Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Ру́мза ’плакса’, ру́мзаць ’перарывіста і надакучліва плакаць’ (ТСБМ); ру́мзы ’вочы заплаканыя’, румзы распускаць ’плакаць беспрычынна’ (мсцісл., Юрч. Сін.), ру́мза, рю́мза ’плакса’ (Бяльк.), ру́мало ’тс’ (ТС), ру́маць ’румзаць’ (ТС). Параўн. таксама рю́мать ’плакаць, хныкаць’ (Растарг.), укр. рю́мати ’няўцешна плакаць’. Гл. рум1; нарашчэнне ‑з‑ (‑с‑) характарызуе інтэнсіўнасць дзеяння.

Румя́нак ’адзін з відаў рамонку, які выкарыстоўваецца як лекі; лекавы настой на кветках гэтага рамонку’ (Сл. ПЗБ, Сл. рэг. лекс., Касп.), румя́нок ’рамонак’ (ТС), румя́нок, руме́нок ’тс’ (Сл. Брэс.). Польск. rumianek ’рамонак, рамон, расліна Matricaria chamomilla’, параўн. таксама чэш. rmen, rmenek, heřmánek, славац. rumanček, harmanček, славен. rmȃn. У ст.-польск. з XV ст. rumienek/rumionek і rumien/rumion/romien ’тс’, ’пупок, Anthemis’, у XVI ст. rumienek. У польскую мову запазычана з чэшскай са зменамі пад уплывам прыметніка rumiany (Борысь, 527). Гл. рамонак.

Румя́нец ’ружовы ці ярка-чырвоны колер твару’, ’ружовая ці ярка-чырвоная афарбоўка неба пры ўзыходзе сонца’ (ТСБМ). Да румяны (гл.).

Румя́нка ’роўная, без пад’ёмаў і спускаў дарога’ (беласт., Ніва, 1980, 9 сакав.). Параўн. польск. дыял. rum ’праход, вольны шлях’. Гл. рум2.

Румя́ны1 ’з румянцам на твары’, ’ярка-чырвоны, ружовы’, ’чырванаваты, з залаціста-карычневым адценнем (пра выпечку)’ (ТСБМ, Ласт., Сл. ПЗБ), румʼя́ны ’румяны, чырвоны’ (ТС), ст.-бел. румѧнъ ’тс’ (Альтбаўэр). Укр. румʼя́ний ’румяны’, рус. румя́ный ’тс’, польск. rumiany ’тс’, чэш. ruměný ’тс’, славен. rumèn ’жоўты, чырвоны’, серб.-харв. ру̀мен ’чырвоны’, балг. ру́мен ’тс’, макед. румен ’тс’, ст.-слав. роумѣнъ. Прасл. *ruměnъ < *rudměnъ < *ruda, *rudъ, *rudъjь (гл. руда, руды). Індаеўрапейскія адпаведнікі — літ. raumuõ, род. ‑eñs, Він. адз. л. raũmenį ’мышца’, лат. raũmins ’вэнджаныя мышачныя часткі’ (Фасмер, 3, 517; ESJSt, 13, 783 з літ-рай).

Румя́ны2 ’ружовая ці чырвоная касметычная фарба для твару’ (ТСБМ). З рус. румяна ’тс’.

Руна ст.-бел. ’валасяное покрыва ў чалавека’: были ч(и)сты руна ее (Альтбаўэр), параўн. балг. дыял. ру́на, ру́ни ’густыя кучаравыя валасы на целе чалавека’. Роднаснае да руно1 (гл.), параўн. ст.-інд. róman‑, lóman ’валасяное покрыва на целе’, што дае падставы для рэканструкцыі і.-е. *roumn‑ > прасл. *rumno (Мікала, Ursl. Gr., 1, 66; Фасмер, 3, 518; Махэк₂, 519; Бязлай, 3, 208; БЕР, 6, 345).

Ру́нда ст.-бел. ’дазор, каравул’ (Ст.-бел. лексікон). З ням. Runde ’кола, круг; абход’, відаць, праз польскую, параўн. Фасмер, 3, 517.

Рунду́к ’невялікая крамка на рынку’, ’куфар для прыпасаў’ (Бяльк.), ’куфар’, ’турбіна’ (Касп.). Параўн. укр. рунду́к ’ганак, прылавак’, рус. рунду́к ’узвышэнне’, ’прылавак з скрынкамі’. З цюрк. orunduk ’падушка, сядзенне’, тат. urunduk ’сядзенне’ (Фасмер, 3, 517).

Руне́ць ’узыходзячы, зелянець (звычайна пра азімыя пасевы)’ (ТСБМ), ’цвісці (пра дрэва)’ (ст.-дар., Нар. сл.), руні́цца ’усходзіць, зелянець’ (ТС). Адсубстантыўны дзеяслоў ад рунь (гл.). Сюды ж, відаць, руно́ ’хвароба жывёлы’, параўн.: “калі вясной рунела елка і сасна, дабытак западаў на асаблівую хваробу, “руно”, ад якой не было ратунку” (беласт., Ніва, 1975, 19 касір.).

Рункаві́ско ’ручка ў рыдлёўцы’ (Сл. рэг. лекс.). Мясцовае ўтварэнне на базе польск. ręka ’рука’ і суфікса ‑іск‑о, магчыма, да польск. rękojeść ’рукаятка’.