Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Галамя́ ’галышом’ (Сцяшк. МГ). Па сваёй марфалагічнай структуры, здаецца, мае дакладную адпаведнасць, напр., у рус. дыял. голомя́ ’басанож’ (СРНГ, 6, 323). Паводле словаўтварэння, гэты тып слоў можа адносіцца да вельмі старажытнай марфалагічнай структуры (ці не звязваецца з вытворнымі з архаічным суфіксам *‑men?).

Гала́ндка. Гл. гала́нка.

Гала́нка ’парода кароў, курэй’ (БРС). Параўн. рус. гола́нка, гала́нка, якое азначае ’галандскую гародніну’, а таксама ’пароду курэй, кароў, гатунак селядца і г. д.’ З гала́ндка < гол(л)андка; ад назвы краіны. Сюды ж і гала́ндка ’грубка’ (Сцяшк. МГ), рус. гала́нка ’тс’. Назва ўзнікла на базе словазлучэння тыпу голландская печь з дапамогай суфікса ‑к(а). Гл. Фасмер, 1, 385; Шанскі, 1, Г, 118. Прынамсі, для назвы ’грубкі’ крыніцай бел. слова з’яўляецца, магчыма, рус. назва.

Галантарэ́я (БРС), рус. галантере́я. Запазычанне з зах.-еўрап. моў (хутчэй за ўсё з ням.): ням. Galanterie ’тс’ < франц. galantérie ’галантнасць, ветлівасць’. Гл. Фасмер, 1, 385; Шанскі, 1, Г, 13. Націск у слове сведчыць супраць версіі аб польскім (galanteria) пасрэдніцтве пры запазычанні. Бел., як і ўкр., слова ўзята непасрэдна з рус. мовы.

Гала́нтны (БРС). Рус. гала́нтный, укр. гала́нтний. Бел. і ўкр. словы запазычаны непасрэдна з рус. мовы. Рус. гала́нтный узята з франц. galant ’ветлівы, галантны’ або ням. galant (< франц.). Падрабязна аб гісторыі запазычання ў рус. мове гл. Фасмер, 1, 385; Шанскі, 1, Г, 13–14.

Галапу́н ’певень’ (Жд. 2). Няяснае слова. Нічога падобнага не знаходзіцца ні ў іншых дыялектах, ні ў суседніх мовах. Можна меркаваць, што гэта нейкае мясцовае новаўтварэнне. Кантэкст у слоўніку, дзе зафіксавана гэта слова, такі: «Галапун гэты чырвоны, толькі і грабецца ў гародзе». Мяркуем, што гэта жартоўная назва, дакладней, сапсаванае слова *калупу́н (ад калупаць; параўн.: «…толькі і грабецца ў гародзе») з азванчэннем пачатковага к > г і пераходам ненаціскнога у > а.

Га́лас ’крык, шум, бойка і да т. п.’ (БРС, Нас., Шат.), таксама гала́с (Нас., Сцяшк. МГ). Шатэрнік выводзіў гэта слова з польск. hałas, але апошняе само запазычана (h‑) з усх.-слав. (бел., укр.) моў (гл. Слаўскі, 1, 397, які, праўда, услед за іншымі даследчыкамі лічыць, што польск. слова ўзята з укр. мовы). Этымалогія ўсх.-слав. слова няпэўная. Магчыма, гэта гукапераймальнае ўтварэнне (ад выклічніка hala!). Іншыя шматлікія версіі (агляд іх гл. у Слаўскага, 1, 397–398) пераконваюць менш. З га́ла́с звязана бел. дыял. галасава́ць ’гучна крычаць’ (Шатал.); параўн. і ўкр. галасува́ти ’тс’.

Галасава́ць1 (на выбарах) (БРС). Рус. голосова́ть, укр. голосува́ти. Паводле Шанскага (1, Г, 121), з’яўляецца ўласна рус. словам (зафіксавана з 1863 г.). Як мяркуе Шанскі (там жа), паралельныя ўтварэнні ў іншых слав. мовах, магчыма, узніклі па рускай мадэлі.

Галасава́ць2 ’гучна крычаць’ (Шатал.). Да галас ’крык, шум, бойка і да т. п.’ (гл). Невядома, аднак, дакладна, ці галасава́ць ад га́ла́с, ці га́ла́с ад галасава́ць?

Галасі́ць ’галасіць’ (БРС, Касп., Шат., Нас.), рус. голоси́ть, укр. голоси́ти. З рознымі значэннямі, якія ўваходзяць у кола семантыкі зыходнага *golsъ ’голас’, сюды адносяцца польск. głosić, чэш. hlásiti, серб.-харв. гла́сити, царк.-слав. гласити. Звязана з *golsъ ’голас’ (гл.). Слаўскі, 1, 292.

Галасні́к ’грыф (у скрыпцы)’ (Шат.). Параўн. укр. голосни́к ’адтуліна ў сярэдзіне дэкі бандуры, гітары і г. д.’ (Грынч.). Ці не запазычанне гэта з польск. głośnik?