Руса́ллі ’у старажытных славян — вясеннія язычніцкія святкаванні, звязаныя з культам продкаў’ (ТСБМ); руса́льны ’які мае адносіны да русалляў’, руса́льны ты́ждзень (ты́здзень) ’першы тыдзень пасля сёмухі, калі спраўлялі русальныя абрады’ (ТС), руса́льніца ’тыдзень пасля сёмухі’ (Ласт.). Стараж.-рус. по рѫсалиѧх(ъ) М. скл. мн. л. ’свята Тройцы’ (XI ст.), укр. ру́саля ’Тройца’, балг. Руса́ля, Руса́лска неделя ’нядзеля пасля Спасу’, серб.-харв. дыял. ру́са̄ље ’тройца’, славен. risȃle ’тс’, чэш. rusadla ’вясеннія язычніцкія святкаванні’, славац. rusadlá ’тс’, ст.-слав. роуслиѩ ’тс’. Слова, вядомае з XI ст. як назва паганскага свята ўваскрэслай прыроды і памінання нябожчыкаў. З лац. rosālia < rosaria (dies rosae ’дні ружы’ ад лац. rosa ’ружа’) — назвы вясновага свята ружаў, падчас якога прыносілі ружы на магілы. Параўн. іт. pasqua rosata ’пяцідзесятніца’. Кантамінацыяй з рус. русло тлумачылі о > у і змену ў семантыцы, калі русалка з лясной і палявой істоты ператварылася ў вадзяную, што няпэўна, хутчэй гэта ўплыў народных слоў, што ўзыходзяць да *rus‑, гл. русавы дзед. Гл. таксама Фасмер, 3, 520; Махэк₂, 525; БЕР, 6, 349–351; Чарных, 2, 128; Пічхадзэ, Новое в рус. этим., 200–201; ESJSt, 13, 783–784; Жураўлёў, Язык и миф, 499.
Русі́ны ’назва ўкраінцаў заходнеўкраінскіх зямель, найбольш распаўсюджаная ў час іх знаходжання пад аўстра-венгерскім гнётам’ (ТСБМ). Укр. ру́син, рус. руси́н, польск. rusin. Вытворнае ад Русь (гл. рускі) (Фасмер, 3, 520; Дулічэнка, Язык культуры, 439–453).
Ру́скі ’які мае адносіны да Русі, Расіі’, ’які мае адносіны да рускіх’ (ТСБМ), старое ’у Беларусі хрысціянін усходняга абраду’, ’украінец’ (Стан.), рускій, руській ’рускі’ (Бяльк.), ст.-бел. руський (1440 г.), рускии ’тс’ (Карскі, 1, 199), сюды ж ру́скі ме́сяц ’пра нешта вельмі доўгае ў часе’ (ТС), ру́ськый мі́сяць, ру́ськый рык ’цэлы, біты, добры месяц, год’ (Клім.), ру́скі по́яс (rúski pojis) ’вузкая і доўгая тканіна’ (Варл.). Прыметнік вядомы ўсім славянскім мовам у сучасным значэнні, параўн. аднак польск. ruski ’усходнеславянскі’, ст.-слав. русьскъ (у адносінах да князя Святаполка, гл. ESJSt, 13, 784). Часцей за ўсё звязваюць са ст.-фін. азначэннем германскага племені *Rōtsi ’варагі, шведы, што нападалі на фінскія землі’, сучаснае фін. Ruotsi ’Швецыя’, што ідэнтыфікуецца з першай часткай ст.-ісл. róþsmenn або róþskarlar ’грабцы, мараходы’. Ст.-ісл. Rróþsmenn або Róþskarlar у сваю чаргу паходзяць са швед. Roslagen — назвы ўзбярэжжа Упланда. У якасці аналагічных выпадкаў перанясення назвы заваёўнікаў на заваяванае насельніцтва прыводзяцца франкі (Францыя), нарманы (Нармандыя), навагрэкі (Φωμιοί) лангабарды (Ламбардыя), балгары (Фасмер, 3, 522; з разглядам версій — ESJSt, 13, 783–785; Трубачоў, Слав. языкозн., XII, 23). Значэнне ’надта доўгі’, параўн. і польск. ruski miesiąc, мажліва адлюстроўвае разыходжанні і ў сістэме мер Вялікага княства Літоўскага, параўн. Скурат., Меры, 34.
Русло́ ’вясло’ (Сл. рэг. лекс.). Магчыма, з таго ж праславянскага *ruslo, што і ўкр. русло́ ’рэчышча’, руск. ру́сло ’тс’. Прасл. *rus‑ з і.-е. *reu‑s‑ (*rou‑s‑), дзе корань *reu‑ (*rou‑) мае значэнне ’разрываць, рыць’. Параўн. літ. raũsti ’рыць’, лат. *raust ’рыць, зграбаць’. Такім чынам, *ruslo магло значыць ’тое, чым разрываюць, рыюць’, ’струмень, які вырыў рэчышча’. Калі рус. ру́сло ’рэчышча’ з рух, рушыць (гл.), то слова можна патлумачыць як назву прылады руху, параўн. Фасмер, 3, 521; Чарных, 2, 128.
Русува́ць ’злаваць, шалець, лаяцца’ (Бяльк.). Няясна.
Ру́сы ’светла-карычневы з шараватым ці жаўтаватым адценнем (пра валасы)’ (ТСБМ). Укр. ру́сий ’русы’, рус. ру́сый ’тс’, польск. rusy, чэш. rusý ’светлавалосы, цялеснага колеру’, славац. rusý ’тс’, славен. rȗs ’чырвоны, жоўты’, серб.-харв. ру̏с ’тс’, балг., макед. рус ’светлавалосы’. З прасл. *rusъ, *rudsъ, роднаснага да руда, руды, рыжы (гл.). Індаеўрапейскія паралелі — літ. raũsvas ’чырванаваты’, rùsvas ’цёмна-карычневы’, rusė́ti ’тлець’, ruslės ’прысак’, лат. rusls ’карычневы’, rûsa ’іржа’, лац. russus ’чырвоны, рыжы’ і інш. (Фасмер, 3, 521–522; Бязлай, 3, 208; ESJSt, 13, 781).
Русьня́ ’сноп ільну’ (бешанк., Нар. сл.). Гл. руцня́.
Русьць, рюсьсць ’раўці, плакаць’ (Бяльк.), рюсть ’голасна плакаць’ (Растарг.), рюсь ’тс’ (віц., Мат.), параўн. укр. гуц. рю́сти ’рычаць, крычаць ад болю’, стараж.-рус. рюти ’раўці’, славен. rjúti, чэш. řúti, польск. rzuć ’тс’, ст.-слав. рюти. Першаснае прасл. *rʼuti, *rovǫ яшчэ ў праславянскую эпоху трансфармавалася ў *reuti, *revǫ, гл. раўці (Сной₂, 625; ESJSt, 13, 771, 785 з літ-рай). Гл. таксама Карскі, 1, 182; 2–3, 58 (звяртае ўвагу на паралельныя формы раве́ць, раўсці́, раўці́, рюсь у беларускай мове).
Ру́та ’від шматгадовых травяністых раслін і паўкустоў сямейства рутавых з жоўтымі кветкамі і лісцямі, у якіх змяшчаецца эфірнае масла’ (ТСБМ), ’рута, Ruta graveolens L.’ (Кіс., Стан.), ’нешта вельмі зялёнае (у параўнанні)’ (ТС), ’пакаёвая расліна, вазон’ (маладз., Янк. Мат.), ру́та, ру́та‑мя́та ’травяністая расліна’ (Кос., Растарг.). Укр. і рус. ру́та. Праз польск. ruta з с.-в.-ням. rûte ’рута’ < лац. ruta ’нейкая горкая трава’ (Фасмер, 3, 523).
Рутаўё́ ’доўгі чаранок у прыладах (лапаце, вілах і інш.)’ (мсцісл., З нар. сл.), ’ручка мятлы’ (ЭШ). Гл. ратаўё.