Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

Птах ’птушка (звычайна вялікая)’, ’птушка-самец’, ’птушкі; агульная назва дзікіх птушак’ (ТСБМ, Мік., Булг., Нас., Ласт., Байк. і Некр.; драг., З нар. сл.; стол., Нар. лекс.; Ян.; бяроз., ЛА, 1), пташ ’тс’ (Нас.), таксама пта́ха ’птушка; вялікая птушка’, ’птушкі; агульная назва дзікіх птушак’ (ТСБМ, Нас., Янк. 3., Мат. Гом.; маст., жабін., ЛА, 1), пта́шка ’птушка’ (Мат. Гом., ТС), ’дробная птушка; агульная назва дзікіх птушак’ (ТСБМ, ЛА, 1), пташʼё ’тс’ (дзятл., Сл. ПЗБ), пта́шы ’птушыны’ (Нас.). Ст.-бел. птахъ (1580, Карскі 2–3, 36). Укр. птах, пта́ха, пта́шка ’птушка’, рус. дыял. птах, пта́ха (птя́ха), пта́ша ’тс’. Вытворныя ад прасл. *pъta (гл. птушка) з рознымі агентыўна-пеяратыўнымі суфіксамі. Булыка (Запазыч., 270) ст.-бел. птахъ ’птушка’ лічыць запазычаннем з польск. ptach ’тс’, але шырокі дыяпазон вытворных з такімі суфіксамі ва ўсходнеславянскіх мовах паказвае, што птах магло ўтварыцца і на уласнай глебе. Німчук (Давньорус., 171) сцвярджае, што памяншальна-ласкальныя формы тыпу стараж.-рус. пътахъ, пътаха маюць яшчэ праславянскае паходжанне.

Пярха́ ’ношка на лапках пчалы’ (ЛА, 1), ’пылок (у кветках)’ (Ласт.), сюды ж пярхо́та ’перхаць’ (ЛА, 1). Апошняе не можа быць аддзелена ад пярхо́та ’сухі кашаль ад казытання ці раздражнення ў горле’ (Стан.), што да пе́рхаць ’пакашліваць’ (гл.). Той жа корань *pьrx‑ выступае і ў пе́рхаць ’дробныя лускавінкі ў валасах галавы’ (гл.), у семантыцы якіх аб’ядноўваюцца як сам выніковы працэс, так і тое, што яго выклікае. Параўн. таксама пярхля́к (пірхля́к) ’чалавек, які ўвесь час кашляе; фізічна слабы чалавек’ (Пан.; маладз., Янк. Мат.) і рус. дыял. перхля́к ’пухкі, падаючы снег’. Сюды ж пярха́ць ’кашляць’ (Юрч., Сл. ПЗБ, Жд.), параўн. укр. перха́ти ’тс’, рус. перха́ть ’пакашліваць’, польск. pierzchać ’сыпацца, лушчыцца (пра скуру)’ і пад., што, хутчэй за ўсё, маюць гукапераймальны (імітацыйны) характар, параўн. Фасмер, 3, 247. Да семантыкі параўн. польск. pierzch ’адлятаючы пыл’. Гл. таксама Банькоўскі, 2, 562; ЕСУМ, 4, 374; Траўтман, 206 (для славянскіх і балтыйскіх лексем прапануюцца тры агаласоўкі кораня *pьrx‑, *pъrx‑, *porx‑). Гл. пяршыць.

Пост ’устрыманне ад скаромнай ежы’, ’перыяд устрымання’ (ТСБМ, Шат., Сл. ПЗБ, Бяльк.), ’сама посная страва’ (Шат.). Параўн. укр. піст, рус. пост, польск. post, н.-луж. spót, в.-луж. póst, чэш. půst, славац. pôst, славен. pòst, серб. по̂ст, макед. пост, балг. пост, ст.-слав. постъ. Сюды ж по́снікаць, по́снікаваць, постува́ць ’тс’ (калін. Мат. Гом., ТС), по́стуваць, по́ставаць ’пасціць, пасціцца’ (Бяльк., Нас., Мат. Гом., Байк. і Некр., Ласт.), по́сціць ’тс’ (светлаг., хойн., Мат. Гом.), постава́нне ’нястачы’ (Юрч. СНЛ), по́стываць ’цярпець нястачы’ (Юрч. Вытв.), по́сны, пасны́ ’без мяса і малака; нятлусты’ (ТСБМ, Шат., Касп., Бяльк., Ян., ТС, Сл. Брэс.; воран., Сл. ПЗБ), ’цвярозы’ (карм., Мат. Гом.), ’худы’ (Ян.), ’неўрадлівы (пра глебу)’ (в.-дзвін., Сл. ПЗБ), по́сніна, по́сніца, пасната́ ’посная ежа’ (Шат., Касп.; брасл., Сл. ПЗБ; добр., Мат. Гом.). Старажытнае агульнаславянскае запазычанне са ст.-в.-ням. fasto ’пост’ (Міклашыч, 260; Фасмер, 3, 340–341; Шустар-Шэўц, 2, 1139), паводле іншых, *postъ < *postiti sę ’пасціцца’ < гоц. fastan або ст.-в.-ням. fasten ’тс’ (Махэк₂, 500–501), параўн. ням. fest ’стойкі, трывалы, трывушчы’. Банькоўскі (2, 716) следам за Ліндэ выводзіў з грэч. άπαστος ’галодны’.

Прыгаша́ць ’прыбіраць, прыгожа адзяваць’ (Ласт.). Да незафіксаванага о́шыць/*гашы́ць ’прыводзіць у належны стан; гатаваць, рыхтаваць і пад.’, параўн. ст.-рус. гоши(ти) ’рыхтавацца’ (берасцяная грамата XII ст., Зализняк, Древненовг., 318), гошити ’рабіць, рыхтаваць’ (наўг., Сразн., помнік XVI ст.), рус. смал., пск., наўг., цвяр., ярасл. гоши́ть ’гатаваць, рыхтаваць; збіраць у дарогу; назапашваць’, укр. закарп. гоши́ти, гоші́ти ’падпільноўваць каго-небудзь; што-небудзь вельмі любіць’, гоши́тися, гоші́тися ’гатавацца; узбуджацца’. Філін (Происх., 593) лічыў гошити старажытным паўночна-заходнім лексічным дыялектызмам, які быў вядомы і на крайнім паўднёвым захадзе. Звязваюць таксама з гоноши́ть ’нагрувашчваць, збіраць’, гоноши́ться ’рыхтавацца’ (так ЕСУМ, 1, 578), што не падаецца пэўным (параўн. у гэтым кантэксце прасл. *gonositi ў ЭССЯ, 7, 25–26). Этымалогія беспрэфіксальных форм няясная. Ва ўсякім выпадку, не мае рацыі апеляцыя да вельмі сумнеўнага о́ха ’харчовыя прыпасы’ (ЕСУМ, 1, 578). Параўн. рус. пск., цвяр. пригоша́ть, пригоши́ть ’гатаваць, рыхтаваць на запас’, пск. приго́ха ’страва; харчовыя прыпасы’. На семантыку наўг. приго́ха ’прыгожая дзяўчына, жанчына; прыгажуня’, як і бел. прыгашаць ’прыбіраць, прыгожа адзяваць’, паўплывала, безумоўна, семантыка лексем з коранем прыго́ж‑. Гл. Антропаў, Palaeoslavica, XII, 1, 2004, 141–142.

Пярсце́ц1 (пярсьце́ц) ’безыменны палец’ (Ласт., Стан.). Памянш. да *pьrstъ > (гл. пярсты), параўн. ст.-польск. pierściec ’палец’ у складзе батанічных назваў piącipierściec, pięćpierściec (1437 г.) ’дуброўка, Potentilla L.’ (*pьrst‑ьcь, гл. Банькоўскі, 2, 559), балг. пръсте́ц ’від грыбоў; узор на кажуху’ (ад пръст ’палец’) і пад.

Пярсце́ц2 (персце́ц) ’яма на тарфянішчы пасля пажару’ (ТС). Відаць, да прасл. *pьrstь ’попел, прах’, параўн. ст.-бел. персть ’зямля’, укр., рус. пе́рсть ’тс’, польск. pierść ’сухая сыпкая зямля, пыл’, чэш., славац. prsť ’зямля, верхні пласт глебы’, в.-луж. pjeršć ’тс’, славен. pȓst ’тс’, серб.-харв. пр̑ст ’тс’, балг. пръст ’выкапаная зямля; попел, пыл’, макед. прст ’зямля, пыл’, ст.-слав. прьсть, пръсть ’прах’, роднасныя літ. pir̃kšnys мн. л. ’жар, прысак’, лат. pìrkstis ’прысак’, ст.-інд. pŕ̥s̥an ’плямісты, стракаты’, ст.-ісл. fors ’вадапад’ (Фасмер, 3, 245; Шустар-Шэўц, 2, 1082; БЕР, 5, 829; Скок, 3, 57; Сной₂, 589; ЕСУМ, 4, 355). Да семантыкі параўн. балг. пръ́стник ’заглыбленне, яма’, пръстница ’месца, дзе капаюць гліну’ і пад.; тапонім польск. Pierściec (1550 г.) у Сілезіі (Банькоўскі, 2, 559). Матывацыйна звязана з порах, перхаць (гл.).

П’я́ніца1 ’аматар выпіць, алкаголік’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ, ТС, Бяльк.), пʼяні́ца (пьяни́ца) ’тс’ (Нас.); параўн. рус. пья́ница, польск. pijanica, серб.-харв. пѝјаница, балг. пия́ница, ст.-слав. пѩница, пьѣнница. Прасл. *pьjanica, *pijanica, вытворнае ад *pijanъ(jь) (БЕР, 5, 285), гл. п’яны.

П’я́ніца2 ’спарыння’: пʼя́ніца ў ячмені, у пшаніцы (віл., Сл. ПЗБ). Да п’я́ны (гл.), у тым ліку са значэннем ’адурманьваючы’, параўн. славен. pijan ’тс’; вырабы з мукі, змолатай са збожжа, заражонага спарыннёй, маюць ап’яняючы эфект, параўн. балг. пия́но жи́то ’спарыння’.

П’я́ніца3 ’расходнік, Sedum L.’ (Кіс.). Да п’яны (гл.); паводле Ластоўскага, расліну Sedum acre ’расходнік едкі’ “ужываюць з гарэлкай ад болі жывата” (Ласт., 799); параўн. фармальна блізкае балг. пияница ’расліна Lolium temulentum’, у аснове назвы прызнак ’адурманьваючы’, як і ў серб.-харв. пијана трава ’тс’, ням. Schwindelkorn ’тс’ і пад.

П’яні́ца ’сіло’: зрабіў пʼяні́цу і пыставіў на сініц (в.-дзв., Шатал.). Да пяць, пну ’распінаць, напінаць, нацягваць’; параўн. рус. дыял. пень ’вяроўка’, што дае падставы для рэканструкцыі прасл. *pьnь ’вяроўка’, параўн. лат. pīne, matu pīne ’каса (валасоў)’ (Мяркулава, Этим. иссл., 6, 16–17).

Прыро́да ’рэальнасць, існасць, не створаная чалавекам’, ’прыродныя асаблівасці’, ’натура, характар’; ’мясцовасць па-за горадам’, ’паходжанне; спадчыннасць’ (ТСБМ, Нас., Ласт., Бяльк., ТС, Жд., Нар. лекс., Сл. ПЗБ), ’род, кроўная радня’ (ТС), зборн. прыро́ддзе ’парода, род’ (Жыв. сл.). Укр. приро́да, рус. приро́да, польск. przyroda, в.-луж. přiroda, н.-луж. pśiroda, чэш. přiroda (ужо ст.-чэш.), славац. príroda, серб.-харв. при́рода, славен. priroda, балг. при́рода, макед. природа. Аддзеяслоўны назоўнік ад прырадзі́ць < радзіць (гл.), параўн. прыраджэ́нне ’ўласцівае ад нараджэння; натура’ (Нас.). Паводле Махэка₂ (494) першапачаткова тое, што ўрадзілася ў гэтым годзе, прырост збожжа, жывёлы (гл. прыро́д). Даволі позна фіксуецца ў славянскіх мовах: у чэшскай мове вядома з XIV ст. побач з přirozenie і přirozenost (гл. Андзел, Зб. Крапіве, 37); у польскай з XIX ст. у якасці заменніка przyrodzenie (Банькоўскі, 2, 948); у рускай мове слова ўпершыню адзначаецца ў 1704 г. Гэта дазваляе паставіць пытанне аб калькаванні лац. nature ’прырода’ < лац. nasci (дзеепрым. natus) ’нарадзіцца’, прынамсі, у першым значэнні, першапачаткова кніжнымі ўтварэннямі, параўн. ст.-бел. прироженье, пасля збліжанымі з народнымі тэрмінамі тыпу ст.-бел. природокъ ’прыплод’ і назоўнікамі ўро́да, врода ’ўрадлівасць’. Праславянскі характар слова дапушчальны (параўн. Сной₂, 578: *priroda ’ўсё, што нараджаецца, расце, множыцца’), аднак семантыка застаецца да канца нявысветленай (параўн. Німчук, Давньорус., 14).

Прышч1 ’гнайнічок на скуры’ (ТСБМ, Шпіл., Бес., Ласт., Сл. ПЗБ, ТС), пры́шча, пры́шчва́, прышча́й, прышча́йка, прышчэ́йка (Жыв. сл., Сл. ПЗБ), пры́шчаўка, пры́шчолка ’прышчык’ (Сцяшк., Сл. ПЗБ, ЛА, 3), пры́шчынка ’балячка’ (чэрв., Нар. лекс.), прэ́шч ’прышч’ (астрав., Сл. ПЗБ). Укр. прищ ’тс’, рус. прыщ, ст.-рус. прыщь, ц.-слав. прыштъ ’тс’, польск. pryszcz ’пухір’, в.-луж. pryskel ’мазоль, набой’, н.-луж. pšuskel ’тс’, чэш. pryskýř ’пухір’, славац. prýšť ’высыпка’, серб.-харв. при̑шт ’нарыў, скула’, славен. príšč ’пухір’, балг. прищ ’пухір’, приш ’прышч’, макед. пришт ’прышч, скула’. Вытворнае ад *pryskati (гл. пры́скаць) < *prysk‑jь > *pryščь (больш падрабязна гл. Мяркулава, Этимология–1970, 148 і наст.). Гл. таксама Праабражэнскі, 2, 140; Фасмер, 3, 392; Брукнер, 440; Шустар-Шэўц, 2, 1164; Банькоўскі, 2, 807; БЕР, 5, 525, 746; ЕСУМ, 4, 585. Непераканаўча ад *pluskati выводзіць Махэк₂ (489).

Прышч2 ’прыцярушанае мукой прэснае цеста, якое запякаецца ў прыску’ (тураў., Малч.). Укр. прищ ’гатунак пячэння’. Этымалагічна тое ж, што і прышч1, ад прыск, прысак, пры́шчыць (гл.). Паводле ЕСУМ (4, 585), украінскае слова запазычана з польск. pryszcz ’печыва з грэцкай мукі, якое гарачым мачаюць у растопленым масле’, што ад pryszczeć ’трашчаць, сычэць (на агні)’, што не выключае народнаэтымалагічнас асэнсаванне.

Пяхо́та: на пяхо́ту ’пехатой, пешшу’ (Цых.), ’род войска’ (ТСБМ, Ласт.), пях́отай ’пешшу’ (валож., Жыв. сл.), пяхо́там ’тс’ (Жд.), пехото́м ’тс’ (ПСл), пяхто́м ’тс’ (Сцяшк. Сл.), укр. піхо́та ’пяхота’, рус. пехо́та ’тс’, польск. piechota ’хаджэнне пешкі; пешае войска’, чэш. pěchota ’пешае войска’. Прасл. дыял. *pěxota, вытворнае ад *pěxъ ’пешы’ (Фасмер, 3, 254), гл. пехата. Відаць, не можа разглядацца асобна ад славен. pehóta ’стома’, якое Бязлай (3, 21) параўноўвае з харв. дыял. pijèhati ’дыхаць, храпці’. Тады, відаць, першапачаткова гукапераймальнае, параўн. чэш. pěch ’трамбоўка’, pěchovati ’трамбаваць, піхаць’. Банькоўскі (2, 546) прапануе выводзіць з *pěxъ ’павольнае і мернае апусканне таўкача ў ступе’, што адлюстравалася ў пех ’чалавек, якога трэба папіхаць да справы’ (Нас.), чэш. pěchem ’паволі’, балг. пех ’марудны, цяжкі’ і звязана з пхаць, піхаць (гл.). Па семантычных і фармальных прыкметах цяжка выводзіць з і.-е. *pēd‑s, параўн. і.-е. *pēd‑ ’нага, ступак’, параўн. Махэк₂, 446; Варбат, Этимология–1971, 18. Гл. таксама пешы (ш < х, параўн. пе́хам ’пешкі’, гл.). У значэнні ’род войска’ запазычана праз польскую з чэш. pěchota або непасрэдна з рус. пехо́та, што замянілі ў XVIII ст. германізм інфантэрыяісп. infantería, ад infante ’хлопец, пахолак, які пешкі суправаджаў рыцара на кані’).

Пра́вы ’супрацьлеглы леваму; справядлівы, праўдзівы; невінаваты, маючы рацыю’ (ТСБМ, Ласт.), ’роўны’ (пін., Сл. ПЗБ), пра́ву ’прамы’ (ТС), ст.-бел. правы ’правы, неілжывы, невінаваты’ (Стан.), укр. пра́вий ’тс’, рус. пра́вый ’тс’, польск. prawy ’тс’, чэш., славац. pravý, в.-луж. prawy, н.-луж. pšawy ’тс’, славен. pravi ’правы, прамы; правільны’, серб.-харв. пра̏в, prȃvi ’прамы; невінаваты; правільны’, балг., макед. прав ’прамы, справядлівы, сапраўдны’, ст.-слав. правъ ’прамы; правільны, справядлівы’. Прасл. *pravъ(jь) звязваюць з *pьrvъ (гл. першы) і значэннем ’які стаіць наперадзе, першы’, корань той жа, што і ў *per (гл. перад) (Бязлай, 3, 105; Сной₂, 559); іншыя збліжэнні: лац. probus ’добры, сумленны, прыстойны’ (< *prō‑, гл. пра-), ст.-інд. prabhúh̥ ’выдатны; хто перавышае іншых’, ст.-англ. fram ’моцны, дзейны, смелы’, ст.-ісл. ’той, што стаіць наперадзе; хто імкнецца наперад’ (гл. Фасмер, 3, 352; ЕСУМ, 4, 551; БЕР, 5, 581). Паводле Мартынава (Балто-слав.-итал. изогл., 15–16; Язык, 61–62), роднаснае лац. pravus ’крывы, разбэшчаны, злавесны’, змяніўшаму значэнне ’прамы, спрыяльны’ на супрацьлеглае ў выніку семантычнай перабудовы. Першаснае значэнне ’прамы, просты’ лепш захавалася ў паўднёваславянскім арэале, аднак вядома і на іншых тэрыторыях, параўн. пра́ва ’прама’ (калінк., З нар. сл.). Згодна з Німчуком (Давньорус., 46), пераход ’прамы’ > ’правы’ звязаны са становішчам рук пры паказванні (“една випрямлена — prava, друга ненапружена — lěva”).