Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Ру́твіца ’род адна- і шматгадовых травяністых раслін і паўкустоў сямейства матыльковых’ (ТСБМ), ’расліна Lotus L.’ (Кіс.). Ад рута (гл.).

Рух ’перамяшчэнне’, перан. ’грамадская дзейнасць, масавыя выступленні’, ’рост, развіццё’, ’перамяшчэнне, рухавасць’, ’шум’ (Сл. ПЗБ), ’перамяшчэнне, рухавасць’ (ТС), ’перамяшчэнне’, ’трывога’ (Нас.). Борысь (Борысь, 526) тлумачыць прасл. дыял. *ruxъ ’рух’ як назву дзеяння ад вытворнага прасл. *rusti ’рыць, капаць, пераварочваць (напрыклад, зямлю)’ < *rušiti ’надаваць рух, піхаць, штурхаць, пераварочваць, звальваць’ (гл. рушыцца, рушыць). Паводле Фасмера (3, 524), наадварот — дзеяслоў рус. ру́шить выводзіцца ад рух.

Ру́хаць1 ’перамяшчаць’, ’прыводзіць у рух, прымушаць дзейнічаць’, ’кранаць’ (ТСБМ). Параўн. укр. ру́хати ’перамяшчаць’, польск. ruchać ’тс’, славен. rúhati ’перамяшчаць, трасці’. Прасл. *ruxati, суадноснае з *rušiti, гл. рушыць. Той жа праславянскі корань, што і ў рух (гл.). Сюды ж руха́вы ’хуткі, рухлі́вы ’тс’.

Ру́хаць2 ’рохкаць’ (Сл. ПЗБ), ру́хкаць ’тс’ (ТС), рю́хать ’тс’ (Растарг.). Гукапераймальнае.

Рухля́вы ’рухавы’ (саліг., Нар. словатв.; Сл. Брэс.), рухля́вый ’рухавы’ (Сл. Брэс.). Магчыма, кантамінацыя рухавы і рухлівы, гл. рухаць.

Ру́хнуць1 ’абваліцца, упасці пад дзеяннем уласнага цяжару’; перан. ’перастаць існаваць, знікнуць’ (ТСБМ). Рус. ру́хнуть, польск. runąć ’упасці, зваліцца, распасціся; раптоўна рушыць з месца, рынуцца’, ст.-польск. ’грукнуць, загрымець, зарыкаць, зараўці’, ст.-чэш. runúti ’упасці, зваліцца’, балг. ру́хна ’упасці з шумам, разваліцца’. З прасл. *ruxnǫti < *ruxati, *rušiti ’прымушаць рухацца, надаваць рух, піхаць, штурхаць, варушыць, перакульваць, звальваць’ (Борысь, 527), гл. рушыць.

Ру́хнуць2 ’сказаць невыразна і зняважліва’ (мсцісл., Юрч. Сін.). Магчыма, ад рух (гл.), параўн. бу́хнуць ’сказаць нечакана і неабдумана’, бра́знуць ’сказаць неасцярожна’ (Юрч. Сін., 189–190), аднак, больш верагодна з рухаць2 (гл.).

Ру́хнуць3 ’кінуцца’: рухнулі свінья (саліг., Нар. словатв.), ’крануць, зрушыць’, ’хутка пайсці, рынуцца’, рухну́ць ’тс’ (ТС); рухну́цца ’рушыцца, крануцца’ (там жа). Да рухнуць1 (гл.). Версія пра сувязь не з рухаць, рушыць, а з гукапераймальным рухаць (рюхаць) ’падаваць гукі (пра свіней)’ (гл. рухаць2, рохаць) (Нар. словатв., 112) непераканаўчая.

Ру́хнуць4 ’прапасці (пра зімовую дарогу)’ (круп., Нар. сл.; ТС), рухну́ць ’тс’ (ТС). Канкрэтызацыя значэння ’перастаць існаваць, знікнуць’ слова рухнуць1 (гл.).

Рухо ст.-бел. ’вопратка’ (Ст.-бел. лексікон). Стараж.-рус. рухо ’скарб, манаткі’, рус. ру́хо ’адзенне’, польск. rucho ’тс’, кашуб. rëxë ’старое адзенне’, чэш. roucho ’святочнае адзенне, строй’, славац. rúcho ’тс’, серб.-харв. ру̏хо ’вопратка’, славен. rúho ’палатно, прасціна’, балг. ру́хо ’адзенне, вопратка’, макед. руво ’тс’. Прасл. *ruxo ’рухомая маёмасць, у прыватнасці, адзенне’, утворана ад *rušiti (гл. рушыцца, рухаць), звязана таксама з *rъvati (гл. рваць), гл. Брукнер, 467; Фасмер, 3, 524; Скок, 3, 167; Шустар-Шэўц, 2, 1254; SEK, 4, 190. Сюды ж рухамоцце, рухмаццё ’рухомая маёмасць, манаткі’, рухматло́ ’тс’ (Ласт.).

Рухо́мы ’здольны рухацца; які можна перамяшчаць’ (ТСБМ, Нас.), рухо́мый ’тс’ (Бяльк.), рухо́му ’жвавы, дзелавы’ (ТС), сюды ж рухо́масць ’уласцівасць і стан рухомага’, ’рухомая маёмасць’ (ТСБМ). Польск. ruchomy ’які можа рухацца; перамяшчальны’. Прасл. *ruxomъ — дзеепрыметнік залежнага стану цяперашняга часу ад незахаванага прасл. *rusti ’рыць, капаць, пераварочваць (зямлю)’, ’перамяшчаць’ (гл. рушыць), утвораны як вядомы ад ведаць (Борысь, 526; Фурлан, Бязлай, 3, 205).

Руці́на ’боязь змен, застой, кансерватыўнасць, адсутнасць пачуцця новага’ (ТСБМ). З заходнееўрапейскіх моў, крыніцай для якіх было франц. routine ’спрыт; уменне; руціна; коснасць’ < route ’дарога, шлях, напрамак, наезджаны шлях’ (Чарных, 2, 128–129).

Руцня́ ’жменя вытрапанай і ачышчанай пянькі’, ру́цня ’жменя ільнянога валакна’ (Сл. ПЗБ), руцэ́нька ’жменя ачышчанага і вычасанага лёну’ (Нас.). Да рука (гл.), параўн. ру́чка ’мера вытрапанага лёну ў адну жменю’ (Сцяшк. Сл.), відаць, пад уплывам цокання.

Руцьмя́ны ’рутавы, упрыгожаны рутай’ (Кліх.; маладз., Гіл.), руцьвя́ны ’тс’ (Стан.). Ад рута (гл.) з рэдкім суфіксам ‑мян‑, паводле Карскага (2–3, 43).