Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Нехлюшча́віна (ніхлюшчавіна) ’непаваротлівы, няскладны’ (Касп.). Няясна (да хлюст ’франт’?).

*Нехля, нэхля ’неахайная жанчына’ (брас., Нар. лекс.). Відаць экспрэсіўная форма ад няхлюя, ’тс’ ці пад., утвораная паводле мадэлі коця (< кот, коцік) і інш.

Нехлямя́жы ’неахайны, брудны, апушчаны’ (Сержп. Грам.; навагр., Нар. сл.), ’неакуратны, няскладны, няўдалы, абы-які’ (Сл. ПЗБ), ’непаваротлівы, няздольны’ (Бяльк.), нехлямʼя́жы ’несамавіты, непрывабны’ (ТС). Хутчэй за ўсё балтызм або прыметнік, утвораны ў беларускай мове на базе балтыйскага слова, пра што сведчаць геаграфія і фанетычныя варыянты з чаргаваннем к/х: ніклямяжы, ніклімажы (глыб., брасл., Сл. ПЗБ), параўн. літ. klem̃šinti, klemšióti ’няўклюдны ісці’. Не выключана таксама, што ў аснове народнае ўтварэнне тыпу ⁺хлямяга, параўн. ніклямяга ’няўклюда’ ніхлямяга ’няўдалы чалавек’ (Сл. ПЗБ), ад гукапераймальных хлямаць ’гучна есці’, хлэ́маць ’няўклюдна ісці’ і пад.; у абодвух выпадках не- мае ўзмацняльны характар, параўн. магіл. ха́лепа/неха́лепа ’дрэннае надвор’е’.

Не́хрысць ’нехрышчоны’ (Нас., Шат., Мат. Гом.), не́хрысь ’лаянкавая назва кожнага нехрысціяніна’ (Мядзв.), не́хрысцік ’паганец’ (ТС). Да хрысці́ць (гл.).

Не́хта ’хтосьці’ (Нас., Грыг., Касп., Бяльк., Сл. ПЗБ), не́хтачка, не́хтачкі (Янк. 3., Яўс.), ст.-бел. нѣхто, нехто (Карскі 2-3, 91). Утворана пры дапамозе адмоўя не- (нѣ) ад хто (гл.), да якога можа далучыцца памяншальна-ласкальны суфікс ‑чка/‑чкі (Карскі 2-3, 54).

Нехупа́вы ’непрыглядны, несамавіты’ (жлоб., Жыв. сл.), ’нясмелы, сарамяжлівы’ (Мат. Гом.). Гл. хупивы.⇉(

Нехуца́вы ’неакуратны, нехлямяжы’ (Бяльк., Юрч.), ’нязграбны, неакуратны’ (Яўс.), нехацавы ’несамавіты’ (Касп.). Няясна; магчыма, звязана з некуцивы (гл.).

Не́цепка, паводле апісання: «изба без топки печи, находящаяся чрез сени часто без печи, хотя и с приготовленным фундаментом для неё, служащая отчасти кладовою, а отчасти (летней порою) спальнею, так как здесь меньше мух и блох» (Нік. Очерки, 1, 103). З ⁺не‑цепл‑ка, вытворнае ад цепліць ’ацяпляць, паліць’.

Не́ці: нецямі не адбудзеш («ссылка на неимение», Гарэц.), параўн. рус. нети ’дваране, якія не нясуць дзяржаўнай службы’: пробыл в нетех. Да нет ’няма’, гл. Фасмер, 3, 68; сюды ж, паводле Карскага (2–3, 77), адносіцца і мін. пець ’невядома’.

Нецікавы ’нецікавы; слабы, малавартасны (ужываецца з назоўнікамі, якія абазначаюць назвы сельскагаспадарчых гароднінных культур або назвы хатніх жывёл)’ (Янк. 1), ’непрыгожы’ (Сл. ПЗБ), ’не вельмі добры; непрацаздольны’ (Мат. Гом.), ’неахайны, неакуратны’ (Ян.), ’з аслабленымі разумовымі здольнасцямі’ (ТС), нецікавая трава ’непрыгодная на корм’ (Жд. 1). Гл. ці́кавы (у розных значэннях).