Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Трухта́ ‘невысокая, поўная, але жвавая жанчына’ (Мілк. Сл.). Відаць, звязана з наступным словам (гл.).

Трухтом ‘трушком’ (бераст., Сл. рэг. лекс.), трухтою ‘тс’ (беласт., Сл. ПЗБ). З польск. truchtem ‘тс’ (Мацкевіч, там жа, 5, 134). Брукнер (577) адзначае, што ў польскай мове слова trucht (truchtem, truchcikiem) з XVIII ст. і запазычана з ням. Trott ‘тс’. Паводле SWO (1980, 778), польск. trucht ‘від бегу каня, сярэдні паміж шагам і рыссю’ ўзыходзіць да с.-в.-ням. truht; ужываецца звычайна ў выразе: biec truchtem ‘бегчы трушком’.

Трухце́ць ‘бегчы трушком, трухаць’ (Скарбы). Магчыма, кантамінацыя папярэдняга слова з трух‑трух — гукаперайманнем бегу дробнай рыссю (ТСБМ).

Тру́цень (тру́цінь, тру́цянь, тру́тэнь) ‘самец у пчалінай сям’і’ (ТСБМ, Нас., Бяльк., Байк. і Некр., Сцяшк., Бес., ТС, Сержп. Грам., Сл. ПЗБ; слаўг., Нар. сл.) і пераноснае ‘гультай’ (Нас., Бяльк., Байк. і Некр., Пятк. 2, Сцяшк.), ст.-бел. трутень ‘пчаліны самец’. Укр. тру́тень, трут, рус. тру́тень ‘самец пчол’, ‘дармаед, паразіт’, польск. truteń, старое trucień, таксама дыял. trudeń, tręteń ‘тс’, trętnie ‘трутні’; з XV ст. ст.-польск. trąd/trąt/tręt/trut ‘труцень’, каш. trǫd і tron , н.-луж. tšut, в.-луж. truta, чэш. trubec, ст.-чэш. trúp, мар. trút, truť ‘тс’, trout ‘шкодныя насякомыя на капусце’, славац. trúd, otrôt і trubec, славен. trôt, харв. trût ‘труцень’, trūtanj ‘чмель’; серб. тру̂т, макед. трут ‘труцень’, балг. тъ́ртей (параўн. у Бярынды: трꙋтій: трꙋтень), серб.-ц.-слав. троуть ‘аса, чмель’. Прасл. *trǫtъ (дыял. *trǫtъnjь ‘труцень’), роднаснае літ. trãnas, лат. trans ‘труцень’ (Фасмер, 4, 111), якія з індаеўрапейскай гукапераймальнай асновы *tren‑, звонкі варыянт *dren‑: ‘гусці, гудзець’, ‘шумець, звінець’, адсюль ст.-в.-ням. treno, с.-в.-ням. trëne, ст.-англ.-сакс. drān, drǣn, англ. drone, ням. Drohne ‘труцень’, гоц. drunjus ‘гук’, ст.-грэч. υρωναξ, ‘шэршань’, τεν‑υπήνη ‘сляпні, дзікія пчолы’, υρηνος ‘элегія’ (Сной₂, 788). Паводле ЕСУМ (5, 660), Каруліса (2, 420) і Борыся (645), звонкі варыянт падаецца як *d​hren‑. Паводле Махэка₂ (654), не ясна, як выглядала праславянская форма: *trǫtъ ці trǫdъ. Ён ставіць пад сумненне першапачатковасць літ. trãnas, лат. trans ‘труцень’ і дапускае, што яны маглі быць запазычаны з нямецкай мовы. Прынамсі, Мюленбах-Эндзелін (1, 489) мяркуюць, што дыялектныя латышскія формы з d‑ (drans, dranis ‘тс’), хутчэй за ўсё, запазычаны з с.-ням. drane або сугучныя з ім. Калі меркаваць, што праславянская форма *trǫdъ, то фанетычна ёй адпавядаюць літ. trandìs і trandė ‘моль’. Аднак не выключае, што гэта форма другасная, якая ўзнікла ў выніку збліжэння з *trǫdъ ‘назва хваробы; губа’ (Борысь, 646) або фанетычным шляхам, параўн. палес. тру́дні мн. л. (Арх. Вяр.). Меркаванні пра зыходны паралелізм формаў слова гл. SEK, 5, 175.

Труці́зна ‘атрута’ (Нас., Байк. і Некр., Жд. 3, ТС; шальч., Сл. ПЗБ), ‘шкодная для здароўя ежа, выпіўка, лякарства’ (полац., Нар. сл.); ‘ядахімікат’ (Сл. ПЗБ). труты́зна ‘атрута’ (стол., Нар. лекс.), труты́зно ‘тс’ (Клім.; кам., Жыв. НС), турці́зна ‘тс’ (стаўб., Сл. ПЗБ). Ст.-бел. трутизна ‘тс’ (1578 г.) запазычана са ст.-польск. trucizna ‘тс’ (Жураўскі, SOr, X (1), 40; Булыка, Лекс. запазыч., 130).

Труці́ць ‘знішчаць атрутай, рабіць шкоду атрутнымі рэчывамі’ (ТСБМ, Нас., Бяльк., Ласт., Касп., Байк. і Некр., Гарэц., Яруш., ТС, Варл., Сл. ПЗБ), труці́цса, тру́ціцса ‘турбавацца, мучыцца, непакоіцца’ (Кліх), ст.-бел. трутити перан. ‘пазбаўляць радасці, рабіць непрыемным’ (ГСБМ). Парны па трыванні дзеяслоў да атруціць (гл.), параўн. чэш. мар. otrutit ‘атруціць’. Узнік у выніку кантамінацыі *truti і *traviti пры ад’ідэацыі ст.-польск. truciźnik, truciciel(ka) або непасрэдна ад труць2 (гл.).

Труць1, труц ‘труціць’ (воран., ашм., смарг., гродз., Сл. ПЗБ), ст.-бел. трути, струти ‘атручваць’ (Гарб.). З польск. truć ‘тс’ (Мацкевіч, Сл. ПЗБ, 5, 134). Аналагічна тру́цца ‘атручвацца’ < польск. truć się ‘тс’, ‘мучыцца, пакутаваць’. Польск. truć (się) узыходзіць да прасл. *truti, 1 ас. trovǫ ‘спажываць, вытрачаць, ператраўліваць’, звязанага чаргаваннем галосных асновы з ітэратывам *traviti і назоўнікам трава́, трова́ (гл.). Прасл. лексема *truti роднасная літ. trūnýti ‘парахнець, тлець, гнісці’, вал. toraw ‘таўчы’, ‘біць, разбіваць’, ст.-грэч. τρύω ‘быць стомленым, замучаным’, ‘прыціскаю, прыгнятаю, раню’, ст.-англ.-сакс. dˊrōwigean ‘цярпець’, ст.-нарв. þrá ‘сум’, ‘моцнае жаданне’ < і.-е. *treu̯‑ ‘церці, расціраць’ (Борысь, 644; Фасмер, 4, 92; Махэк₂, 650; Чарных, 2, 255; Скок, 3, 507–508; Брукнер, 575, 577; ЕСУМ, 5, 656; Бязлай, 4, 234–235).

Труць2 ‘яд, атрута’ (Некр. і Байк., Ласт.). Магчыма, з польск. truć ‘расліна, сокам якой змазвалі стрэлы, палюючы на аленяў’ (Варш. сл.), параўн. trut, truta, trutka ‘атрута (як прынада)’ і папярэдняе слова (гл.).

Тру́ша ‘няўдалы чалавек’ (воран., Сл. рэг. лекс.). Няясна. Магчыма, утворана пры дапамозе суф. ‑ша ад дзеяслова, блізкага да літ. trū́kti ‘не хапаць (некаму нечага)’, ‘трэскацца, разрывацца’.

Труша ‘псіна’: сабака трушой смярдзіць (воран., Сл. ПЗБ), ‘гніль, цвіль, падла’ (там жа). Грынавяцкене (там жа, 5, 134) выводзіць з дыял. літ. trušà < trąšà ‘гніль’, ‘гной, угнаенне’, параўн. таксама літ. trũnys ‘гніль’, trèšti ‘гнісці’. Паводле Лаўчутэ (Балтизмы, 149), сумніўны балтызм.

Тру́шанка ‘трасянка, сумесь, салома, змешаная з сенам’ (ТСБМ, Шат., Бяльк., Байк. і Некр., Некр., Пятк. 1, Мат. Гом., Янк. 1, Др.-Падб.; мазыр., З нар. сл., Яшк. Мясц.), ‘мешаніна розных дробных частак’ (Гарэц.): боб, гарох і віку скалаціць — тру́шанка (чэрв., бярэз., Сл. ПЗБ); тру́шанка і стру́шанка, тру́шаніца, трушо́нка ‘трасянка’ (гродз., мін., маг., гом., ЛА, 2). Параўн. (ц.-слав.?) труша, смешение («Лексисъ съ толкованіемъ словенскіх мовъ просто», гл. Ст.-бел. лексіконы, 18). Да тру́сіцца2 (гл.).

Тру́шка ‘булка’ (Рэг. сл. Віц.). Відаць, скарочанае ад ватрушка (гл.), параўн. рус. фалькл. у нас трушки и ватрушки (СРНГ, 45, 178).