Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Мерд ’мужчына’ (Гарб.). Іранізм. Параўн. яцвяжск. mard ’чалавек’ < ’смяротны’, а таксама перс. merd ’тс’ (< ст.-перс. martiya ’чалавек’).

Мерзлата́ ’прамёрзлы стан глебы’ (ТСБМ). Як навуковы тэрмін узята з рус. мерзлота ’тс’. Да ме́рзнуць (гл.).

Ме́рзнуць ’адчуваць холад’, ’гінуць ад марозу’, ’рабіцца халодным, дубець’ (ТСБМ, Яруш., ТС, Сл. ПЗБ), мёрзлы ’зацвярдзелы, сапсаваны ад марозу’, ’вельмі халодны’ (ТСБМ). Укр. ме́рзнути, рус. мёрзнуть, ст.-рус. мьрзнути, польск. marznąć, каш. mʼařǫc, н.-луж. marznus, в.-луж. mjerznyc, чэш. mrznout, славац. mrznuť, славен. mŕzniti, серб.-харв. мр̏знути, макед. мрзне, балг. мръзна, ст.-слав. мръзнѫти. Прасл. mьrznǫti, якое з’яўляецца інхаатывам ад mьrzěti: ст.-бел. меръзки(й), меръзокъ (спачатку) ’халодны’, потым ’гадкі, агідны, брыдкі, непрыстойны’ (Булахаў, Гіст., 130–131), рус. мерзкий, серб.-харв. мр̏зак, чэш., славац. mrzký, mrziti і г. д., аснова якога з’яўляецца другой ступенню кораня morz‑ (гл. мароз). Зычны ‑z‑ у ёй узыходзіць да і.-е. *‑g̑‑ у аснове *merg̑‑, параўн. ірл. meirc ’згорнуты ў складкі’, с.-в.-ням. murc > новав.-ням. morsch ’гнілы, стары, трухлявы, паморхлы’ (Скок, 2, 472–3). Аб прагерм. marzjan — пранікненні з прасл. mьrzěti, morziti гл. Мартынаў (Лекс. взаим., 218–220). Гл. таксама мерзці.

Ме́рзці, ме́рзьці ’мерзнуць’ (Шат.) — другаснае ўтварэнне ад ме́рзнуць (гл.) па аналогіі да ўмерці, дзерці, адперці, жэрці — дзеясловаў з асновай на плаўную зычную.

Меркава́ць, міркава́ць, міркува́ць, міргова́ць, міргува́ць, мірґова́ць, мярґава́ць, пін. мэрґоваті, драг. мырґува́тэ ’думаць, разважаць, раіцца, абмяркоўваць, рабіць дапушчэнні’, ’мець намер’, ’рабіць заключэнне’, ’прыкідваць’, ’разлічваць, планаваць’, ’камбінаваць’, ’старацца ўхапіць што-небудзь’, ’патрапляць’, ’мірыць’ (ТСБМ, Грыг., Гарэц., Нас., Бяльк., Шат., Касп., Мядзв., ТС, Сл. Брэс., Сл. ПЗБ, Сцяц., свісл., Сцяшк. Сл.), ’меркавацца, разлічваць, прыстасоўвацца, ладзіць, дамаўляцца, дзяліцца’ (Нас., Юрч.; карэліц., Нар. лекс.; Сл. ПЗБ). Ст.-бел. мерковати, мярковати ’меркаваць’ (XVI ст.). Запазычаны са ст.-польск. miarkować ’мерыць, рэгуляваць’, ’стрымліваць, утаймоўваць’, ’параўноўваць’, miarkować się ’ладзіць, размяркоўвацца’, якое з с.-в.-ням. ці новав.-ням. merken ’разумець’, ’адзначаць’, ’браць пад увагу’, ’назначаць (бялізну)’, ’запамінаць’ (Булыка, Лекс. запазыч., 132; Кюнэ, Poln., 77).

Меркаце́ць ’мармытаць’ (Бяльк.), міркітаць ’тс’ (жлоб., Жыв. сл.), укр. миркота́ти, миркати, моркоті́ти, рус. моркота́ть, польск. morkotać ’тс’. Паўн.-слав. гукапераймальнае ўтварэнне mьrk‑/mъrk‑. Параўн. таксама меркітава́ць (гл. наступнае слова).

*Меркацыя, міркацыя ’меркаванне’ (Грыг.). Беларускае. Утворана пры дапамозе лац. суфікса ‑(а)цыя (пашыранага ў дыялектах, параўн. драг. страмо́цыя ’сорам’) ад мерка‑ваць (гл.).

Ме́ркнуць ’цямнець, паступова траціць яснасць’, ’слабець’ (ТСБМ, Яруш.). Укр. ме́ркнути, рус. ме́ркнуть, н.-луж. smerkaś, в.-луж. smjerkać, ст.-чэш. mrkati, mrknuti, чэш. smrknouti, славац. mrkať sa, mrknúť, славен. mŕkniti, mrkati, серб.-харв. мр̏кнути, макед. мркне се, балг. мръкне се, ст.-слав. мрькнѫти. Прасл. mьrknǫti (аснова merk‑/mork‑ > гл. марока). Самым блізкім і.-е. адпаведнікам будзе ст.-інд. вед. marka‑ ’зацьменне сонца’. Іншыя з асновай *merg‑ (ст.-ісл. myrkr, нарв. myrk, швед. märk, ст.-англ. mierce, ст.-сакс. mirki ’цёмны’, а таксама літ. mérkti ’міргаць, жмурыцца’, лат. mir̃klis ’погляд, імгненне’, гоц. maurgins ’ранак’, ст.-сакс. morgan ’тс’ (Махэк₂, 379; Фасмер, 2, 605; Скок, 2, 467–8; Бязлай, 2, 201). Куркіна (ОЛА, 1972, 215–218) гэту прасл. аснову перадае як mъrk‑, ставячы яе ў рад роднасных mъrg‑ і mъrd‑, якія развіліся з mъr‑ < і.-е. *mer‑.

Меркята́ць, меркета́ць, міркіта́ць ’знаходзіцца (пра авечку) у стане цечкі, паляваць’ (мазыр., З нар. сл.; слонім., Нар. словатв.), меркітаваць, міркітаваць, мяркітаваць ’тс’ (карэліц., Нар. сл.; Шат., Сл. ПЗБ), сюды ж меркятаць ’крычаць, як малы балотны бакас’ (Шат.), зах. і ц.-укр. палес. миркота́ти ’тс’, укр. мирко́ти ’пах авечак у час цечкі’; слав. адпаведнікі прасл. mъrkotajet () ’мяркоча’ зафіксаваны на карце АЛА у 2 нас. пунктах на поўначы ПНР, у макед., серб.-харв. і балг. гаворках; ст.-слав. мръкати Архаічнае гукапераймальнае ўтварэнне як тэрмін для абазначэння coitus авечак і коз (Скок, 2, 467; Бязлай, 2, 202). Сюды ж лун. мэркіцу́н ’маркач’ (Шатал.), мядз. мярката́ць ’бляяць’ (Сл. ПЗБ).

Ме́рлевіца ’старое рэчышча’ (вілен., Яшк.), укр. жытом. ме́рлевиця ’тс’. Да мерлы ’памершы’ < прасл. merti ’паміраць’. Параўн. таксама каш. mərləca, mərlovʼina ’дробная, нікудышняя салома’, mərləzna ’неўрадлівае поле’, mərləna ’нязжатыя мізэрныя збожжавыя’.