Калупа́ць ’падчэпліваючы чым-н. вострым, аддзяляць, абдзіраць што-н.; рабіць у чым-н. паглыбленне’, ’капаць, ускопваць’, ’капацца, корпацца ў чым-н., дастаючы адтуль што-н.’ (БРС, ТСБМ, Бяльк., Касп.; бешан., Нар. сл.; Радч.; Сержп.; Федар. Рук.; Шат.), укр. колупати, рус. колупать ’тс’. Трубачоў (Эт. сл., 10, 160) на падставе польск. дыял. kolupać і ўсх.-слав. лексем дапускае рэканструкцыю прасл. kolupati. Верагоднасць такога рашэння нязначная, паколькі статус польск. слова няясны. Карловіч памячае яго як запазычанне з фіксацыяй у мове палякаў на перыферыі (за межамі моўнай тэрыторыі). Слаўскі гэту лексему не разглядае. Большую цікавасць выклікае польск. дыял. klupać ’калупаць’, асабліва ў сувязі з бел. клупаць і рус. клупать, аднак статус польск. слова няясны. Не вельмі ясны і статус дыялектных значэнняў; не выключана, што яны ў большасці другасныя. Асноўныя факты былі вядомыя этымолагам вельмі даўно і першыя спробы этымалогіі (Міклашыч, Мацэнаўэр і інш.) пакуль што не знайшлі альтэрнатывы. Трубачоў (там жа) лічыць, спасылаючыся на Фасмера, 2, 298, што слова ўтворана складаннем прэфікса ‑ko і дзеяслова *lupati. Сабалеўскі (Slavia, 5, 444) меркаваў аб гаплалогіі з кололупати, аднак з гэтым нельга нагадзіцца і з пункту погляду фармальнага і семантычнага крытэрыю. Паколькі папулярная ў апошні час думка адносна вялікай архаічнасці падобных прэфіксаў надзейна не пацвярджаецца, фактычна няма прычын лічыць разглядаемае слова праславянскім.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)