Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Кве́тнік ’газон, агародчык з кветкамі’ (ТСБМ, Сл. паўн.-зах., Яшк., Сцяшк.). Гл. квет.

Кве́цаць ’мазаць, брудзіць, пэцкаць’ (Пал., Ян., Шатал., Нар. словатв.). Гл. квэцаць.

Кве́цень1 (ж. р.) ’кветкі (зборнае)’ (ТСБМ). Гл. квет.

Кве́цень2 ’красавік’ (Нас., Сцяшк., Шатал.). Гл. квет. Бел. квецень памылкова разглядаецца як запазычанне з польск. kwiecień (Булыка, Запазыч., 145). У сапраўднасці гэта яшчэ праславянскае ўтварэнне: укр. квітень, рус. цветень, балг. цветен, серб.-харв. цветан, польск. kwiecień, чэш. květen, славац. kveteň. Суфіксальная дэрывацыя празрыстая: прасл. květ‑ьn‑jь. Прадуктыўны славянскі суфікс назоўнікаў ‑jь пашырае не менш прадуктыўны суфікс прыметнікаў ‑ьnъ. Назва месяца тады тлумачыцца як ’месяц цвіцення’ (Слаўскі, 3, 486; Краўчук УМШ, 1955, 3, 61; Шаур, Этимология–1971, 95).

Кві́га ’кукіш’ (Сл. паўн.-зах.). З польск. figa ’кукіш’ (там жа, 454): © > хв > кв (апошні пераход — характэрны ўплыў літоўскай фанетыкі).

Квік ’віск’ (Сл. паўн.-зах.). Паводле даных геаграфіі, раз глядзецца як пранікненне з польск. kwik ’віск свінні’ (там жа, 454), хаця слова яшчэ праславянскае: укр. квік ’віск парасяці’, серб.-харв. квиКу польск. kwik, славац. kvik ’тс’. Пытанне аб паходжанні рэгіянальнага беларускага слова цяжкае для вырашэння, паколькі ў гэтым выпадку маем справу з шырокараспаўсюджаным гукапераймальным утварэннем. Параўн. квакаць (гл.), квічаць (гл.).

Кві́каць ’крычаць (пра качаня)’ (ТС). Гл. квік.

Кві́лінне ’жаласныя крыкі птушак, звяроў’ (Гарэц.). Гл. цвяліць.

Кві́нта ў выразе павесіць нос на квінту (ТСБМ, Янк. БП). Зыходзячы з гісторыка-культурных меркаванняў, запазычанне з польск. kwinta (музычны тэрмін). Параўн. польск. spuścić nos na kwintę ў тым жа значэнні. Трэба адзначыць, што ў польскім выразе іншы дзеяслоў (спусціць), які звязвае метафарычнае значэнне з прамым, паколькі адно са значэнняў польск. kwinta ’найтанчэйшая струна ў скрыпцы’. Такім чынам, першаснае прамое значэнне ’спусціць струну’. Параўн. яшчэ spuścić kwintę z basu ’панізіць тон’ (Слаўскі, 3, 492).

Кві́ркаць ’пра першыя гукі дзіцяці пры нараджэнні’ (Нар. лекс.). Кантамінацыя квікаць (гл.) і буркаць (гл.).

Квірча́ць ’квакаць, квактаць, вішчаць, бурчаць’ (Сл. паўн.-зах.). Гл. квіркаць.