Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Бэ́нцнуць ’ударыць рэзка, з сілай’ (Касп., Сцяц.), ’выцяць’ (Сцяшк. МГ), бэнц! ’выклічнік, які выражае хуткае падзенне або ўдар з гукам’ (Нас., Бяльк.); гук ад пляску, калі выцяць па мяккай рэчы’ (КЭС, лаг.). З польск. bęcną́ć, bęc (гукапераймальнае ўтварэнне, гл. Слаўскі, 1, 31).

Бэр хадзіць ’слова для адгону кароў на пашы’ (Інстр. III). Можа, запазычанне з польск. мовы. Параўн. польск. (паляўнічы выраз) iść berem ’асцярожна, хаваючыся, падыходзіць да звера’ (Варш. сл., 1, 115, лічыць, што ber < укр. бер ’кладка, малы мосцік; сцежка’). Але хутчэй за ўсё звязана з выклічнікамі тыпу ўкр. бир, бирь, якія ўжываюцца як падзыўныя і адгонныя словы (падрабязней гл. пад бірко́вы).

Бэ́ра ’гатунак грушы’. Рус. бе́ре, польск. bera і г. д. Запазычанне з зах.-еўрап. моў (паводле Варш. сл., 1, 115, з франц. beurré). Бел. слова непасрэдна з польск.

Бэ́рва ’кладка, жэрдачка праз рэчку ці праз канаву’ (Сцяшк. МГ), бе́рва ’кладка з бярвенняў ці тоўстых жардзін на гразкім месцы’ (Яшкін). Ст.-рус. бервь ’плыт’, укр. бе́рва ’кладка’, чэш. břev перакладзіна, мосцік’, балг. бръв ’перакладзіна; мосцік; брод’ і г. д. Прасл. *bьrvь, *brьvь, *bьrьvь. Бясспрэчна, звязана з бервяно́ (гл.). Параўн. яшчэ барвя́к ’брод’ (гл.). Сюды адносіцца і бе́рба ’кладка’ (Яшкін). Гэта апошняя форма — вынік асіміляцыі (берва > берба).

Бэ́рсаць ’блытаць’ (Сцяшк. МГ), ’пісаць; нячыста жаць’ (Сцяц., Шат.). Варыянт бэ́рсаць (*бърс‑) замест *борсаць, магчыма, экспрэсіўнага паходжання. Але хутчэй за ўсё гэта гіперкарэктная форма (у бел. мове ненаціскное э > а): тут было «адноўлена» неэтымалагічнае э. Гл. барса́ць.

Бэст ’бэз’. Гл. бэзд.

Бэ́стынь ’бессаромны, нахабны’ (Сцяшк. МГ). Утварэнне ад польскага дзеяслова bestwieć, bestwić się ’дзічэць, рабіцца бессаромным і г. д.’ Параўн. бэ́сціць. Не выключаецца, што бэ́стынь (суф. ‑ынь?) можа быць утварэннем ад bestia.

Бэ́сціць ’лаяць, ганьбіць, зневажаць; мазаць адзежу’ (Шат., КЭС, лаг., БРС, Бір. Дзярж.), бэ́сціцца ’прыпадабняцца жывёле’ (Гарэц.). Параўн. ст.-укр. бествитися (з XVI ст.). Запазычанне з польск. bestwić ’тс’ (аб польскім слове гл. Брукнер, 22: да bestja < лац. bestia ’звер’). Параўн. бэ́штать. Форма бэ́сціцца адлюстроўвае польск. bestwić się. Непасрэдна з польск. bestja запазычана бел. бэ́стыя (Нас.).

Бэ́та ’нячыстая, ганебная справа, звязаная з махлярствам, круцельніцтвам’ (КЭС, лаг.). Можа, таго ж паходжання, што і ўкр. бета ’ўмельства’ (а гэта, відаць, скарачэнне з кебе́та ’ўмельства, здольнасць’ < тур.-араб., гл. Крымскі, Др.-киев. говор, 12). Іншая этымалогія: сувязь з карцёжным тэрмінам польск. bet, labet (< франц. bête, la bête), укр. лабе́ти (пійматися в лабети), рус. попасть в лабе́т ’трапіць у няёмкае становішча’. Гл. падрабязна Балецкі, SSlav., 9, 358.

Бэ́тка ’грыб’ (Сцяшк. МГ). Укр. дыял. бе́тка ’тс’. З польск. betka (bedłka, bedła, мн. bdły; да польскіх форм гл. Бартніцка-Дамбкоўска, Nazwy grzyb., 26–27) ’тс’ (зах.-слав. *bъdъla; параўн. і чэш. bedla; гл. Слаўскі, 1, 29; Брукнер, 19; Махэк₂, 50; магчыма, сюды ж і рус. дыял. бли́цы ’грыбы’, гл. Фасмер, 1, 176; Мяркулава, Очерки, 173–174).