euphorbia helioscopia L.’ (Мат. Гом.), малатча́к ’тс’ (гом., Кіс.), малайчак ’тс’ (Мат. Гом.). З укр. мовы, параўн. молоча́к ’малачай востры, Euphorbia esula L.’ Паяўленне ‑д‑ або ‑й‑ перад ‑чак абумоўлена распадабненнем ‑чч‑ > ‑тч‑ > ‑дч‑ (пры ад’ідэацыі малады́, малайчы́на). Падвойнае ‑чч‑ з ‑чjак: украінскі гук [ч] больш мяккі, чым беларускі. Гл. таксама малачня́к, малачча́к.

*Маладча́к2, малатча́к, малача́к, малачча́й ’малако ў рыб’ (Мат. Гом.). Да малако. Аб узнікненні ‑дч‑ гл. папярэдняе слова.

Маладча́нка ’батрачка’ (Касп.), ’маладзіца’ (Яруш.). У выніку кантамінацыі лексем маладзі́ца ’наёмная работніца’ (ад маладзе́ц — гл.) і парабча́нка.

Малады́, малады́й, мылады́й, малоды, молоды́, молодэ́й ’юны, юнацкі’, ’нясталы, нявопытны’, ’які нядаўна вывеўся, пачаў расці’, ’які нядаўна вырас, свежы (пра гародніну)’, ’нядаўна прыгатаваны’, ’жаніх у час вяселля’, малада́я, молада́, мылыда́я ’нявеста’, маладыя ’жаніх і нявеста пасля заручын і ў час вяселля’, маладыя дні ’дні, якія прыпадаюць на першую квадру месяца’ (ТСБМ, Нас., Касп., Шат., Бяльк., Яруш., Ян., Сл. ПЗБ), малады́ ’рэдкі (пра цеста, хлеб)’ (Сцяц., Ян.), ’нізкай якасці (аб палатне)’ (Ян.). Укр. молоди́й, рус. молодо́й, мо́лод, польск. młody, н.- і. в.-луж. młody, чэш., славац. mladý, славен. mlȃd, mláda, серб.-харв. мла̑д, макед., балг. млад. Прасл. moldъ (аснова на ‑u̯) з’яўляецца роднасным да ст.-прус. maldai ’хлапчукі, падлеткі’, maldian ’жарабё’ (він. скл.), maldūin ’маладосць’, ст.-інд. mr̥dúṣ ’мяккі, нежны’, mradīyān ’мякчэйшы’, ст.-грэч. ἀμαλδῡ́νω ’размякчаю, аслабляю’, лац. mollis (< *moldu̯is) ’мяккі’, арм. mełk ’распешчаны, вялы’, ст.-ірл. meldach ’мяккі, пяшчотны, прыемны’, ст.-англ. meltan ’плавіць, растапляць’, венецк. molzon ’малады’, vants molzonke ’малады і маладая’ (Міклашыч, 200; Бернекер, 2, 71; Траўтман, 167; Фрэнкель, IF, 69, 154; Фасмер, 2, 643–644; Скок, 2, 438–439; Бязлай, 2, 187). Прасл. moldъ з’яўляецца аддзеяслоўным утварэннем з першасным суфіксам ‑dъ. Да і.-е. mel‑ ’расціраць’, ’тонкі, мяккі’ (Аткупшчыкоў, Из истории, 112 і інш.). Для асновы на ‑n (параўн. рус. младенец) роднасным з’яўляецца ст.-прус. maldenikis ’дзіця’. Сюды ж адносіцца шмат дэмінутываў: маладзе́нькі, маладзёшанькі, маладзю́сенькі, маладзю́ткі, маладзю́тэнькі, молодзю́ленькі і інш. (Нас., Растарг., ТС).

Малажа́ва ’чалавек, які молада выглядае’, ’расліна, якая мае добры выгляд’ (КЭС, лаг.). Бел. рэгіяналізм, утвораны ад прыметніка маладжа́вы. Аналагічна ўкр. бук. молоджа́ва, молоджя́ва ’моладзь, маладыя людзі’.

*Малажа́й, моложе́й, моложяй ’атава’ (Клім.; драг., Жыв. сл., Сл. Брэс.). Палескі рэгіяналізм, утвораны ад mold‑ пры дапамозе суфікса ‑ějь. Да малады́ (гл.).