Лужджы́ць ’церці лён, аддзяляючы валакно ад кастрыцы’ (воран., Сл. ПЗБ) — звонкі варыянт лушчыць пад уплывам балт. моў, параўн. літ. lùgždinti, lukšdénti ’лушчыць’ (Сл. ПЗБ, 2, 679). Параўн. вы‑лукшчывацца ’аддзяляцца (пра льновалакно)’ — літ. išsi‑lukštinti ’тс’ (Лаўчутэ, 68) і лукшчы́ць (гл.).
Лужка́віна ’нізіна ў лесе’ (ТС). Да лужок < луг 1 (гл.).
Лу́жна ’невялікі ўчастак поля, які зарос травою’ (Выг.). Да луг 1. Аб суфіксе гл. Сцяцко (Афікс. наз., 161).
*Лу́жны, лу́жный ’не з калодзежа (пра ваду)’ (Юрч. Вытв.). Да луг 2.
Лужча́віна ’сенажатная лугавіна’ (стол., Яшк.) — кантамінаваная назва з лужа́віна ’лугавіна’ і лагчаі́на ’лагчына’.
Лу́жыцца ’лупіцца, аблуплівацца’, ’адвальвацца’ (пух., Жыв. сл.; раг., чэрв., Сл. ПЗБ), лу́жыць ’лушчыць’ (браг., Мат. Гом.), лужы́ць ’тс’ (капыл., ганц., Сл. ПЗБ). Балтызм. Параўн. літ. lūžti ’ламацца’, ’трэскацца’, ’распадацца’, ’згінацца’.
Лужы́шча 1 ’поле, дзе раней было балота’ (навагр., Жыв. сл.). Да лу́жа (гл.). Аб суфіксе гл. Сцяцко (Афікс. наз., 159).
Лу́жышча 2 ’поле на месцы ўзаранага лугу’ (Прышч. дыс.). Да луг 1 (гл.).
Лужэчак ’невялікая ўпадзіна, яміна’ (ганц., Сл. ПЗБ). З лужочак < луг 2 (гл.); э замест о — характэрная з’ява паўд.-зах. бел. гаворак (Бел. дыял., 1980, 31–32).
Лу́за ’адтуліна на краі більярднага стала з сеткай, у якую падае шар’ (ТСБМ). Запазычана з польск. łuza ’тс’ праз рус. мову (КЭСРЯ, 248; Крукоўскі, Уплыў, 79).
Луза́н ’спелы арэх, які сам вывальваецца з гранкі’ (ТСБМ, ТС), лузане́ц ’тс’ (Маш.; бялын., Янк. Мат.; ветк., Мат. Гом.), лу́занік ’тс’ (ТС), луза́нчык ’тс’ (Янк. 3.). Да луза́ць (гл.). Аб суфіксе ‑ан‑ гл. Сцяцко (Афікс. наз., 26). Сюды ж пераноснае паводле падабенства луза́н ’здаровае, тоўстае дзіця’ (кір., Нар. сл.).