Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Макулёндачка ’шэрая чырванагрудая птушачка’ (докш., Янк. Мат.). Няясна.

Маку́лінка ’макавінка’, ’крупінка, дробязь, драбніца’ (ТС, Нар. Гом.). Да мак (гл.). Адыменнае ўтварэнне з памяншальным суф. ‑ул‑ін‑к‑а, які з ‑ulʼа (Слаўскі, SP, 1, 110). Пар. таксама магу́лінка.

Маку́ра (экспр.) ’вялы, нехлямяжны чалавек’ (Нас., 288) Няясна. Відаць, роднаснае да ўкр. маг̌ро́ ’вол з адным ядром’.

Маку́х ’макуха’ (Бес.; Сл. Брэс.) пад уплывам польск. мовы мае м. р. (польск. makuch ’тс’). Тое ж укр. гуц. макух.

Маку́ха1 ’рэшткі семя (ільнянога, сланечнікавага і пад.) пасля выціскання з яго алею’ (ТСБМ, Інстр. I, III, Гарэц., Мат.; гродз., Мат. АС; усх.-гом., КЭС, Бяльк., Растарг., Сл. ПЗБ). Укр. маку́ха, польск. makuch, makuchy, рус. маку́ха ’макуха макавага, гарчычнага, канаплянага і інш. насення’. Паводле формы магло б быць нават прасл. утварэннем ад мак і суф. ‑уха (< ‑uxa), які, аднак, надаваў экспрэсіўнае адценне. Калі ўлічыць польск. kuch, kuchy olejne, якія з ням. Kuchen (Брукнер, 279), а гэта даволі старажытнае слова, роднаснае з англ. cake, швед. kaka ’пячэнне, торт’, ст.-в.-ням. kuocho, тады можна гаварыць аб славянскім запазычанні з ням. Mohnkuchen, параўн. таксама швейц. Mägikuchen ’макавая макуха’ (Трубачоў, Дополн.; Фасмер, 2, 562).

Маку́ха2, маку́шка ’вяршыня, верхавіна дрэва, гары’, ’верхняя частка галавы, макаўка’, ’галоўка маку’, ’бязрогая карова’ (Нас., Др.-Падб., ТСБМ, Гарэц., Шат., Бяльк., ТС, Растарг., Сл. ПЗБ; дзв., Нар. сл.), маку́шка ’вяршыня’, моку́шка ’ніжняя частка цыбулі’ (ельск., Мат. Гом.), ’кончык пальца на руцэ’ (расон., Шатал.), маку́шка ’верхавіна дрэва’ (ТСБМ, ТС). Рус. маку́шка, маку́ха ’тс’, укр. маківка ’галоўка маку’. Усх.-слав. утварэнне ад мак (гл.) з суфіксам ‑uxa, якое мела пеяратыўнае значэнне. Першапачаткова макуха абазначала ’галоўка маку’ (параўн. рус. алтайск. маку́шка ’тс’, валаг. ма́кушка ’мак’. Бел. макуша магло ўтварыцца самастойна (а не як кантамінацыя макуха і макушка) і, магчыма, вельмі даўно (адыменныя ўтварэнні гл. Слаўскі, SP, 1, 75).

Ма́кша ’п’яніца’ (Сцяшк.). Балтызм. Параўн. літ. màktas, maũkas ’глыток’, maũkti ’піць’ (Арашонкава і інш., Весці АН БССР, 1972, 1, 84; Лаўчутэ, Балтызмы, 120).

Ма́кшта ’мачта’ (Нас., Яруш.), макштовы лес ’мачтавы лес’ (Нас.). Ст.-бел. маштъ (XVII ст.) ’мачта’ запазычана са ст.-польск. maszt(а) ’тс’ (Булыка, Запазыч., 199), якое з ням. Mast ’тс’, ’слуп’ < лац. mālus ’мачтавае дрэва’ (Брукнер, 324; Васэрцыер, 148). Устаўное ‑к‑ з’явілася пад уплывам слова бакшта ’вежа, турма’.

Мал ’назва вала чорнай поўсці’ (КЭС, лаг.). Відавочна, вельмі старая рэліктавая назва — параўн. і.-е. адпаведнікі лексемы малы́ (гл.). Не звязана з балг. мал ’скаціна’, ’маёмасць’, ’багацце’, ’частка спадчыны’, серб.-харв. ма̑л, алб. mall, арум. mal ’маёмасць’, якія з араб. mal ’тс’ (БЕР, 3, 624).

Ма́ла, ма́ло ’нямнога, ледзь, амаль, недастаткова’ ашм. ’рэдка’ (ТСБМ, Сцяшк., Бяльк., Сцяц., ТС, Нар. Гом.). Прыслоўе да малы́ (гл.). Гл. яшчэ ма́лна.

Малава́жанне ’прымяншэнне, прыніжэнне’ (Др.-Падб., Гарэц.). З польск. małoważenie ’тс’.