Галапу́н ’певень’ (Жд. 2). Няяснае слова. Нічога падобнага не знаходзіцца ні ў іншых дыялектах, ні ў суседніх мовах. Можна меркаваць, што гэта нейкае мясцовае новаўтварэнне. Кантэкст у слоўніку, дзе зафіксавана гэта слова, такі: «Галапун гэты чырвоны, толькі і грабецца ў гародзе». Мяркуем, што гэта жартоўная назва, дакладней, сапсаванае слова *калупу́н (ад калупаць; параўн.: «…толькі і грабецца ў гародзе») з азванчэннем пачатковага к > г і пераходам ненаціскнога у > а.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)