Нехлямя́жы ’неахайны, брудны, апушчаны’ (Сержп. Грам.; навагр., Нар. сл.), ’неакуратны, няскладны, няўдалы, абы-які’ (Сл. ПЗБ), ’непаваротлівы, няздольны’ (Бяльк.), нехлямʼя́жы ’несамавіты, непрывабны’ (ТС). Хутчэй за ўсё балтызм або прыметнік, утвораны ў беларускай мове на базе балтыйскага слова, пра што сведчаць геаграфія і фанетычныя варыянты з чаргаваннем к/х: ніклямяжы, ніклімажы (глыб., брасл., Сл. ПЗБ), параўн. літ. klem̃šinti, klemšióti ’няўклюдны ісці’. Не выключана таксама, што ў аснове народнае ўтварэнне тыпу ⁺хлямяга, параўн. ніклямяга ’няўклюда’ ніхлямяга ’няўдалы чалавек’ (Сл. ПЗБ), ад гукапераймальных хлямаць ’гучна есці’, хлэ́маць ’няўклюдна ісці’ і пад.; у абодвух выпадках не- мае ўзмацняльны характар, параўн. магіл. ха́лепа/неха́лепа ’дрэннае надвор’е’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)